«Лічу некампетэнтным мяне абараняць». Латушка публічна адмовіўся ад прызначанага яму адваката

Павел Латушка адмовіўся ад адваката, якога яму назначыў орган крымінальнага пераследу па «спецвытворчасці» і заявіў, што яго папросту хочуць асудзіць, пішуць праваабаронцы.

 Фота AP nuotr

 Фота AP nuotr

Павел Латушка напісаў, што ўчора Дзмітрый Гара даваў Лукашэнку справаздачу аб тым, як працуе прававое «ноу-хау» яго ведамства — завочнае справаводства па «беглых, якія хаваюцца за мяжой». Следчы камітэт «гэтую працэдуру, якая парушае ўсё, што толькі можна, называе «спецыяльным справаводствам», адзначае Латушка.

Наконт назначанага яму адваката Павел Латушка заявіў:

«Чалавека я гэтага не бачыў і не чуў, пра існаванне яго даведаўся са СМІ. Са мной ён ні разу не звязваўся, пра сябе не заяўляў, хаця ў судзе вядомы мае кантакты.

Калі са мной «следчы» Гара мае зносіны праз СМІ, то публічна хачу заявіць, што адваката гэтага лічу некампетэнтным мяне «абараняць» і прашу адхіліць на падставе артыкула 47 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ («Падазраваны або абвінавачаны мае права адмовіцца ад абаронцы ў любы момант вытворчасці па матэрыялах або крымінальнай справе»).

Новага «абаронцу», зрэшты, прасіць сэнсу няма: самазабойцаў, мяркую, не знойдзецца, ды і самому падстаўляць калег-юрыстаў не хацелася б», — напісаў Павел Латушка ў тэлеграм-канале.

Нагадаем, учора старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара паведаміў дзяржаўным СМІ, што крымінальная справа супраць Ціханоўскай і Латушкі хутка можа быць перададзена ў пракуратуру для накіравання ў «завочны» суд. Нібыта іх адвакаты ўжо знаёмяцца з яе матэрыяламі. Адметна, што «абаронцаў» у судах па спецыяльнай вытворчасці назначае орган крымінальнага пераследу.

Юрыст «В*сны» пракаментаваў гэта так: «Спустошваецца нават фармальны сэнс права на абарону».

Юрыст адзначае:

— Тут спустошваецца нават фармальны сэнс права на абарону, паколькі чалавек пазбаўляецца выбару абаронцы, яго «назначае» орган крымінальнага пераследу. У такой сітуацыі абвінавачаны не кантактуе са сваім абаронцам, што ў сітуацыі знаходжання абвінавачанага за мяжой дэвальвуе права чалавека ведаць, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць.

А нават калі чалавек у эміграцыі па прэс-рэлізах праваахоўных органаў і паведамленнях у тэлеграм-каналах, афіляваных з сілавікамі, і ведае, якія дзеянні яму ставяцца ў віну, з назначаным абаронцам ён наўрад ці зможа ўзгадніць прававую пазіцыю па справе.

Гэта пры тым, што сама працэдура спецыяльнай вытворчасці, па словах афіцыйных асоб, неабходная для «адціскання» актываў (унутры краіны) тых, хто знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці афіцыйнага Мінска.