Люстрацыя для Беларусі. Пераход ад аўтарытарызму да дэмакратыі

Люстрацыя – крок на шляху грамадскага пакаяння, працэс цывілізаванага развітання з мінулым, а не помсты, абарончы, але не карны захад дзяржавы дзеля гарантыяў яе будучыні, незалежнасці Беларусі, палітычнай, грамадскай і сацыяльнай справядлівасці.



lustration.jpg

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі канферэнцыі “Люстрацыя для Беларусі”, што была арганізаваная аднайменнай грамадзянскай ініцыятывай і адбылася 18 траўня ў Мінску.  У канферэнцыі, што падсумавала вынік працы грамадзянскай ініцыятывы за апошнія тры гады, прынялі ўдзел палітыкі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, юрысты і журналісты. , Яны разгледзелі праект канцэпцыі люстрацыі для Беларусі, што з’яўляецца грунтам для прыняцця адпаведных законаў у пераходны перыяд ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Для распаўсюду ў грамадстве ідэі люстрацыі вырашана падрыхтаваць брашуру з тэкстам канцэпцыі і экспертнымі каментарамі спецыялістаў у розных галінах.
Як адзначыў культуролаг і грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка, праект люстрацыі падрыхтаваны як на грунце вопыту іншых постсавецкіх краінаў, у тым ліку і Украіны, так і з улікам нацыянальных асаблівасцяў Беларусі. Гаворка ідзе пра тое, што працэс люстрацыі павінен дапамагчы краіне запабегчы рэстаўрацыі дыктатарскіх рэжымаў, абараніць суверэнітэт Беларусі, маральна ачысціць грамадства, узнавіць у ім прынцып вяршэнства закону і гістарычную справядлівасць.
Прычым працэс праверкі і абмежавання ў правах адпаведных асобаў павінен суправаджацца шырокім інфармаваннем грамадства аб парушэннях правоў грамадзянаў і законнасці ў перыяд дыктатуры, апавяшчэннем звестак пра асобы, адказныя за сур’ёзныя злачынствы, здзейсненыя “ад імя” ці “ува імя” дзяржавы, ушанаваннем памяці ахвяраў, амністыяй усіх незаконна асуджаных і справядлівай кампенсацыяй пацярпелым альбо іх родным, а таксама вызваленнем грамадства ад прапагандысцкіх штампаў і фальсіфікацый гістарычных канцэпцый, абнаўленнем адукацыйных праграмаў усіх узроўняў.
Разам з тым, эфектыўная люстрацыя будзе немажлівай без правядзення тэрміновых палітычных рэформаў, у тым ліку канстытуцыйнай, органаў бяспекі, юстыцыі і судовай сістэмы.
Аўтары праекту канцэпцыі лічаць, што масавыя парушэнні правоў чалавека мелі месца ў Беларусі ў два перыяды: савецкі таталітарны (у часы БССР з 1 студзеня 1919 году па 27 чэрвеня 1990 году) і аўтарытарны (у часы незалежнай Рэспублікі Беларусь з завяршэння рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, згодна з якім новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь давала прэзідэнту практычна неабмежаваную ўладу). Сярод найбольш важных формаў парушэння правоў чалавека, што ў гэты перыяд ажыццяўляліся на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, у праект канцэпцыі ўключаны масавыя фальсіфікацыі пры правядзенні выбараў усіх узроўняў і рэферэндумаў, абмежаванні свабоды слова і атрымання інфармацыі, а таксама іншых асноўных свабодаў грамадзянаў, гвалтоўныя разгоны мірных дэманстрацый і мітынгаў грамадзянаў, судовыя расправы з іншадумцамі, грамадскімі і палітычнымі актывістамі, прэвентыўныя арышты і затрыманні, выкраданні і “знікненні” палітычных апанентаў улады, катаванні і запужванні, ціск на працоўных праз сістэму кантрактаў, падпарадкаванне прафсаюзаў дзяржаве і дыскрэдытацыя незалежных прафсаюзаў, ціск на прадпрымальнікаў, абмежаванне правоў навучэнцаў і акадэмічных вольнасцяў, а таксама паўсюдная карупцыя.
Праект канцэпцыі ўтрымлівае спіс пасадаў і відаў дзейнасці, адпавядаючых крытэрам люстрацыі, а таксама спіс пасадаў і відаў дзейнасці, на што павінна распаўсюджвацца дзеянне люстрацыі і прэтэндэнты на якія абавязаны прайсці працэдуру люстрацыі. Да крытэраў люстрацыі таксама аднесеныя добраахвотны ўдзел ў дзеяннях па парушэнню правоў грамадзянаў і законнасці, адпаведныя парушэнні нормаў прафесійнай этыкі (для суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў МУС і г. д.), нанясенне шкоды дзяржаўнай эканоміцы, суверэнітэту, культурнай спадчыне і прыродным рэсурсам, незаконнасць грашовых зберажэнняў і прыдбанай маёмасці.
Зыходзячы з міжнароднага вопыту, для правядзення люстрацыі неабходна стварыць адпаведныя аўтарытэтныя і незалежныя органы, у тым ліку Нацыянальны камітэт па люстрацыі (НКЛ), які падсправаздачны толькі прэзідэнту і парламенту, Грамадскую раду НКЛ і Люстрацыйны суд. У дакуменце прапісаныя працэдура люстрацыі, тэрміны яе правядзення (10 гадоў) і дзеяння (10 гадоў абмежавання ў правах адпаведных асобаў), а таксама палажэнні пра рэабілітацыю ахвяраў дыктатарскіх рэжымаў і пра Інстытут нацыянальнай памяці, як крыніцу матэрыялаў для правядзення люстрацыі.
Апроч таго, у канцэпцыі закладзены прапановы па праекту Акту асуджэння таталітарызму і аўтарытарызму ў Беларусі, прыняцце якога на дзяржаўным узроўні дазволіць не толькі перайсці да працэсу люстрацыі, але і забяспечыць яго грамадскую падтрымку.
На думку мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, пачатак парушэння канстытуцыйнай законнасці ў найноўшай гісторыі Беларусі звязаны з рэферэндумам 14 мая 1995 году, які паслужыў кіраўніку дзяржавы падставай для звужэння, а потым і знішчэння самастойнасці заканадаўчай улады, для падпарадкавання эканомікі і знешняй палітыкі Беларусі інтарэсам Расіі, для наступу на нацыянальна-культурныя каштоўнасці беларускага народу. Рэферэндум у цэлым забаранялася праводзіць у апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету (арт.148 Канстытуцыі), два ягоныя пытанні (аб дзяржаўным статусе рускай мовы і аб вяртанні савецкай сімволікі) не маглі выносіцца на рэферэндум як пытанні, што “парушаюць неад’емнае права народа Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы” (арт.3 “Закону аб усенародным галасаваннні (рэферэндуме)”, зазначыў спадар Вінцук.
Ён нагадаў, што калі парламентарыі ад фракцыі БНФ у знак пратэсту супраць антыканстытуцыйнага рэферэндуму абвесцілі галадоўку ў зале паседжанняў Вярхоўнага Савета, у ноч на 12 красавіка 1995 году на загад кіраўніка дзяржавы ў залю былі ўведзеныя ўзброеныя фармаванні, а законныя прадстаўнікі народу былі жорстка збітыя і выкінутыя на вуліцу. На меркаванне Вінцука Вячоркі, менавіта гэтае злачынства трэба лічыць пачаткам узурпацыі ўлады ў дзяржаве адной асобай. Вось чаму спадар Вінцук прапанаваў пачынаць другі перыяд для правядзення люстрацыі не з 24 лістапада 1996 году, а з 12 красавіка 1995 году.
Вінцук Вячорка прапанаваў змяніць пачатак і першага перыяду для правядзення люстрацыі: з 1 студзеня 1919 году на 17 лістапада 1918 году, калі Беларусь трапіла пад расійска-савецкую акупацыю. “Менавіта ў гэты дзень Пскоўская дывізія Чырвонай Арміі, сумна вядомая ўдзелам ва усіх імперскіх войнах Расіі апошніх гадоў, у тым ліку і на Данбасе, напала на Беларусь і разбурыла шансы беларусаў на пабудову сваёй незалежнай дэмакратычнай міжваеннай дзяржаўнасці ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля гэтых падзей бальшавікамі была створаная марыянеткавая псеўдадзяржава БССР, што выконвала загады Крамля. Вось чаму Беларусь ёсць спадкаемцай БНР, а не Савецкага Саюзу”, -- заўважыў Вінцук Вячорка.
Ён звярнуў увагу і на тое, што заўсёды ў любым рэжыме былі людзі, якія спрыялі адраджэнню гістарычнай памяці, зберажэнню, па меры магчымасці, эканамічнага суверэнітэту Беларусі і аказвалі паслугі дэмакратычным сілам. І ўсе гэта павінна прымацца пад увагу ў індывідуальным парадку падчас правядзення люстрацыі, -- адзначыў Вінцук Вячорка.
Апроч таго, на канферэнцыі зазначалася, што працэс падрыхтоўкі і правядзення люстрацыі з’яўляецца чарговым крокам на шляху грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел людзей у злачынствах дыктатарскіх рэжымаў, а таксама за тое, што кожны з нас мог зрабіць, але не зрабіў дзеля вяртання беларусаў да агульначалавечых маральных каштоўнасцяў. Разам з тым, на канферэнцыі падкрэслівалася, што люстрацыя можа стаць рэальнай справай толькі пры наяўнасці адпаведных моцных грамадскіх структураў, сябры якіх будуць аб’яднаныя пачуццём адказнасці за лёс Бацькаўшчыны.