Лукашэнка: Грамадзянскія войны і міжнацыянальныя канфлікты не павінны пераступіць мяжу Беларусі

Сучасны свет імкліва мяняецца, становячыся ўсё менш бяспечным для жыцця людзей, а шэраг дзяржаў пагрузіліся ў бяздонне грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў. І гэтыя з'явы ўжо шчыльна падышлі да межаў Беларусі. Гэтыя негатыўныя з'явы не павінны пераступіць іх, заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка на сустрэчы з кіруючым складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС і курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.



lukashenka101.jpg

Паводле яго слоў, фактычна зонай баявых дзеянняў з'яўляюцца Блізкі Усход, Паўночная і Цэнтральная Афрыка, многія еўрапейскія краіны сталі аб'ектамі тэрарыстычных атак, а розныя каляровыя рэвалюцыі маюць на мэце дэстабілізаваць не толькі асобныя дзяржавы, але і цэлыя рэгіёны.
"Сёння ёсць надзея, што сусветная супольнасць на аснове мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу прыкладзе намаганні для спынення братазабойчай вайны. Гэта трэба ў першую чаргу ўкраінскаму народу, гэта трэба Еўрапейскаму саюзу, і Беларусі, і Расіі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"У нашай краіне, на шчасце, захаваны мір і згода, няма канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе. Беларускі народ за сваю гісторыю спаўна пазнаў трагедыю войнаў, што прайшлі па нашай зямлі. І мы нікому не жадаем адчуць жахі ваеннага часу", — адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён заявіў: "Я ўжо неаднаразова гаварыў, але лічу неабходным яшчэ раз падкрэсліць: ніякім "плошчам" у Беларусі не бываць. Правапарадак, як і сваю краіну, мы павінны поўнасцю захаваць".
Прэзідэнт адзначыў, што ў сучасных умовах існуе пагроза экспарту ў Беларусь нацыяналістычных і радыкальных ідэй і дактрын. "У гэтых умовах пры захаванні і ўзмацненні рэальных і патэнцыяльных пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі мы павінны прымаць усе меры, каб забяспечыць сваю незалежнасць і сваю дастойную будучыню, — заявіў Лукашэнка. — Менавіта гэта настойліва патрабуе падтрымання на высокім узроўні абароназдольнасці краіны, абароны яе тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу. Сілавыя структуры з'яўляюцца важным фактарам нашай нацыянальнай бяспекі, міру і спакою ў дзяржаве. Таму мы надаем асаблівую ўвагу цяперашняму стану і перспектывам развіцця ўсяго нашага сілавога блока".
Паводле БелаПАН