Лукашэнка назваў «Гарызонт» альтэрнатывай ПВТ. Цапкала: гэта як сказаць, што «Гарызонт» — альтэрнатыва Microsoft

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння «Гарызонт», выказаўся аб інавацыйным цэнтры холдынгу. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Лукашэнка пазітыўна ацаніў з’яўленне на «Гарызонце» інавацыйнага цэнтру, дзе працуюць у тым ліку IT-спецыялісты, распрацоўнікі, якія «ствараюць уласную прадукцыю, робячы «Гарызонт» сучаснай прадуктовай кампаніяй».

Паводле яго, апошнім часам у сферы IT-тэхналогіяў акрамя Парку высокіх тэхналогіяў зʼявіліся і іншыя цэнтры кампетэнцыяў, што стварае добрыя ўмовы для здаровай канкурэнцыі. Лукашэнка адзначыў, што цэлы пласт маладых, перспектыўных спецыялістаў у IT зʼявіўся і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і на вытворчых прадпрыемствах.

«Патрэбная была ў краіне альтэрнатыва, і вы зʼяўляецеся добрай альтэрнатывай», — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што не мае намеру прадаваць прадпрыемства. «Я наадварот лічу, што трэба развівацца, пашыраць вытворчасць. Таму што ў цяжкія часы прыватнік: «А, прыбытак там слабенькі, кінем яго». Людзі — на вуліцы. Калі дзяржава за спінай стаіць, тады ёсць нейкае развіццё», — сказаў ён.

Між тым у лютым 2020 года Дзяржкамітэт маёмасці (ДКМ) Беларусі абвясціў аб продажы на аўкцыёнах і конкурсах дзяржаўных акцыяў трынаццаці ААТ. Сярод прадпрыемстваў, уключаных у пералік прыватызацыі ў 2020 годзе, быў і «Гарызонт».

«Гэта звычайная адвёртачная зборка»

Сваёй заявай пра «Гарызонт» як альтэрнатыву ПВТ Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў сваё неразуменне таго, што такое эканоміка і што такое прамысловасць, іх структура. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў былы кіраўнік і адзін з заснавальнікаў Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала.

«Гэта тое ж самае, як сказаць, што «Гарызонт» — гэта альтэрнатыва Microsoft ці Facebook. «Гарызонт» сёння не мае ўласнай мікраэлектроннай базы, не мае ўласнай базы вытворчасці вадкакрышталічных экранаў, якія ўяўляюць сабой адну з найбольш высокіх каштоўнасцяў. «Гарызонт» — гэта звычайная зборачная вытворчасць», — заявіў экс-дырэктар ПВТ.

Паводле яго, у «Гарызонта», а таксама ў «Віцязя», заводу Арджанікідзэ «ў свой час былі шанцы ўпісацца ў міжнародны падзел працы». Беларускімі прадпрыемствамі цікавіўся Philips, Motorola нават падпісала пагадненне з «Інтэгралам».

«У Беларусі сапраўды была магчымасць упісацца ў міжнародны падзел працы, атрымаць самыя высокія кампетэнцыі. І, засноўваючыся на гэтых самых высокіх кампетэнцыях, будаваць сваю прамысловасць. Гэтак жа, як зрабілі карэйцы, тайваньцы дый Кітай. Яны спачатку пачыналі супрацы са Злучанымі Штатамі, накіроўвалі туды працаўнікоў, навучаліся і ўжо пасля стваралі ўласныя прадпрыемствы», — падкрэсліў Валерый Цапкала.

Але, заявіў ён, гэтыя магчымасці не былі скарыстаныя Беларуссю.

«І зараз гэта звычайная адвёртачная зборка, дзе часта проста наверх назвы Sony лепяць сваю назву», — падкрэсліў былы кіраўнік ПВТ.

Каб зразумець, ці з’яўляецца «Гарызонт» альтэрнатывай ПВТ, ён прапанаваў паглядзець на дадзены кошт кампаніяў.

«Калі мы пабачым, што ўсё з’яўляецца крытычным імпартам, дзе амаль нічога не дадаецца ў плане дадатковага кошту, то мы зразумеем, што гэта зусім слёзы ў параўнанні з тым жа ПВТ. Адзінае выйсце для беларускай мікраэлектроннай прамысловасці, дый усёй прамысловасці Беларусі, мне бачыцца ва ўпісванні ў агульнасусветныя гаспадарчыя сувязі. Навучанне, сур’ёзная кааперацыя і спроба ўбудавацца ў міжнародны падзел працы на самых сур’ёзных сегментах рынку. Іншага свет не прыдумаў. Усё тое, што прыдумаў Лукашэнка, на жаль, з’яўляецца эканамічная трагедыяй для беларускай прамысловасці і занятых там людзей», — адзначыў Валерый Цапкала.

На яго думку, дастаткова паглядзець на сярэднія заробкі на «Гарызонце» і ў ПВТ, каб зразумець ці з’яўляецца дзяржаўны холдынг альтэрнатывай і ці сапраўды на гэтай базе можна будаваць будучыню Беларусі.