Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Іх прозвішчы не агучваюцца

Указ аб памілаванні напярэдадні Дня народнага адзінства падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведаміла кіраўніца камісіі па памілаванні Вольга Чупрыс у эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра 13 прозвішчаў.

Вольга Чупрыс / «Белта»

Вольга Чупрыс / «Белта»


Журналістка тэлеканала пацікавілася лёсам спіса, які быў перададзены Аляксандру Лукашэнку і ў якім фігуравалі больш за 100 чалавек.
Вольга Чупрыс адзначыла, што ў гэтым спісе не былі выкананыя якія-небудзь крытэрыі, якія маглі б служыць падставай для памілавання. Каля чвэрці уключаным у спіс асобам яшчэ не былі вынесеныя прысуды, адпаведна, яны не могуць прэтэндаваць на памілаванне. 17 чалавек са спіса — «злосныя парушальнікі рэжыму адбыцця пакарання», а значыць «не сталі на шлях выпраўлення». Больш за дзясятак асоб здзейснілі злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў, зброі або асуджаныя за карупцыйныя злачынствы. 6 чалавек былі раней судзімыя.
— Былі і тыя, хто адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні з тых ці іншым прычын, — адзначыла Чупрыс.
Таму, паводле слоў кіраўніцы камісіі, разглядалася значна больш вузкае кола асоб, чым гаворка ішла на «Вялікай размове».
— У выніку рашэннем кіраўніка дзяржавы памілаваныя былі 13 чалавек, — заявіла Чупрыс.
У большасці выпадкаў гаворка ішла пра тых, хто ўчыніў злачынства «з дапамогай Інтэрнэту» і «шчыра раскаяўся ў зробленым». Сярод памілаваных ёсць і тыя, хто здзейсніў хуліганства ці ўдзельнічаў у масавых беспарадках.
Вольга Чупрыс расказала, чым кіравалася камісія.
— Ёсць агульныя правілы: прысуд павінен уступіць у законную сілу, асоба не павінна быць раней судзімай, яна павінна напісаць хадайніцтва або прашэнне аб памілаванні.
Кіраўніца камісіі таксама адзначыла, што ў 9 з 13 памілаваных ёсць непаўналетнія дзеці. Усе пакрылі прычыненую шкоду, ва ўсіх былі асабістыя паручыцелі.
Памілаванне не азначае вызваленне. Чупрыс патлумачыла, што частка людзей выйдзе на свабоду, а частцы пакаранне заменяць на «хімію».
Прозвішчы са спіса яна не агучвала.