Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 памілаваных

15 верасня ў эфіры БТ намесніца кіраўніка адміністрацыі Вольга Чупрыс заявіла, што Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Яна адзначыла, што сярод памілаваных ёсць людзі, якія здзейснілі злачынства ў інтэрнэце і раскаяліся ў зробленым. У дзевяці з трынаццаці чалавек ёсць непаўналетнія дзеці. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 палітзняволеных.

okrestina_90.jpg


Спіс памілаваных:
Віктар Каліноўскі — 2,5 гады «хіміі» (арт. 339 КК, «Злоснае хуліганства»), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»; Валерый Лаза — 2,5 гады «хіміі» (арт. 369 КК, «Абраза прадстаўніка ўлады»); Максім Шаўлінскі — 2 гады «хіміі» (арт. 188, «Паклёп»); Ігар Быкоўскіх — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, «Абраза прадстаўніка ўлады»); Яўген Каральчук — 1 год «хіміі» (арт. 370 КК, «Здзек з дзяржсімвалаў»); Сяргей Рудзінскі — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, «Абраза прадстаўніка ўлады»); Яўген Пашалюк — 2 гады «хіміі» (арт. 391 КК, «Абраза суддзі»); Вадзім Сычык — 1 год «хіміі» (арт. 339 КК, «Хуліганства»), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»; Аляксандр Баброў — 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму (арт. 342 КК, «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак»); Юлія Кашаверава — 1,5 года калоніі (арт. 339 КК, «Злоснае хуліганства»); Аляксей Коршун — 2,5 гады калоніі (арт. 130 КК, «Распальванне сацыяльнай варожасці»), пераведзены на «хімію»; Яўген Рапін — 3 гады «хіміі» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса); Яўген Говар — 2,5 гады калоніі (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
У межах працэдуры памілавання вызвалілі Віктара Каліноўскага з Брэста і Валерыя Лазу са Светлагорска. Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Яго перавялі на «хатнюю хімію». Валерый Лаза ляжаў у шпіталі з атытам вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.
Брэстаўчанін Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», адбываў пакаранне ў Шклоўскай папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Брэсце.
Жыхара Светлагорска Валерыя Лазу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю Лазу 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.
Таксама памілаваны палітзняволены Максім Шаўлінскі з Оршы, які быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса. Сваё пакаранне ён адбываў у Мазыры. Сёння яго таксама павінны вызваліць.
Палітвязні Ігар Быкоўскіх з Мінску, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук са Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі — у Ваўкавыскай ПУАТ №29. Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», «Абраза прадстаўніка ўлады» і «Абраза суддзі». Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх — да 1,5 года, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 года. Сёння яны павінны выйсці на волю.
Палітвязня Вадзіма Сычыка з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага кодэкса), пераводзяць на «хатнюю хімію».
Праваабаронцам стала вядома, што памілавалі таксама Юлію Кашавераву. Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 339 КК («Злоснае хуліганства») за тое, што яна падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка мінулага году сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. На судзе яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Пракурор прасіў пакараць яе шасцю гадамі калоніі, але ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 23 лютага яе асудзілі да 1,5 года калоніі.
За кратамі медсястра знаходзілася амаль 11 месяцаў. Юлія адбывала пакаранне ў жаночай гомельскай калоніі №4.
Памілавалі палітзняволенага супрацоўніка БМЗ, якога асудзілі за перакрыццё дарогі на заводзе. Палітвязень Аляксандр Баброў — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, актывіст забастоўкі. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі работнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Першага лютага суд пакараў Аляксандра Баброва 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні палітвязень знаходзіўся амаль 8,5 месяцаў, большасць з якіх сядзеў у папраўчай калоніі №13. Яго маці паведамілі, што сёння Баброва вызваляць з калоніі.
Памілаваны палітвязень, якога асудзілі за распальванне сацыяльнай варожасці. Аляксей Коршун — жыхар Оршы, затрыманы 31 сакавіка. Вядома, што яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Паводле слоў сваякоў, Аляксей таксама сёння быў памілаваны і пераведзены на «хімію».
На волю выйшаў памілаваны Яўген Рапін, які падчас «Маршу вызвалення палітвязняў» ударыў па камеры відэаназірання на Акрэсціна. Палітзняволенага Яўгена Рапіна асудзілі да 3 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яўгена абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. У Рапіна трое непаўналетніх дзяцей. Пакаранне ён адбываў у Мазыры.
Яўген Говар — трынаццаты памілаваны палітвязень. Ён — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама сёння памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода. Першага лютага суд абвясціў прысуд Яўгену Говару: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.