«Першае, куды мяне запрашалі, — зашкварны сайт Імперыя.Бай». Што пішуць з-за кратаў журналісты «НН»
Больш за два месяцы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко знаходзяцца пад вартай. Ліставанне з імі — не толькі падтрымка палітвязняў, але і інтэлектуальнае задавальненне, адзначае «НН».
Андрэй і Ягор шчодра дзеляцца ў сваіх лістах успамінамі,
назіраннямі, меркаваннямі, выказваюцца наконт цяперашніх навін і згадваюць
мінулае.
У лісце калезе Ягор Марціновіч, напрыклад, згадаў пра
стромныя прапановы працы.
«Гэта мегасмешна, але першае, куды мяне запрашалі, — зашкварны
сайт Імперыя.Бай (ці не Бай, не памятаю).
Я ўжо не памятаю, якога майго знаёмага папрасілі рэкрутаваць
студэнтаў, але стаяла задача напаўняць сайт. Канешне, ад гэтай убогай
антыбеларушчыны я адмовіўся адразу. Нават не пытаўся пра ўмовы працы. Гэта
недзе на першым курсе было, відаць. Усё смяюся, што жыццё магло развярнуцца
адваротна, супрацьлеглым чынам. Але не магло, канешне:)».
У Ягора 3 верасня — дзень народзінаў. І ён успамінае свае
перажыванні з дзяцінства на гэты конт.
«З канцом лета ў мяне заўсёды была дылема. Глядзі, лета —
крута. І дзень нараджэння — крута. Падарункі і ўсё такое. Але каб прыйшоў дзень
нараджэння, павінен пачацца навучальны год. І вось выбар, што лепш: чакаць
дзень нараджэння ці халера з ім, хай будзе лета?) Карацей, я выбіраў лета) Бо
дзень нараджэння — гэта адзін дзень, а мучыцца пасля да канца мая!»
Ягор піша, што некалькі гадоў запар удавалася сустракаць
дзень нараджэння ў экзатычных краінах — Іран, Албанія, востраў Мэн, Македонія.
«Толькі ў мінулым годзе было не да таго. Ну і ў гэтым:)»
Уяўляе нібы плыве на караблі XVII стагоддзя некуды з Англіі
ў амерыканскія калоніі
Паўліна Скурко распавядае, што Андрэй вельмі добра трымаецца.
«Я ім ганаруся і захапляюся яго аптымізмам, вытрымкай,
пачуццём гумару.
У камеры ён заўгас — сочыць, каб не псаваліся прадукты
(частку прадуктаў — гародніну, садавіну, мяса — вязні выкладаюць на агульны
стол). Я смяюся, што ён знайшоў прымяненне сваёй гаспадарлівасці нават за
кратамі.
У кожным лісце Андрэй дасылае сыночку Тамашу, якому паўтара
года, новы вершык, які прыдумляе ў камеры.
Паўліна неяк напісала Андрэю, што малы часта просіць мульцік
пра трактар або відэа «Як размаўляюць жывёлы» — і прыходзіцца ісці на ўсякія
хітрыкі, каб не даваць яму тэлефон.
І вось у Андрэя нарадзіўся такі вершык:
Мы не будзем есці суп,
Будзем лепш глядзець ютуб.
Тэлефон у мамы —
Ён чароўны самы!
Ціснем на іконку —
Што там за старонка?
Лопалка з шарамі,
Мульцік з трактарамі,
З камерай праграма
Ёсць для інстаграма.
Трэба сфоткаць і змясціць,
Як прыгожа мама спіць!
«Малы пастаянна пытаецца пра тату: калі прачынаецца ранкам,
калі бачыць машыну, падобную да нашай. Нядаўна я ездзіла адвозіць перадачу і
вярнулася з горада на таксі.
Малы пабачыў мяне: «Мама! мама!» — а пасля бачыць, што за
мной машына і: «Тата! Тата!» Не, кажу, гэта яшчэ не тата, але ён скора прыедзе
і таксама на машыне.
Канечне, ад гэтага рвецца сэрца. У той жа час я рада, што
сынок не забывае бацьку. Горш было б, каб ён пра тату не ўспамінаў. Гэта было б
несправядліва. А так няхай знае, што гэта злыя дзядзі яго пакуль што трымаюць у
замку, а сам татачка наш проста цудоўны і вельмі хоча з намі хутчэй убачыцца».
У лістах Андрэй піша, што ўяўляе нібы плыве на караблі XVII
стагоддзя некуды з Англіі ў амерыканскія калоніі.
«Я падтрымала гэту гульню, — распавядае Паўліна. — Пішу, што
кожны дзень выходжу на бераг выглядаць ягоны карабель:) Гэты карабель — багаты
вобраз: тут і замкнёнасць, і калектыў, ад якога ты нікуды не падзенешся і з
якім мусіш знаходзіць супольную мову, і бяскрайняе мора як неабмежаваны час яго
зняволення — і ўсё ж некалі карабель прычаліць, а зняволенне скончыцца».
У апошнім лісце Андрэй дадае: «Карабель гэты часам, у добрым
сэнсе, пірацкі:) Не Стывенсан тут, хутчэй, а Сабаціні. (Гэта аўтар кніг пра
высакароднага пірата Капітана Блада).
«На прагулцы трапіўся дворык пад самай вежай Валадарскага
замка — можна было разгледзець яе як след. Цікава, што там ёсць нішы, нібыта як
для статуй — такія бываюць на касцёлах ці на Мастацкім музеі. Быў бы фотаапарат
— быў бы рэдкі кадр. А сёння ў дворыку знайшлі буслінае пяро: відаць, буслы
ляцелі ў вырай і скінулі:)»
З сумнага: Андрэй піша, што спорт адсутнічае, бо папросту
няма дзе займацца. У камеры 12-15 чалавек. Прагулкі бываюць то ў малым дворыку
(там можна толькі стаяць і размаўляць, не паразмінаешся), то ў вялікім — тады
гэта шчасце і можна пагуляць у даганялкі, напрыклад.
Андрэй запісаўся на вакцынацыю ад кавіду. Яшчэ ў яго
пачаліся праблемы з зубам — цяпер яны на стадыі вырашэння, на Валадарцы ёсць
стаматолаг.
Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вінавацяць у нанясенні
маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Сэнс прэтэнзій у
тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб,
а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры
гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само
прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Напісаць нашаніўцам можна па адрасе:
СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск
Скурко Андрэю Генадзевічу
Марціновічу Ягору Аляксандравічу.