Сталі вядомыя прозвішчы васьмі палітвязняў, якіх памілаваў Лукашэнка (абноўлена)
Учора ў эфіры БТ намесніца кіраўніка адміністрацыі Вольга Чупрыс заявіла, што Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Яна адзначыла, што сярод памілаваных ёсць людзі, якія здзейснілі злачынства ў інтэрнэце і раскаяліся ў зробленым. У дзевяці з трынаццаці чалавек ёсць непаўналетнія дзеці. Таксама вядома, што памілаваных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі, перавядуць на «хімію».
Сёння праваабаронцам «Вясны» паступаюць звесткі аб тым, што памілавалі палітзняволеных Віктара Каліноўскага з Брэста, Валерыя Лозу з Светлагорску і Максіма Шаўлінскага з Оршы.
Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Валерый Лоза
ляжаў у шпіталі з атытам вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі
ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб
аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.
Берасцеец Віктар
Каліноўскі, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», адбываў пакаранне ў шклоўскай
папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339
Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў
Брэсце.
Жыхара Светлагорска
Валерыя Лозу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім
сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю Лозу
2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне
палітвязень адбываў у Ваўкавыску.
Аршанец Максім Шаўлінскі атрымаў 2 гады «хіміі» за каментар пра міліцыянтаў у працоўным чаце. У яго чацвёра дзяцей, малодшай дачцэ менш за год.
UPD. Пазней сталi вядомыя прозвішчы яшчэ пецярых памілаваных.
Палітвязні Ігар Быкоўскіх з Мінску, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук з Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ №29. Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх — да 1,5 гадоў, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 гадоў. Сёння яны павінны выйсці на волю.
Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года
«хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага
кодэксу), пераводзяць на «хатнюю хімію».
Разам з тым 21-гадовы палітвязень Зміцер Гопта, які пакутуе на псіхічнае захворванне, не патрапіў у спіс з 13 чалавек. Пра гэта Reform.by паведаміла мама хлопца Вольга Гопта: «Па апошніх звестках, Дзімка не трапіў у гэты спіс, але ідзе першым на падпісанне на пачатак лістапада».