У Беларусі яшчэ сем палітвязняў — у іх ліку мастак «Корпуса» і арт-менеджэр «Папа Бо»

Агулам у краіне ўжо 674 палітычныя зняволеныя.

viazni_1609.jpg

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Аляксея Салдаткіна, Віктара Фенчука (экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны»), Аляксандра Багданава (арт-менеджэр «Папа Бо»), Максіма Крука (мастак «Корпуса»), Кірыла Волаха, Алега Караля і Мікалая Папеку (паэт-пчаляр з Пружаншчыны).

Як піша праваабарончы сайт «Вясна», усім ім выставілі абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і людзей, затрыманых за ўдзел у мірных сходах, ды спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр «Вясна», «Прававая ініцыятыва», Lawtrend, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

На сёння ў Беларусі налічваюцца 674 палітвязні і тысячы людзей, якіх пераследуюць па палітычных матывах.

Паводле «Еўрарадыё».