Мікола Папека: у калоніі людзі цікавыя, а службоўцы больш цярпімыя
Паэта-пчаляра зняволілі-такі на два гады па сумнавядомай «карагоднай справе». Касацыйная скарга не была задаволеная. Пасля прысуду суда першай інстанцыі спадар Мікола рыхтаваў сваю гаспадарку да адсутнасці. Кажа, паспеў амаль усё.
![Пчаліная карціна Пчаліная карціна](/img/v1/images/fota_1._3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пчаліная карціна
«Два дні ўжо ў Мазыры, — перадае ён на волю. — Афармляюць мяне тут. У пакоі са мной яшчэ двое. Ложкі свабодныя ёсць. Нарэшце не цесна, умовы цярпімыя, як і стаўленне службоўцаў».
Як дыскамфортную нязручнасць згадвае ён, што шмат на што трэба дазвол. У горад пайсці купіць прадукты якія — трэба атрымаць звальненне. Парэзаць хлеба — дык трэба прасіць у аховы ножык. «Таму ўсё больш лыжкаю рэжу», — Папека ніколі не любіў залежнасць.
У калоніі ў Мазыры не перанаселена, сведчыць вязень-паэт. Нават вольных памяшканняў — з пяць, якія рамантуюць. У няволю патрапілі адметныя людзі з біяграфіяй, ім ёсць што расказаць пра сябе. Часу вольнага пасля знясільваючай часам працы ва ўласнай гаспадарцы дык і багата. Бадай што, напішацца з усяго гэтага нейкі літарацкі тэкст.
На поспех касацыйнай скаргі спадар Мікола не спадзяваўся. На сітуацыю глядзіць з вышыні сваіх сацыял-дэмакратычных поглядаў:
«Склалася сістэма ўседазволенасці, якая пасля 9-га паказала сябе канчаткова. Гэта з-за алігархізацыі так сталася. Калі б у кожнага цераз пятую хату\кватэру была свая справа — той пячэ пірагі, гэты рамантуе аўтамабілі, я даглядаю пасеку, — то так не сталася б, такі прававы дэфолт».
Папеку ў яго амаль шэсцьдзесят гадоў маглі накіраваць у Купліно пад Пружанамі, Выстаяла б яго справа, пчолы. Але не — ударылі, каб разбурыць дазвання. Пакаралі дастаткова, заадно жорстка і машынна. Ну, ды стойкасць — адна з асноўных рыс Папекава характару.
![Гэтая дзяржава ў 50 гадоў мабілізоўвала Папеку ў так званыя «партызаны» Гэтая дзяржава ў 50 гадоў мабілізоўвала Папеку ў так званыя «партызаны»](/img/v1/images/fota_2._4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтая дзяржава ў 50 гадоў мабілізоўвала Папеку ў так званыя «партызаны»
«Пчол закарміў надоўга, падрыхтаваў, — паведамляе ён. — Частку вулляў у цесця пакінуў, частку яшчэ дзе. Мацёрыя пчаляры мясцовыя ярыліся пераняць маіх пчол, але пакуль не аддаў».
Настрой у новага вязня рэжыму не падаўлены, нават нейкія планы на будучыню трымае ў сабе. Але ж не на волі, ёсць нявыкруткі.
«Амаль усё парабіў, каб перабыло да вызвалення. Адно што вось — гараж, відаць, заваліцца. Не паспеў умацаваць».
Дык дапамажыце, хто бліжэй! Спытаў у Папекі — жонка на такое пагодзіцца.
Post scriptum. Адметная рэч: Мікола Папека мог з’ехаць за мяжу, перачакаць. Але свядома застаўся. Не любіць быць у гасцях. Гаспадарлівы патрыёт — гэтыя два словы цудоўна кладуцца разам. Бы камяні ў падмурак.