Лыжка дзёгцю ў Свята беларускага пісьменства

Прайшоў XXVI Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме, афіцыйная частка якога пачалася адкрыццём на плошчы Леніна помніка Льву Сапегу. Вельмі ўразіла праграма ўрачыстага адкрыцця — і сваёй прабеларускасцю, і высокім мастацкім густам. Свята сапраўды атрымалася! На жаль, не абышлося без лыжкі дзёгцю ў дзежцы з мёдам.

img_20190901_124418.jpg

На ўрачыстым адкрыцці старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец першыя тры сказы свайго доўгага выступу прамовіў на «трасянцы», а потым загаварыў па-руску.

Не сакрэт, у нашых школах нават многія настаўнікі беларускай мовы з дзецьмі размаўляюць па-руску, і гэта зніжае аўтарытэт і мовы, і такіх настаўнікаў у вачох дзяцей. Але на ўроку ўсе настаўнікі беларускай мовы гавораць па-беларуску. Адно суцяшае, на фоне агульнай узнёсласці, якая панавала падчас урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства ў Слоніме, пацярпеў аўтарытэт толькі самога Чаргінца.

На адкрыцці помніка Льву Сапегу па-руску прамаўляў таксама толькі адзін чалавек — скульптар, аўтар помніка, Іван Міско, які дарэчы, родам са Слонімскага раёна і ганаровы грамадзянін горада Слоніма. Ён проста быў абавязаны звярнуцца да зямлякоў на нашай роднай мове. Не звярнуўся, не ўцяміў, не ўсвядоміў… Чыноўнікі — і тыя дапетрылі, размаўлялі па-беларуску, у тым ліку старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, які нарадзіўся і вырас у Расіі.

На ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства не было старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў ці прадстаўніка гэтага саюза, не было на свяце і бел-чырвона-белых сцягоў. На цэнтральнай пляцоўцы, побач з галоўнай сцэнай, цягам двух дзён праходзіў «Фестываль кнігі і прэсы», асноўнаю часткаю якога быў павільён «Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь» (газеты, дарэчы, раздаваліся бясплатна ўсім ахвотным). Тут, як у анекдоце, калі на плоце напісана «дровы», гэта не азначае, што яны насамрэч ляжаць за гэтым плотам. «Новага Часу» і іншых недзяржаўных газет у павільёне не было. Лічу, неапраўдана дзяржаўныя СМІ, і нават некаторыя недзяржаўныя, назвалі Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме нацыянальным. Я назваў бы яго «часткова нацыянальным».

На галоўнай сцэне панавалі беларускае слова і беларуская песня, як, дарэчы, і на некаторых перыферыйных пляцоўках. А вось на цэнтральнай Чырвонаармейскай вуліцы грымела, «рэзала вуха» рускамоўная папса. Магчыма, песенным калектывам, якія выступалі на гэтай вуліцы, ніхто і не даваў асобных указанняў, і яны спявалі звыклае для сябе і для людзей за святочнымі сталамі з півам і шашлыкамі.

Разам з тым, станоўчых эмоцыяў нашмат болей. Для мяне і маёй жонкі свята пачалося 31 жніўня з прагляду ў Слонімскім цэнтры культуры і адпачынку выдатнага спектакля «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава ў выкананні акцёраў Купалаўскага тэатра. 1 верасня з 10 гадзін раніцы і да самага закрыцця Дня беларускага пісьменства мы былі ў горадзе і атрымлівалі асалоду ад самой атмасферы свята, за што вялікі дзякуй і арганізатарам. А найперш, дзякуй самім слонімцам, бо менавіта яны сваёй душэўнасцю і светлымі ўсмешкамі стваралі такі радасны, узнёслы настрой. Для кагосьці гэта быў і моўны «лікбез», і прышчэпка прыгожага беларускага слова, прышчэпка пазітыўнага стаўлення да нашай мовы, хай, у тым ліку, і праз вядомую чарку і скварку.

Разам з жонкай быў міжвольным сведкам, як сталая жанчына падняла чарку з гарэлкай і сказала маладзейшым бяседнікам: «Вып’ем за Дзень беларускага пісьменства! Эта вялікі празнік усесаюзнага значэнія!» Вядома, з чым звязаны «ўсесаюзныя» асацыяцыі прамоўцы. Але тост мне спадабаўся. Бо быў сказаны са шчырай прыязнасцю да беларускай мовы.