Мадэлі з абмежаванымі магчымасцямі ўпершыню ў Беларусі выйшлі на подыум
Фестываль моды «Grodno Fashion Show» цягам некалькіх гадоў паспеў стаць самай значнай моднай падзеяй у Горадні. Сёлета на паказ сваіх калекцый з’ехаліся дызайнеры не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і Польшчы, Літвы, а таксама Расеі.
Аднак самым яскравым выступам на фестывалі стаў паказ зручнага адзення для людзей з асаблівасцямі цела і з абмежаванымі магчымасцямі, які ўпершыню праводзіцца ў нашай краіне. Дызайнеркамі першай у Беларусі лініі адаптыўнай вопраткі сталі дзве гарадзенкі: Валянціна Апановіч і сама дырэктарка Гарадзенскага госпісу Вольга Вялічка.
«Ідэю падкінулі нам самі бацькі, якія знаходзяцца пад апекай госпісу. У Беларусі рэальна праблематычна сёння знайсці адаптыўнае адзенне, якое б было адначасова камфортным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і сучасным. Больш даследаваць праблему мы пачалі, калі рабілі праект «Святаяннік», дзе рабілі калекцыю пятнаццаці камплектаў вопраткі для бацькоў і дзяцей з інваліднасцю. Добра пакатаўшыся, мы пабачылі, што такі праект патрэбны таксама дарослым. І другую калекцыю, вывучыўшы праблемы, мы зрабілі ўжо для іх. Гэтая вопратка ўжо больш дасведчаная, больш вымяральная і больш прадуманая», – кажа Вольга Вялічка.
«Кожны з іх варты таго, каб стаяць на подыуме»
Як распавядае спадарыня Вольга, яны разам з сяброўкай узялі ў якасці асновы адаптыўнае адзенне, перакроілі, перашылі і зрабілі яго сучасным і модным. У выніку на подыуме кожны з мадэляў выглядаў надзвычай стыльна і эфектна, хоць прадстаўленая вопратка арыентавана ў большасці на штодзённае выкарыстанне. У якасці мадэляў дызайнеркі сабралі людзей з рознай формай інваліднасці.
«Мы адмыслова сабралі самых розных людзей: напрыклад хлопца з зусім малым памерам цела, дзяўчынку і хлопчыка на вазках, юнака на кастылях. Нашаму Міхаілу Пятровічу 70 гадоў, ён пасля інсульту, сапраўдны энэрджайзер у нашай камандзе. І ён таксама хоча апранацца сучасна. Мы хацелі паказаць, што кожны з іх годны таго, каб стаяць на подыуме. Мы зрабілі вялікі крок, калі наша краіна падпісала Канвенцыю ААН «Аб правах людзей з інваліднасцю» і, як мне падаецца, наш праект – гэта вялікі гонар на ўзроўні краіны. Таму што з нашай калекцыяй мы апярэджваем нават краіны-суседкі. Больш за тое, я думаю, што такі паказ павінен стаць нормай у грамадстве. І калі нехта лічыць, што людзям з інваліднасцю тут не месца, сёння мы даказалі, што гэта зусім не так», – дадае спадарыня Вольга.
«Пасля гэтага кожны павінен задумацца пра тое, як мы ставімся да людзей з інваліднасцю».
Як кажа арганізатарка калекцыі, для саміх мадэляў гэта быў першы і вельмі хвалюючы досвед.
«Ніхто з іх дагэтуль не быў ні на малой, ні на вялікай сцэне, таму выступіць было не проста. Кожнаму чалавеку не проста на сцэну выходзіць, нават калі гэта соты раз, а для людзей, якіх у грамадстве прынята ўспрымаць як людзей у чымсьці нямоглых, то для іх гэта было ўдвайне складана. Але яны шчаслівыя і вельмі цешацца. Думаю, пасля нашага паказу кожны павінен задумацца пра тое, як мы ставімся да людзей з інваліднасцю», – дадае Вольга Вялічка.
Наступны паказ калекцыі адаптыўнага адзення Гарадзенскага госпісу плануецца зладзіць у сталіцы.
Паводле belsat.eu