Магілёўскія «Маці 328» далучыліся да галадоўкі
Магілёўскія ўдзельнікі руху «Маці 328» далучацца да бестэрміновай галадоўкі, абвешчанай 12 паплечнікамі ў Пухавічах і Калінкавічах 27 красавіка, паведамляе Радыё Свабода. Яны дамагаюцца перагляд артыкулаў Крымінальнага кодэксу за ўжыванне наркотыкаў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Будзем па чарзе галадаць!»
Больш за два дзясяткі магілёўскіх актывістак «Маці 328» прыйшлі 27 красавіка на малебен у Ануфрыеўскую царкву Свята-Мікольскага манастыра, каб пакуль гэтак падтрымаць сваіх паплечніц.
«Мы будзем па чарзе ездзіць да дзяўчат і ўдзельнічаць у галадоўцы», — заявілі Свабодзе ўдзельнікі руху з Магілёва, Шклова ды Чавусаў.
Паводле звестак руху ў калоніях утрымліваецца за наркотыкі больш за 16 тысяч чалавек. Самаму маладому асуджанаму родзічу, тых хто наведаўся да царквы, пад час суду было 16 гадоў. Найстарэйшаму — 31. Мінімальны прысуд складаў 8 гадоў, а максымальны — дванаццаць.
«Галадоўка — гэта наш крык душы. Аляксандар Рыгоравіч, пачуйце нас, бо мы больш ні кому не давяраем», — звярнулася да кіраўніка дзяржавы адна з актывістак руху Валянціна Кухарэнка.
Непрапарцыянальна жорсткае пакаранне за наркотыкі
На думку магілёўскіх удзельнікаў руху «Маці 328» праваахоўныя арганы злоўжываюць дэкрэтам Лукашэнкі «Аб неадкладных захадах для супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў» і толькі «прэзідэнт можа змяніць сітуацыю». Спробы абскардзіць прысуды, скаргі ў пракуратуру не даюць плёну, наракалі актывісткі руху.
Пакаранні, даводзілі суразмоўцы, непрапарцыянальна жорсткія віне. Усім абвінавачаным напачатку інкрымінавалася першая часткі 328 артыкула, а ў ходзе следства справу перакваліфікоўвалі на трэцюю, якая прадугледжвае і збыт наркатычнага рэчыва і цягне да 15 гадоў зняволення. Доказы віны сумнеўныя, настойвалі магілёўскія ўдзельнікі руху «Маці 328». Супраць абвінавачаных сведчылі міліцыянты, альбо «тыя хто працаваў пад іх прыкрыццём». Апраўдальных прысудаў няма. Апошнім часам, адзначылі суразмоўцы, працэсы над абвінавачанымі ў распаўсюдзе наркотыкаў робяць закрытымі.