Майдан: Слава вольнаму народу!
Насельнікі аднаго з намётаў на Майдане, даведаўшыся, што я з Беларусі, радасна выклікалі майго суайчынніка. Напамін пра радзіму для мяне аказаўся шакавальным. Хлопец вельмі спалохаўся. Ён нервова перабіраў нагамі, адводзіў погляд…
Рэвалюцыя ці музей пад адкрытым небам?
Акупацыя Крыму і сепаратысцкія бунты ў шэрагу паўднёва-усходніх гарадоў Украіны адсунулі Майдан у цень. Але нягледзячы на тое, што яго не бачна ў медыяпрасторы, ён ёсць. І функцыя ў яго застаецца той жа самай — рэвалюцыйныя перамены ў арганізацыі ўкраінскай дзяржавы праз ціск на ўладу. Істотнае адрозненне — цяпер яго падтрымлівае значна меншая колькасць людзей. Рэвалюцыя, кепска гэта ці добра, не ёсць станам рэчаў, у якім звычайны чалавек гатовы перабываць працяглы час.
Зрэшты, для абывацеляў Майдан стаў проста турыстычнай экзотыкай, добрым фонам для фотаздымкаў. «Ды якая рэвалюцыя, тут усё спакойна, людзі гуляюць, фатаграфуюцца, такі сабе музей пад адкрытым небам», — гаворыць камусці па тэлефоне рускамоўная румяная таўстушка на лавачцы. Хаця таксісты пабойваюцца пад’язджаць сюды ўначы. Як выказаўся адзін з іх: «Хлопцы безжурботныя, ім пастраляць за мілую душу…». Дрэс-код сённяшняга майданаўца — камуфляжная форма, таму цяпер Майдан нагадвае вайсковы лагер, выгляд у якога сапраўды даволі пагрозлівы.
Але не бурклівыя і палахлівыя таксісты галоўныя крытыкі сённяшняга Майдану. Больш за ўсіх ім незадаволены многія палітычна актыўныя грамадзяне, самі нядаўнія ўдзельнікі пратэстаў.
Майдан абвяргае тэзіс пра«дзяржпераварот»
Напрыклад, грамадскі актывіст Паўло Зуб’юк лічыць, што Майдан адыгрывае адмоўную ролю ў кантэксце праблемаў з паўднёва-усходнім рэгіёнам. «Дзеля таго, каб заспакоіць насельнікаў таго рэгіёну, варта было б прадэманстраваць, што ў сталіцы жыццё наладжваецца. Майдан жа стварае бачнасць палітычнага хаосу, які пужае далёкіх ад яго людзей, прымушаючы шукаць полюс парадку ў іншым месцы», — гаворыць Паўло.
Вуліца Герояў Нябеснай Сотні
Вельмі рэзка выказаўся а. Сяргей Дзмітрыеў, святар з Херсоншчыны, які прыехаў у Кіеў забраць сабраныя для вайскоўцаў рэчы, і завітаў на Майдан, дзе ён калісці адпяваў загіблых: «Мне тут неяк сумна стала… Няўжо яны не разумеюць, што ліюць ваду на пуцінскі млын? Па сутнасці, гэта гульня ў адной камандзе з сепаратыстамі».
Дазволю сабе выказаць уласнае асцярожнае меркаванне на гэты конт. Сепаратысты вінавацілі Майдан у здзяйсненні дзяржаўнага перавароту, які прывёў да ўлады «хунту», у чым нібыта і палягала яго мэта. Хіба сваім далейшым стаяннем, ціскам на ўладу, ужо новую, Майдан не абвяргае гэты тэзіс? Хтосьці скажа, што ён не дае новай уладзе замацавацца, але ж можна сказаць іначай — не дае заўчасна закаснець.
Нельга адпусціць краіну ў вольнае плаванне
Тым не менш, тут зараз сапраўды сумнавата. Большую частку дня сцэна стаіць пустая, ніхто з яе не выступае з палымянымі прамовамі, не спяваюць пастаянна гімн. Не разносяць ежу і пітво валанцёры. Не відаць людской плыні з прадуктамі і рэчамі для майданаўцаў. Ад бяздзеяння насельнікі лагера выглядаюць куды больш замардаванымі, чым яны выглядалі падчас цяжкіх баёў. Атмасфера паўсонная. І жалобная, вядома, праз стыхійныя мемарыялы загіблым па ўсёй тэрыторыі.
Хлопцы з 14-й сотні. Уладзімір Пак — пасярэдзіне
Стомленым выглядае сотнік 14-й сотні Уладзімір Пак, дробны прадпрымальнік з Каламыі. Ён знаходзіцца на Майдане з 2-га снежня мінулага году і гатовы заставацца да парламенцкіх выбараў, прызначаных на восень. Бо, па яго словах, нельга «зноў адпусціць краіну ў вольнае плаванне».
— Як нельга наесціся раз і назаўсёды, гэтак жа нельга за адным разам змяніць дзяржаву. Яна вельмі слабая і мы мусім падсілкоўваць яе сваёй энергіяй, каб яна нарэшце ачуняла. Мы ўжо зрабілі памылку ў 2004 годзе, калі вырашылі, што нехта прынясе нам новую Украіну на талерачцы.
Справа, на мой погляд, зусім не ў тым, што Юшчанка аказаўся кепскім. На мяне ён рабіў уражанне чалавека, здольнага прыслухоўвацца да меркавання народу. Толькі дзе быў той народ з сваім меркаваннем? Народ тады яшчэ не саспеў для таго, каб кантраляваць уладу.
Асоба кіраўніка не мае вялікага значэння. Нават злодзей можа эфектыўна кіраваць дзяржавай, калі ёсць дзейныя механізмы кантролю. Механізмы адклікання, адхілення і пакарання. Уласна кажучы, для таго, каб такія механізмы былі выпрацаваныя, мы тут і застаемся, — гаворыць Уладзімір.
Мой суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што яны ўжо атрымалі маленькую перамогу — дамагліся прыняцця закону аб люстрацыі суддзяў. Таксама, на яго погляд, дзякуючы Майдану ўлада нарэшце пачала больш актыўна супрацьдзейнічаць сэпаратыстам у паўднёва-усходнім рэгіёне. «Магчыма, я раблю з мухі слана, але выглядала на тое, быццам існуе таемная дамоўленасць аб падзеле Украіны па Дняпру», — дадае Уладзімір. Ён падкрэслівае, што калі-небудзь маюць сесці на лаву падсудных тыя, хто адказны за «здачу» Крыма. Тут акупацыю паўвострава ўспрымаюць з болем.
Слава вольнаму народу!
У намёце Грамадскай рады Майдану знаходзяцца людзі, якія падзяляюць анархісцкія погляды. На вітанне «Слава Украіне!» тут адказваюць «Слава вольнаму народу!». Аляксандр, хлопец з Луганска, які працуе ў Кіеве, а ў вольны час прыходзіць у намёт, кажа, што ён, можа, перастаў бы сюды хадзіць, каб не пабачыў, што гэта сапраўды некаму патрэбна. Ён прыводзіць канкрэтны прыклад. Нейкая жанчына з Кіеўскай вобласці хацела пабудаваць флігель. Сельская рада адправіла яе за дазволам у сталіцу.
«Тут прымаюць просьбітаў з вобласці два разы на тыдзень па паўтары гадзіны. Ну і знаходзяць у кожнага якія-небудзь закаклюкі, каб дазволу не даць і адправіць дадому. Пасля чаго да небаракі падыходзіць вёрткі чалавек, які прапануе за грошы вырашыць пытанне. У гэтай жанчыны грошай на хабар няма, а будавацца трэба. Дык яна прыйшла да нас па дапамогу. Мы звялі яе з сотняй, якая займаецца антыкарупцыйнай дзейнасцю», — расказвае Аляксандр.
Размову працягвае насельніца намёту Вольга:
— Пакуль мы тут, улады маюць крыху меней магчымасцяў учыняць свавольства.
Хаця для мяне асабіста патрабаванні нацыянал-буржуазнай рэвалюцыі чужыя, тут цудоўны досвед нізавой самаарганізацыі, які трэба падтрымліваць і развіваць. Большая частка ўдзельнікаў Майдану — звычайныя рабацягі, у якіх не было досведу ўдзелу ў палітычнай дзейнасці. Цяпер ёсць парасткі ўсведамлення, што яны — сіла, здольная аказваць ціск.
Апроч таго, Майдан — гэта свабодная прастора, дзе кожны можна распачынаць свае ініцыятывы, ствараць мерапрыемствы. Мы плануем праводзіць тут лекцыі, кінапаказы, выставы, — кажа дзяўчына.
Вольга радасна згадвае, што ў іх ёсць хлопец з Беларусі. Тэлефануе яму, каб ён падышоў і мы маглі б паразмаўляць. Напамін пра радзіму аказаўся для мяне шакавальным. У хлопца сустрэча з суайчыннікам ніякай радасці не выклікала. Ён настолькі спалохаўся, што не мог глядзець мне ў вочы і спакойна стаяць. Нервова перабіраў нагамі, адводзіў погляд… Я адразу ж сказаў, што не буду нічога ў яго пытацца, прабачыўся, што патурбаваў, і ён адышоў. Гэтая сітуацыя выглядала настолькі абсурдна і дзіка пасярод свабоднай прасторы Майдану, што настальгія па радзіме ў мяне адразу ж знікла.
Інфармацыйнае бюро. Спадар Ігар — пасярэдзіне
Спадар Ігар з інфармацыйнага бюро Майдану, дзе раздаюць друкаваныя матэрыялы, даюць парады, падказваюць, дзеляцца кантактамі і проста размаўляюць з мінакамі, які жадаюць выказацца, бязлітасна сыпаў соль на рану, пытаючыся: «Скажыце, ці магчыма такое ў Мінску?»
Меўся на ўвазе нават не Майдан у цэлым, а вось такая пляцоўка, дзе хто заўгодна можа абмяркоўваць што заўгодна ў цэнтры горада, не паніжаючы голасу. Мне заставалася толькі сумна пасміхацца ў адказ.