Мала паехаць на Майдан. Трэба даехаць да Майдана
Мала паехаць на Майдан. Трэба даехаць да Майдана і быць карысным там. Мала прыйсці на Плошчу. Трэба прадумаць усё так, каб там дастаяць да канца.
Наш аўтобус не даехаў да Майдану. І мы лайкаем, лайкаем гэта! 700 лайкаў за паўдня — рэкорд «Нашай Нівы». Мы лайкаем, а тут плакаць трэба.
Захацелі 53 беларусы паехаць на Майдан, выказаць салідарнасць з украінцамі, якія нам дапамагалі ў 1918-м і 1996-м. А мо і не толькі выказаць салідарнасць, але і дапамагчы. У нядзелю ў Кіеве
ўсякае можа адбыцца.
Актывісты нанялі аўтобус да Кіева, але пачалі красавацца ў сацсетках: «Я еду, і мы нанялі аўтобус. І я не скажу, хто наняў, але хто хоча далучыцца, пішыце мне».
А журналісты пачалі рабіць пра гэта матэрыялы ў СМІ.
Вынік: аўтобус спынілі пад Мар’інай Горкай. Усіх высадзілі, да Кіева даехала толькі частка людзей, дый тыя вымучаныя дарогай, менш на што здольныя.
Дар’я Каткоўская, светлая душа, апраўдваецца:
Хочу объяснить свою позицию. Я не вижу никаких причин для того, чтобы скрывать абсолютно законную деятельность: я реализовывала свои конституционные права на распространение информации, на свободу передвижения, на выражение мнения. Я считаю, что как только мы начинаем в таких простых вещах ходить партизанскими тропами, скрываться — мы начинаем играть по правилам тех, кто хочет чтоб мы боялись, нас не было слышно и видно».
У Дар'іных словах ёсць вялікая рацыя — нельга гуляць па правілах ворагаў і нас мусіць быць відна. Але і вынік — мы на Майдане — патрэбны тут і цяпер, а не
толькі абстрактная вернасць «ідэальнаму патэрну».
Таму, Дар’я, гэта той рэдкі выпадак, калі я з табой не згодны.
Працэс — нішто, вынік — усё.
Па-мойму, гэта ідзе ад «безнадзёгі» нашай каланіяльнай, ад глыбіннага нявер’я ў свае сілы. Усё адно, маўляў, у нас нічога не выйдзе, то што і старацца.
Што ставіць рэалістычныя задачы і прагматычна іх выконваць.
Украінцы нарадзіліся як нацыя ў Аўстрыйскай імперыі, у барацьбе дробных інтарэсаў з палякамі нарадзіліся, беларусы – у Расійскай. (Дзе «хацелі, як лепш, а выйшла, як
заўжды».) Нас па-рознаму вучылі ў пачатковай школе геаграфічнага дэтэрмінізму.
Блогеры звыклі хаяць за няўдачы палітыкаў, лідараў, ды справа, як паказаў аўтобус на Майдан, не ў лідарах – не лідары яго піярылі, наадварот. Справа ў агульнай хаатычнасці, агульнай
нескіраванасці на канцавы вынік. Ад няўмення правяраць тэорыю практыкай.
Але ёсць жа і іншыя прыклады. Ёсць Аляксей, ёсць Мікола і Алесь, якія такі даехалі да Майдана.
Ёсць праграмеры тыя самыя, якія знайшлі сябе ў гэтым свеце, а вечарамі робяць мільён добрых справаў за так. Можа, яны, такія як яны, сядуць за руль нашага беларускага аўтобуса?
Можа, у іх ёсць гэтае разуменне і ноу-хау: мала паехаць на Майдан. Трэба даехаць да Майдана і быць карысным там.
Мала пачаць гаварыць па-беларуску. Трэба гаварыць па-беларуску так, каб і іншыя пачыналі гаварыць пад тваім уплывам.
Ва ўкраінцаў (славакаў, палякаў, літоўцаў, спіс прадаўжайце) можна вучыцца рэалізму, прагматызму. «Прагма» – значыць дзеянне!
Цікава, да Кіева даехала меншая частка ці большая з тых, каго высадзілі пад Мар’інай Горкай? А можа – усе? Калі – большая, тады я забяру частку сваіх словаў назад. Але
не ўсе.
Андрэй Дынько, «Аўтобус у нікуды», nn.by