Маланка б’е двойчы: Паўночны пасёлак зноў пагражаюць знесці

Чыноўнікі заяўляюць, што людзі не супраць разбурэння іх дамоў, але самі жыхары пасёлка даведаліся пра верагоднасць зносу ўжо пасля сканчэння грамадскіх слуханняў.

sever_2.jpg

У Мінску наспявае новы будаўнічы скандал — жыхарам Паўночага пасёлку — прыватнага сектара ў Заводскім раёне сталіцы — паведамілі, што паводле новага будаўнічага плана іх дамы ідуць пад знос, а на вызваленай тэрыторыі размесцяць шматпавярховікі. Гісторыя, падаецца, банальная — колькі ўжо разоў у Мінску сутыкаліся жыхары прыватнай забудовы і гарадскія ўлады, якія ўвесь час спрабуюць тую самую забудову ўшчыльніць ды перасяліць людзей са свайго падворку ў гарадскую кватэру.

Аднак гэты выпадак асаблівы хаця б тым, што Паўночны пасёлак ужо аднойчы збіраліся знесці ў 2011 годзе, аднак пад напорам жыхароў, якія і подпісы збіралі, і мітынгавалі, ад гэтай ідэі адмовіліся. Гэтыя пяць гадоў людзі спакойна дабудоўвалі дамы, бралі крэдыты на рэканструкцыю, як нечакана даведаліся, што на месцы іх жытла плануюць збудаваць шматпавярховыя дамы. Больш за тое, апынулася, што грамадскія слуханні па гэтым пытанні ўжо прайшлі, і быццам бы жыхары раёна не выказваліся супраць навабуду.

Жыхарка Паўночнага пасёлка Таццяна адна з першых дазналася, што яе дома, паводле новага горадабудаўнічага праекта, быць не павінна: —  Даведалася практычна выпадкова. Усе шакіраваныя... У 2013 годзе многія пачалі рэканструкцыю дамоў, гэта ж якія грошы патрачаныя. Нехта прадаў кватэру ў Мінску і тут адбудаваў дом, цяпер пад знос? Суседняя шматдзетная сям’я ўзяла крэдыт на жытло, а цяпер яны застануцца без дома і з крэдытам? Каналізацыя, вадаправод, газ — усе камунікацыі мы праклалі за свае сродкі, а цяпер чыноўнікі кажуць — а ў вас добрае месца, каля метро, трэба ўшчыльняць. Ды гэта наша малая Радзіма зрэшты, колькі сілаў у гэтыя дамы ўклалі нашыя дзеды і бацькі, яны ўсё рабілі з нуля і без дапамогі ўладаў. Бабулькі во плачуць — маўляў, хочам памерці ў сваёй роднай хаце...

Асабліва жыхароў Паўночнага пасёлка закранула, што грамадскія слуханні, на якіх яны маглі выказацца, правялі без іх ведама. Таццяна кажа, што ў паштовыя скрыні ім ніхто не кідаў абвестак, на вуліцах аб’яваў  таксама не вывешвалі. 

—   Пра гэтыя абмеркаванні мы даведаліся праз два тыдні пасля іх сканчэння. Мы хадзілі па суседзях, збіралі подпісы да адміністрацыі, пыталіся, а вы былі на грамадскіх абмеркаваннях? І на нас во такія вочы... Многія казалі — напэўна, вы падманваеце. Пакуль мы не паказвалі схему, дзе ўжо знесеныя нашыя дамы, і на іх месцы стаяць шматкватэрныя дамы і паркоўкі. Па выніках грамадскіх абмеркаванняў павінна стварацца працоўная група, куды мы маглі б скіраваць прадстаўнікоў Паўночнага пасёлка, але нашто ім гэта? Яны (адміністрацыя — аўт.) адмыслова нас не збіралі, хацелі, каб усё ціха прайшло, разумелі, што мы будзем пратэставаць.

Паводле праекта, дамы мусяць знесці пад 2030 год, але мясцовыя жыхары вырашылі не чакаць, пакуль будаўнікі перайдуць ад папяровых праектаў да непасрэднага зносу, і пачалі контратаку: за два дні сабралі каля 150 подпісаў (збор подпісаў працягваецца) пад зваротам да адміністрацыі Заводскага раёна з патрабаваннем правесці новыя грамадскія слуханні па гэтай справе і выключыць знос жылых дамоў пад шматпавярховікі. Таксама жыхары Паўночнага ўжо патрапілі на прыём да старшыні адміністрацыі Заводскага раёна Аляксандра Дараховіча. Наша суразмоўца Таццяна засталася расчараванай гэтай сустрэчай:

—   Нічога па сутнасці Дараховіч нам сказаць не змог — маўляў, я не ў курсе, давайце паперы, разбяруся і вам пасля дамо адказ. Кажуць — на слуханнях усе былі “за”, “супраць” — нікога, просім — пакажыце пратакол, імёны тых, хто ўвайшоў у працоўную групу. Ніякіх дакументаш паказаць не змаглі.

Дарэчы, мы думалі, гэта ўсё ідзе з “Мінскграда”, з нейкіх вышэйшых інстанцый, а апынулася (нам у нефармальнай размове распавялі прадстаўнікі “Мінскграда”), што ініцыятарам забудовы была сама адміністрацыя Заводскага раёна. Гэта было асаблівым шокам — яны ж жывуць тут, фактычна гаспадары раёна, і такое ўчыніць сваім жыхарам! Цікава, што на сустрэчы нас папрасілі ў іншыя інстанцыі не пісаць — маўляў, і самі разбярэмся. Але я папярэдзіла, што пісаць будзем, мы ужо адвезлі заявы з копіямі подпісаў у Мінгарвыканкам, Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, у Камітэт дзяржкантролю, а таксама дамовіліся на сустрэчу з дэпутатам нашай акругі.

Калі гісторыя з Паўночным скончыцца паспяхова, мясцовыя жыхары будуць дамагацца, каб пасёлак прызналі катэджнай забудовай — тады пагроза зносу павінна знікнуць наогул.

—   У нас жа не нейкія халупы, а дабротныя дамы, усё дагледжана, каля кожнага плота кветкі, кустарнікі, людзі самі сабе робяць прыгажосць. Да нас мамы з вазкамі з суседніх шматпавярховікаў прыходзіць гуляць, дзеці з маленства прывыкаюць да фізічнай працы, умеюць і цвік забіць, і нешта пасадзіць, а не па пад’ездах кампаніямі шатаюцца. Ды і наогул, увесь час гаворыцца — Мінск не гумовы, трэба сканчваць будаваць высоткі. Такіх зялёных пасёлкаў павінна быць як мага больш, асабліва ў такім загружаным заводамі раёне, а нас усё спрабуюць загнаць у бетонныя каробкі.

«Новы час» будзе адсочваць сітуацыю з Паўночным пасёлкам.