Матолька хоча пакінуць палкоўніка Макарава без пасады і вайсковай пенсіі
Пасля таго як прадстаўнік Міністэрства абароны параўнаў праціўнікаў парадаў у цэнтры Мінску з нашчадкамі Вільгельма Кубэ, блогер Антон Матолька рыхтуецца да верагоднага калектыўнага іску ў суд.

Антон Матолька з'яўляецца стваральнікам адразу двух грамадскіх петыцыяў: за парады ў цэнтры Мінску і супраць іх. Першая пакуль набрала каля 40 галасоў, другая — блізка 4000. Такую тактыку блогер абраў, каб аб'ектыўна праверыць колькасць прыхільнікаў і апанентаў прысутнасці вялізнай колькасці вайсковай тэхнікі ў цэнтры сталіцы, якая часам прыводзіць да нечаканых эксцэсаў, як, напрыклад, у выпадку з нашумелым «таранам стаўба» 24 чэрвеня.
У адказ прэсавы сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў адзначыў, што вайсковыя парады на 3 ліпеня праводзіліся і будуць праводзіца надалей, нягледзячы на тое, што само свята «не стала святам беларускіх радыкалаў, ідэйных нашчадкаў Вільгельма Кубэ», піша «Радыё Свабода».

У каментары «Новаму Часу» Антон Матолька паведаміў, што не збіраецца пакідаць справу ў баку і, магчыма, звернецца ў суд:
Чаму грамадскасць раптам абурылася вайсковымі парадамі ў цэнтры сталіцы? Прадстаўнікі ініцыятывы «Дзея», напрыклад, сфармулявалі сваю пазіцыю ў сямі пунктах:
- Грошы, змарнаваныя на паліва для тэхнікі і іншыя звязаныя з парадамі выдаткі, можна патраціць лепш.
- Грукат тэхнікі перашкаджае працы і адпачынку менчукоў.
- Рэпетыцыі і парады перашкаджаюць дарожнаму руху і ствараюць транспартны калапс.
- Вялікая колькасць тэхнікі ў цэнтры горада павялічвае загазаванасць, псуе экалогію і здароўе жыхароў.
- Цяжкая вайсковая тэхніка псуе дарожнае пакрыццё і разметку. Рамонт — за нашыя падаткі.
- Правядзенне параду ніколі публічна не абмяркоўвалася з грамадзянамі. Гэта мы вырашаем, што трэба праводзіць!
- Урэшце, вайсковая тэхніка — гэта зброя для забойства людзей. Дэманстраваць трэба прагрэс у навуцы, медыцыне і агульнай якасці жыцця, а не танкі.