«Медузу» прызналі ў Расіі «непажаданай арганізацыяй»

Генпракуратура РФ абвясціла выданне «Медуза» «непажаданай арганізацыяй» на тэрыторыі Расіі. СМІ нібыта «ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу і бяспекі РФ».

d2z43pdohongow_8c8xfvg.png

Рускамоўнае выданне «Медуза», якое базуецца ў Рызе, прызнана «непажаданай арганізацыяй» у Расіі.

Сёння, 26 студзеня, Генпракуратура РФ «па выніках вывучэння матэрыялаў, якія паступілі», абвясціла «непажаданай на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі» дзейнасць няўрадавай арганізацыі Limited liability company (SIA) Medusa Project («Праект Медуза»).

У Генпракуратуры РФ заявілі, што СМІ «ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу і бяспекі Расійскай Федэрацыі». «Інфармацыя аб прынятым рашэнні накіраваная ў Мінюст Расіі для ўнясення звестак у пералік замежных і міжнародных няўрадавых арганізацый, дзейнасць якіх прызнаная непажаданай на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, і іх апублікавання», — паведаміла Генпракуратура РФ.


Тэрмін «непажаданая арганізацыя» быў уведзены ў заканадаўства РФ для абазначэння статусу, які забараняе дзейнасць няўрадавых, некамерцыйных і замежных арганізацый.

У красавіку 2021 года заснаваную Галінай Цімчанка «Медузу» абвясцілі ў РФ «СМІ — замежным агентам». Можна сказаць, што «Медуза» стала адным з першых выданняў у гэтым рэестры. Пасля ў спіс былі ўнесены многія незалежныя СМІ, у тым ліку тэлеканал «Дождь», «Медиазону», дзясяткі журналістаў і грамадскіх дзеячаў.