Пастухоў: У Беларусі існуе дыскрымінацыя недзяржаўных ВНУ

Рашэнне аб далучэнні нашай краіны да Балонскага працэсу было, хутчэй, палітычным: наша сістэма адукацыі яшчэ далёкая ад еўрастандартаў. Але гэта дае шанец на рэформы.



5_1_pastuhov.jpg

Што трэба зрабіць, каб сапраўды адпавядаць еўрапейскай адукацыі? Гэта не толькі самакіраванне і «акадэмічныя свабоды» ў айчынных ВНУ, пра што звычайна згадваюць... Усё больш складана, бо наша сістэма адукацыі проста дыскрымінацыйная. Пра гэта разважае прафесар аднаго з недзяржаўных ВНУ Міхаіл Пастухоў.

Дыскрымінацыя ВНУ

Паводле інфармацыі міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, у краіне зараз існуюць 54 ВНУ, у якіх навучаюцца больш за 350 тысяч студэнтаў. Пры гэтым недзяржаўных ВНУ засталося менш дзесяці.

Чаму так небагата недзяржаўных ВНУ? Па меркаванні Пастухова, у Беларусі існуе іх «схаваная дыскрымінацыя». Па сутнасці, дзяржаўныя ВНУ павінны быць арыентаваны на падрыхтоўку неабходных для краіны спецыялістаў. А значыць, яны павінны прадастаўляць бясплатную вышэйшую адукацыю. На справе ж дзяржаўныя ВНУ заняліся заробкам грошай: каля 70% студэнтаў у іх вучыцца на платнай аснове. То бок, яны «адцягваюць» студэнтаў з прыватных навучальных установаў.

З гэтага, дарэчы, вынікаюць праблемы саміх дзяржаўных ВНУ — вялікая нагрузка на выкладчыкаў, недахоп месцаў у інтэрнатах, навучанне студэнтаў у некалькі зменаў, нястача падручнікаў і метадычных матэрыялаў, і як вынік — невысокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў.

Дзяржаўныя ВНУ павінны рыхтаваць «дзяржаўныя кадры», па дзяржзаказе і мэтавым навучанні, лічыць Пастухоў. Платнае ж навучанне павінна быць прэрагатывай недзяржаўных ВНУ.

5_1_pastuhov.jpg

Міхаіл Пастухоў

Дыскрымінацыя па студэнтах

З вялікай колькасці «платнікаў» у дзяржаўных ВНУ і малой колькасці прыватных ВНУ вынікае другая праблема. Зараз у краіне, кажа Пастухоў, у пэўным сэнсе «двухпатокавы» набор студэнтаў. Той, хто не трапіў на бюджэтную форму адукацыі ў дзяржаўныя ВНУ, можа падаць дакументы ў тую ж дзяржустанову на платную форму навучання і толькі ў апошнюю чаргу — у прыватную навучальную ўстанову.

«У выніку недзяржаўным ВНУ дастаюцца тыя абітурыенты, якія не прайшлі конкурс у ВНУ дзяржаўныя. На практыцы гэтыя ВНУ не маюць магчымасці канкураваць з дзяржаўнымі ў адборы лепшых навучэнцаў. Ім прыходзіцца «збіраць» студэнтаў сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню», — зазначае Пастухоў.

А з гэтай праблемы вынікае іншая: дыскрымінацыя выпускнікоў недзяржаўных ВНУ.

Дыскрымінацыя дыпломаў

«Адна справа, калі ты скончыш Белдзяржуніверсітэт, іншая справа — калі Беларускі інстытут правазнаўства, — кажа Пастухоў. — Безумоўна, недзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі імкнуцца падтрымліваць сваё рэнамэ і даюць не горшую адукацыю за дзяржаўныя ВНУ. Аднак выпадкі, калі іх выпускнікі ўладкоўваюцца на працу ў дзяржаўныя органы — адзінкавыя».

Працадаўцы, па словах Пастухова, аддаюць перавагу выпускнікам дзяржаўных ВНУ. Выпускнікі ж недзяржаўных зноў апынаюцца «ў другой хвалі» гэтага працэсу. Адукацыйны стандарт у краіне адзіны, і нельга сказаць, што падрыхтоўка ў прыватных ВНУ слабая. Але з-за прыніжанага статуса недзяржаўных ВНУ працадаўцы аддаюць перавагу дыплому дзяржаўнага ВНУ.

Міхаіл Пастухоў спадзяецца, што такая сітуацыя можа змяніцца. «У адпаведнасці з адзінымі еўрапейскімі стандартамі, усе ВНУ павінны прымаць меры да павышэння якасці адукацыі. Адпаведна, у нас павінен быць адзіны «еўрапейскі» дыплом, які ўжо не будзе «дзяржаўным» альбо «недзяржаўным», — спадзяецца Пастухоў.

На думку Пастухова, забяспечыць роўны статус дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ — адна з асноўных задачаў Балонскага працэсу для Беларусі. «Па вялікім рахунку, платная форма навучання ў дзяржаўных ВНУ павінна быць скасаваная ці істотна абмежаваная. Прыватныя ВНУ могуць дапаўняць навучанне ў той частцы, у якой маецца патрэба ў насельніцтва», — лічыць ён.

Зразумела, што дзяржаўныя ВНУ павінны забяспечваць стратэгічныя для краіны кірункі: медыцына, індустрыя, тэхналогіі, педагагічнае навучанне. «Што тычыцца шырокага спектру спецыяльнасцяў, то гэтую сферу трэба аддаць прыватным ВНУ», — зазначае Пастухоў.

nfa_adukacija_logo.jpg

Другая ступень адукацыі

Што краіне трэба будзе мяняць вельмі істотна — гэта другую ступень адукацыі, упэўнены Пастухоў. Таму што яна ў нас засталася і застаецца спрэс савецкай. Гэта тычыцца аспірантуры і дактарантуры.

З бакалаўрэатам — то бок універсітэцкай адукацыяй, у нас усё больш-менш зразумела. Зараз амаль усе ВНУ пасля пятага курса выдаюць «бакалаўрскі» дыплом. Аспірантура павінна даваць ступень магістра, пры якім аспірант мог бы працаваць выкладчыкам. Дактарантура — гэта яшчэ вышэйшы адукацыйны стандарт.

«Магчымасці больш высокага ўзроўню падрыхтоўкі ў нас вельмі абмежаваная. Якасць гэтай адукацыі пакідае спадзевы на лепшае. Яна не пастаўлена на належную аснову», — лічыць Пастухоў.

Сапраўды, чамусьці ў аспірантуры ў нас выкладаецца тое, чаму студэнт павінен быў навучыцца яшчэ падчас першай ступені адукацыі. Напрыклад, першы год аспірантуры — гэта філасофія, замежная мова і так званая «інфарматыка» — валоданне кампутарам. Калі ж казаць пра спецыялізацыю, то яе ў аспірантуры фактычна няма.

«Можна было б абмежаваць колькасць абавязковых дысцыплінаў, шэраг «другасных» прадметаў перавесці на факультатыўную форму навучання. Гэта дазволіць сканцэнтраваць больш увагі на сапраўды важных задачах», — лічыць Пастухоў.

Калі ж казаць пра дактарантуру, то ў Беларусі перспектываў для таленавітай моладзі — кату па пяту. Па-першае, з-за «цэнзуры» Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, у якой вельмі складана «прабіць» доктарскую дысертацыю. А па-другое, наяўнасць вучонага звання не вельмі стымулюецца матэрыяльна. «Лепш пайсці на дзяржслужбу альбо ў камерцыйную структуру і зарабляць там больш, чым прафесар», — малюе сітуацыю Пастухоў.

Ад савецкай сістэмы трэба сыходзіць хаця б таму, што яна сябе ўжо не апраўдвае. «Беларусь зараз проста не гатовая перайсці да еўрапейскай адзінай ступені доктара навук. Можна па пальцах пералічыць тых навукоўцаў, якім удалося абараніць доктарскую дысертацыю па юрыдычнай спецыяльнасці ў Беларусі. Затое багата выпадкаў, калі навукоўцы едуць у Расію і абараняюць там свае дысертацыі з першай жа спробы. А між тым, Расія ў Балонскім працэсе з 2003 года», — адзначае Пастухоў.

827819_html_180fa31b.gif

Шанец для адукацыі

Міхаіл Пастухоў прапануе стварыць навуковую раду ці грамадскую суполку па рэалізацыі палажэнняў Балонскага працэсу. «У гэтую раду павінны ўвайсці прадстаўнікі беларускіх ВНУ, каб вызначыць стратэгічную праграму па павышэнні якасці адукацыі ў сувязі з уваходам у Балонскі працэс. Мажліва, трэба стварыць незалежныя экспертныя цэнтры, якія б ажыццяўлялі маніторынг за ўзроўнем адукацыі, выпрацоўвалі новыя праграмы», — мяркуе ён.

Старшынёй гэтай Рады мог бы стаць Уладзімір Дунаеў, кіраўнік беларускага грамадскага Балонскага камітэта. «Нам трэба паказаць, што трэба зрабіць для паляпшэння нашай сістэмы адукацыі з улікам еўрапейскіх стандартаў адукацыі», — зазначае Пастухоў.

«Балонскі працэс дае нам шанец, і мы абавязаныя зрабіць канкрэтныя крокі дзеля павышэння якасці вышэйшай адукацыі, выраўняць статус нашых ВНУ і аслабіць кіраванне навучальнымі ўстановамі з боку органаў улады», — кажа Пастухоў.