Міхалевіч і Карач патрабуюць вызваліць Баўмгертнера

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, кіраўнік кампаніі "Наш дом" Вольга Карач, якая заявіла пра свае планы ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, і каардынатар руху "Трэці Шлях" Павел Марозаў 3 верасня ў адкрытым лісце запатрабавалі ад беларускіх уладаў "неадкладнага вызвалення Уладзіслава Баўмгертнера".



m_halev_ch.jpg

Алесь Міхалевіч. Фота: ByMedia.net

Аўтары ліста таксама патрабуюць вызваліць "усіх палітвязняў, усіх вязняў, несправядліва асуджаных, і тых, што сядзяць у беларускіх турмах за эканамічныя злачынствы па сфабрыкаваных крымінальных справах". "Гандаль закладнікамі падаецца беларускімі ўладамі як барацьба з карупцыяй, эканамічнымі злачынствамі, тэрарызмам, хуліганствам і г.д. У прыватнасці Уладзіслаў Баўмгертнер абвінавачваецца ў нанясенні істотнай шкоды эканамічным інтарэсам Беларусі", — гаворыцца ў звароце.

На думку падпісантаў, арышт гендырэктара "Уралкалія" з'яўляецца "вымагальніцтвам на дзяржаўным узроўні, мэта якога — расійскія грошы". "Гэта недапушчальна ў цывілізаванай еўрапейскім дзяржаве, якой была і будзе наша Беларусь без Лукашэнкі", — заяўляюць яны.

Беларускія палітыкі таксама заклікаюць расійскую грамадскасць, калег і сям'ю Уладзіслава Баўмгертнера падтрымаць іх патрабаванні да Лукашэнкі.

telegraf.by

Рух "За Свабоду": Баўмгертнерзакладнік

У сваю чаргу Рух "За Свабоду" ў сваёй заяве ад 30 жніўня заўважыў, што супраць Уладзіслава Баўмгертнера ужытыя метады, якія "даўно сталі нормай паводзін праваахоўных органаў у дачыненні да грамадзян Беларусі". "Цяпер закладнікам стаў грамадзянін Расіі, якую звычайна не цікавіць сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Калі ж беларускае кіраўніцтва ў сваім стылі адрэагавала, па сутнасці, на эканамічны падрыў, Масква загаварыла і аб праве, і аб джэнтльменскіх паводзінах. А ў дадатак ўжыла традыцыйны "анішчанкаўскі" інструментарый", — заяўляе Рух "За Свабоду".

Паводле заявы, гэты канфлікт "ярка адлюстраваў сутнасць так званай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй: праз келейныя закрытыя для кантролю грамадскасці пагадненні і дзеянні ўмацоўваць алігархічна-аўтарытарныя рэжымы ў нашых краінах".

У Руху "За Свабоду" таксама адзначылі, што "калі эканамічныя рашэнні прымаюцца і міждзяржаўныя дачыненні да выстройваюцца таемна ад народу і па постсавецкім "паняццях", то ставяцца пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт краіны, наносіцца шкода інтарэсам грамадзян Беларусі".

Як паведамляў Тэлеграф, намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевічзаявіў, што Следчы камітэт Беларусі вядзе правільную інфармацыйную палітыку па справе Беларускай калійнай кампаніі. Па словах раней намесніка старшыні ЛДП, які служыў у праваахоўных органах, у СК усё вельмі падрабязна распавялі і ў яго на дадзены момант пытанняў няма.