Міклаш Харасці: Не блытайце часовыя паслабленні з выкананнем правоў чалавека

Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці крануты сваім прыездам у Мінск, але ў наступны раз спадзяецца наведаць беларускую сталіцу менавіта ў якасці спецдакладчыка.

Міклаш Харашці. Фота: Еўрарадыё

Міклаш Харашці. Фота: Еўрарадыё

Пра гэта ён заявіў на паралельным форуме грамадзянскай супольнасці, які праходзіць 4 ліпеня ў Мінску напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Сесія ПА АБСЕ будзе працаваць у Мінску з 5 па 9 ліпеня. У сённяшнім форуме грамадзянскай супольнасці ўдзельнічаюць больш за сотню праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў з краін — удзельніц АБСЕ, іх беларускія калегі і дыпламаты, якія працуюць у Беларусі.

У сваім выступленні Харасці падкрэсліў, што прыехаў у Мінск у якасці эксперта для ўдзелу ў сесіі ПА АБСЕ па запрашэнні намесніка старшыні асамблеі Кента Харстэда. "Аднак, як ужо даўні сябар грамадзянскай супольнасці Беларусі, я вельмі ўдзячны. Мая функцыя тут вельмі важная", — сказаў спецдакладчык.

Харасці падзякаваў беларускай праваабарончай супольнасці за падтрымку правоў чалавека, "за самаадданасць і гераізм". "Дзякуй, што вы ўдзельнічаеце ў палітычным працэс", — сказаў ён.

Ацэньваючы сітуацыю ў Беларусі, Харасці падкрэсліў, што "не варта блытаць часовыя паслабленні з боку ўладаў з сістэмным характарам выканання правоў чалавека".

"Я вельмі рады і вельмі крануты тым, што я бачу. Мінск — гэта вельмі прыгожы еўрапейскі горад. Мы будзем рухацца наперад у плане паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. Буду спадзявацца, што я змагу аднойчы вярнуцца ў маёй афіцыйнай ролі", — сказаў на заканчэнне Харасці .

Міклаш Харасці прыбыў у Мінск 3 ліпеня па запрашэнні АБСЕ для ўдзелу ў 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ. Адразу пасля прыезду ён выказаў шкадаванне, што гэты візіт у Беларусь ажыццяўляе не ў якасці спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Пры гэтым падкрэсліў, што сваю пазіцыю наконт сітуацыі ў краіне зможа выказаць на афіцыйнай пляцоўцы.

З 2012 года Харасці з'яўляецца спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Беларускія ўлады не прызнаюць яго мандат, адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з ім і не накіроўваюць запрашэння наведаць краіну, якое неабходна для візіту ў Беларусь у якасці спецдакладчыка.

Сваю апошнюю справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі Харасці прадставіў Савету ААН па правах чалавека 14 чэрвеня. 23 чэрвеня савет прыняў рэзалюцыю па Беларусі, якая яшчэ на год прадоўжыла мандат спецдакладчыка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН