Лаялася матам ці эмацыйна рэагавала на сітуацыю?

Праваабаронцы разышліся ў ацэнцы жанчыны, якая зняла на відэа інцыдэнт у метро.

c66f4680_f6a5_49b3_83cb_1c46dd73278a_w1023_r1_s.jpg


Мінскі гарадскі суд разгледзіць скаргу жыхаркі Мінску Людмілы Сінюк, якую Цэнтральны раённы суд аштрафаваў у чэрвені за лаянку ў адрас супрацоўнікаў міліцыі.
У канцы траўня Людміла Сінюк выклала ў інтэрнэт відэа, якое зрабіла падчас жорсткага затрымання ў мінскім метро маладога чалавека. Інцыдэнт выклікаў грамадзкі рэзананс, відэа атрымала каля 160 тысяч праглядаў.
Жанчына абуралася дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі і ахоўнікаў метро, ў тым ліку чуваць яе нецэнзурная лексыка. Суд палічыў гэта дробным адміністрацыйным парушэннем і пакараў мінчанку штрафам у 230 рублёў.
Людміла Сінюк не пагадзілася з пакараннем і звярнулася па дапамогу да праваабаронцаў. Паводле Андрэя Бандарэнкі, Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна» адмовіўся ўмешвацца ў сітуацыю.
«Мне цяжка казаць, якімі прынцыпамі кіруецца намеснік Алеся Бяляцкага, але яны далёкія ад міжнародных стандартаў абароны правоў людзей», — пракамэнтаваў сытуацыю Андрэй Бандарэнка.
Ці гэта так? Валянцін Стэфановіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды сваю пазыцыю:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч


«Мы не лічым, што мусім уцягвацца, паколькі гэта не звязана з нашай праваабарончай дзейнасцю. Не ацэньваю, наколькі супрацоўнікі міліцыі прафесійна выконвалі свае абавязкі, але законныя падставы ў іх былі. Знаходзіцца ў нецвярозым стане правіламі карыстання метро забаронена, і што таго маладога чалавека з метро выдалілі, у нас няма гэтаму пярэчанняў. Ён жа яшчэ і зламаў нос супрацоўніку, калі памятаеце, а гэта крымінальнае злачынства. Паводле закону, у выпадку непадпарадкавання ці аказання супраціву супрацоўніку міліцыі яны маюць права ўжываць фізычную сілу. І на відэа відаць, як гэта было, як ён збіў чалавека на эскалатары, як яго потым затрымалі.

І чаму мы цяпер тут павінны былі ўмешвацца, ня ведаю. Тое, што яна лаялася матам, гэта вынікае з відэа. Што да допісу Андрэя Бандарэнкі, дык я выказваў яму сваю думку — не ад кіраўніцтва „Вясны“, бо я не з'яўляюся намеснікам старшыні „Вясны“, не ўваходжу ў кіроўныя органы арганізацыі. Гэта маё асабістае меркаванне як праваабаронцы Валянціна Стэфановіча».
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка мяркуе, што нецэнзурныя словы Людмілы Сінюк на відэа не ёсць падставай лічыць яе парушальніцай правапарадку:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Трэба адрозніваць лаянку матам у пэўны адрас і эмацыйныя выказванні. Як юрыст зазначу, што ў дзеяннях Сінюк няма скіраванасці на правапарушэнне — гэта проста быў такі эмацыйны стан, экспрэсія, пачуцці ў адказ на пэўную сітуацыю, якая адбывалася на яе вачах, калі міліцыянты жорстка збівалі таго хлопца. Па-другое, яе ніхто з міліцыянтаў не папярэджваў, што яна ўчыняе правапарушэнне і мусіць спыніцца. І трэцяе: як тады ўвогуле людзей далучаць да барацьбы за свае правы, калі гэтак рэагаваць на іхныя просьбы аб дапамозе? Таму будзем ёй дапамагаць праз „Платформу“, пойдзем з ёй у Мінскі гарадскі суд, у тым ліку паспрабуем сабраць грошы на штраф, калі ня ўдасца абскардзіць пастанову», — сказаў Бандарэнка.
Паводле мінскай гарадской міліцыі, 27 траўня на станцыі метро «Кастрычніцкая» міліцыянты спынілі маладога чалавека з прыкметамі нецвярозага стану і папрасілі выйсці з метро, але той падпарадкавацца адмовіўся.
У вэстыбюлі станцыі, паводле міліцыі, малады чалавек аказаў супраціў, ударам рукі зламаў нос аднаму з міліцыянтаў, пасля чаго яго затрымалі. Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць парушальніка, які пазней быў адпушчаны з падпіскай аб яўцы да следчага. Раней гэты малады чалавек быў асуджаны на 2 гады грамадскіх работ за дробны крадзеж ды іншыя правапарушэнні, паведамілі ў мінскай міліцыі.

svaboda.org