На павестцы ПА АБСЕ застаецца рэзалюцыя з крытыкай парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў неўнясенне прапаноў рэзалюцыі літоўскіх парламентароў на галасаванне на менскай сесіі ПА АБСЕ, а таксама тое, што Пастаянны Камітэт арганізацыі падтрымаў крытычны для беларускіх уладаў праект рэзалюцыі дэпутата Холма.

1499322209_ukraina_532.jpg

«Нават наяўнасць праекту рэзалюцый ужо спрацавала — вызваленыя вязні па справе патрыётаў. Апроч таго, на павестцы застаецца рэзалюцыя, якая паўтарае ўсю крытыку ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі», — адзначыў ён.
Паводле яго, мала хто звяртае ўвагу на тое, што рэзалюцый па Беларусі падрыхтавана дзве. Пры гэтым другая рэзалюцыя прысвечаная сітуацыі ва Ўсходняй Еўропе ў цэлым, але палова пунктаў — пра Беларусь. «Непрыняцце літоўскай рэзалюцыі — толькі на першы погляд няўдалая спроба літоўскіх дэпутатаў і перамога беларускіх чыноўнікаў», — упэўнены палітык.
На думку сустаршыні БХД, сваёй рэзалюцыяй Літва здолела прыцягнуць увагу да БелАЭС. «Нават Лукашэнка зрэагаваў (маўляў, «мы гатовыя дамаўляцца з літоўцамі, разам будаваць і эксплутаваць»). Магчыма, літоўская дэлегацыя і хацела б большага, але гэта была маладасягальная задача-максімум. І атака імі Шведаў зараз дасць магчымасць вымагаць ад іх большай згоды з прапановамі Літвы ў будучым», — заявіў Віталь Рымашэўскі.
Ён мяркуе, што другая рэзалюцыя цяпер пройдзе з большай верагоднасцю, бо нават праціўнікі першай рэзалюцыі апелявалі да другой як да правільнай. «А ў другой рэзалюцыі па правах чалавека і іншых пытаннях па Беларусі ўсе ёсць, апроч АЭС. Ну , а як было сказана вышэй, да пытання АЭС увага прыцягнутая», — дадаў сустаршыня БХД, адзначыўшы, што прыцягнуць увагу да тых ці іншых пытанняў — гэта хіба што не адзіны магчымы практычны вынік ПА АБСЕ, бо яе рашэнні «вельмі ўскосна звязаныя з практычнымі дзеяннямі».
Паводле яго, калі б была падрыхтаваная толькі адна рэзалюцыя, то асноўныя баталіі разгарэліся б вакол яе. «І нават пры яе прыняцці эфект быў бы нашмат меншы, бо рэзалюцыі патрэбны не самі па сабе, а дзеля таго, каб мець практычны вынік, уплываць на паводзіны тых, у дачыненні каго яны прымаюцца», — мяркуе Віталь Рымшэўскі.
На яго думку, хоць прадстаўнікі беларускіх уладаў і будуць імкнуцца максімальна змякчыць Другую рэзалюцыю, «у гэтай сітуацыі шанцаў на поспех у іх нашмат меней».
«Зрэшты, нават наяўнасць саміх праектаў рэзалюцый зрабіла сваю справу — пагроза прыняцця рэзалюцыі ўжо дапамагла вызваліць з-за кратаў хлопцаў, затрыманых па справе патрыётаў.
Важна, што захоўваецца моцная група заходніх палітыкаў, якія па-ранейшаму гатовыя прытрымлівацца каштоўнаснага падыходу ў палітыцы. Сёння на Захадзе досыць безумоўных лабістаў, якія былі супраць любой рэзалюцыі па Беларусі. Цікава тое, што гэтыя ж людзі разглядаюць Беларуска-Еўрапейскія стасункі выключна ў рэчышчы расійскай палітыкі. Але гэта тэма для асобнага артыкула», — падкрэсліў сустаршыня БХД.
Ён таксама нагадаў, што абедзве рэзалюцыі падрыхтаваныя прадстаўнікамі Еўрапейскай народнай партыі. БХД і Правацэнтрысцкая кааліцыя адпачатку падтрымлівалі абедзве з іх.
Паводле bchd.info