Ці збярэ Лукашэнка лаўры рэфарматара АБСЕ?
Як доўга Мінск зможа лавіраваць паміж Масквой і Бруселем.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што «наспела крайняя неабходнасць сустрэч кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ для абмеркавання вельмі важных і сур'ёзных праблем».
Пра неабходнасць рэфармаваць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і ўзмацніць яе ролю ў вырашэнні канфліктаў кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі АБСЭ ў Мінску.
Што азначае ініцыятыва кіраўніка Беларусі і наколькі яна рэалізуемая?
Чаму Беларусь не «новая Жэнева»?
Як лічыць дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, крыніца такіх ідэй ляжыць у агульнай канструкцыі беларускага МЗС, а таксама некаторых айчынных незалежных і дзяржаўных экспертаў наконт Беларусі як донара рэгіянальнай стабільнасці, перамоўнай пляцоўкі, «новай Жэневы».
— Ніякіх падстаў для гэтага няма. У рэальнасці гэта чыстая міфалогія, праўда, даволі паспяхова эксплуатаваная ў апошнія гады, — мяркуе палітолаг.
Ніякіх прычын, акрамя ідэалагічных, для гэтага няма, адзначае суразмоўца.
— Беларусь геапалітычна знаходзіцца паміж двух буйных інтэграцыйных праектаў і спрабуе рытарычна падтрымліваць свой лад нейтральнай краіны, служыць мастом паміж Усходам і Захадам, — падкрэслівае Андрэй Ягораў. — У рэальнасці эканамічная і геапалітычная роля Беларусі ў рэгіёне нікчэмная. Але, дадае эксперт, пакуль гэтая рыторыка дае пэўныя дывідэнды, яе можна эксплуатаваць для атрымання палітычных пераваг, наладжвання кантактаў з Захадам.
— Перамовы па Украіне, якія вядуцца ў Беларусі, а яшчэ раней мінскі дыялог з нагоды армяна-азербайджанскага канфлікту, паказвае сапраўдную ролю Беларусі як перамоўшчыка, — рэзюмуе аналітык.
Карбалевіч: Для Беларусі гэта балансаванне вельмі асіметрычнае
Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць ідэю афіцыйнага беларускага лідэра ілюзорнай адразу па многіх прычынах.
— Беларусь — невялікая дзяржава, каб уплываць на нейкія палітычныя працэсы. Беларусь — не зусім нейтральная дзяржава. Яна з'яўляецца саюзнікам Расіі. І маючыя адбыцца ў верасні вайсковыя вучэнні вельмі моцна турбуюць суседзяў, — кажа палітолаг.
Пасля пачатку ўкраінскага крызісу Лукашэнка, па словах Валерыя Карбалевіча, спрабуе гуляць самастойную ролю, дэманстраваць пазіцыю нейтралітэту.
— Саюз саюзам, але Беларусь не заўсёды ідзе ў фарватэры палітыкі Расіі. Да таго ж, гэтая ідэя ніяк не супярэчыць інтарэсам Расіі, — лічыць палітолаг.
Ці ёсць у прынцыпе неабходнасць збіраць саміт прэзідэнтаў краін-удзельніц АБСЕ?
У апошні раз такое мерапрыемства праходзіла ў Астане, калі Казахстан старшыняваў у АБСЕ.
— Але для гэтага сапраўды трэба, каб краіна была старшынёй АБСЕ, акрамя таго, пасля папярэдняга саміту павінен прайсці нейкі час, — тлумачыць эксперт.
Што тычыцца балансавання Лукашэнкі паміж Усходам і Захадам, то рабіць гэта можна вельмі доўга, упэўнены аналітык.
— На гэтым наогул можна пабудаваць усю стратэгію знешняй палітыкі. Іншая справа, што для Беларусі гэта балансаванне вельмі асіметрычнае, паколькі ваганні ў бок Расеі непараўнальна большыя, чым ваганні ў бок Захаду, — канстатуе Валер Карбалевіч.
Паводле zautra.by