Беларусь не падтрымала спробу Расіі зняць з парадку ПА АБСЕ рэзалюцыю па Украіне
На пасяджэнні аргкамітэта сесіі ПА АБСЕ кіраўнік расейскай дэлегацыі, намеснік спікера Дзяржаўнай думы Пётр Талстой выказаўся супраць праекту рэзалюцыі па аднаўленні суверэнітэту і цэласнасці Украіны, паведамляе ўкраінская служба «Радыё Свабода». Беларусь пазіцыі Расіі не падтрымала.
Украінскі бок прапанаваў да разгляду праект рэзалюцыі «Аднаўленне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны». Усе 36 пунктаў дакумента расійскі бок назваў хлуснёй.
«Мы катэгарычна супраць прапанаванай Украінай рэзалюцыі, якая называецца «Аднаўленне суверэнітэту». Мы лічам, што краіна, якая не мае суверэнітэту, не мае права быць прадстаўленай ПА АБСЕ», - растлумачыў пазней дадзеную пазіцыю расійскім журналістам кіраўнік расійскай дэлегацыі Пётр Талстой.
Большасць прысутных пазіцыю Расіі не падтрымалі.
«Нашы паважаныя калегі, у тым ліку і калег з Беларусі, не падтрымалі нас па ўкраінскай рэзалюцыі», - заявіў Талстой «Спутнику».
Такім чынам, украінская рэзалюцыя будзе разгледжана і стане часткай глабальнай рэзалюцыі АБСЕ «Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ».
У праекце рэзалюцыі, якую падрыхтаваў для разгляду на Парламенцкай асамблеі ў Мінску Камітэт па палітычных пытаннях і бяспецы ПА АБСЕ, сярод іншага, прызнаецца, што «пэўныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей» знаходзяцца пад кантролем «рускіх гібрыдных сіл».
У рэзалюцыі таксама заклікаюць Расію «як акупуючую дзяржаву на Крымскім паўвостраве», забяспечыць бесперашкоднае перамяшчэнне СММ АБСЕ на тэрыторыі Крыма, а таксама заяўляюць аб падтрымцы Мінскага пратаколу і Мінскага мемарандуму па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.
Прадстаўнік Вярхоўнай рады Украіны Ігар Папоў высока ацаніў пазіцыю беларускага боку і заявы кіраўніка Беларусі, якія прагучалі напярэдадні.
Паводле яго слоў, ўкраінская дэлегацыя ў Мінску будзе весці перамовы з беларускімі ўладамі аб маючых адбыцца вучэннях «Захад-2017» з удзелам армій Расіі і Беларусі. Гэтая тэма таксама будзе абмяркоўвацца і падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.
Паводле tut.by