Мікола Плавінскі: На руках насельніцтва 200 тысяч металашукальнікаў
Малады археолаг Мікола Плавінскі распавёў Belsat.eu пра сваю новую кнігу, будучыню айчыннай археалогіі ды хуткую забарону «чорных капальнікаў».
Мікола Плавінскі. Фота belsat.eu
Кніга Міколы Плавінскага «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі» – гэта дзясятак рамантычных эсэ, прысвечаных археалогіі. За прыгожай вокладкай ды каляровымі ілюстрацыямі хаваюцца сапраўдныя праблемы сучаснай беларускай археалогіі: кадравы крызіс, адсутнасць фінансавання, канкурэнцыя з «чорнымі капальнікамі»…
Пра сваю кнігу і пра тое, як археалогія адказвае на выклікі сённяшняга дня, Belsat.eu распавядае Мікола Плавінскі.
Мікола Плавінскі прэзентуе сваю кнігу «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі». Фота belsat.eu
— Вашая кніга, дзе фігуруе нават «найвядомейшы археолаг» Індыяна Джонс, мае адбітак сентыментальнасці. Чаго ўсё ж такі больш у археалогіі: навуковага разліку ці рамантыкі?
— Калі казаць пра археалогію як навуку, то гэта дакладная і нават нудная рэч. Бо гэта не толькі раскопкі, але і апісанні, і апрацоўкаматэрыялаў… Вынік, то бок сур’ёзныякніжкі па археалогіі, зазвычай ніхто не чытае: яны адрасаваныя вузкаму колу спецыялістаў. Навуковая кніжка па археалогіі па сутнасці мала адрозніваецца ад навуковай кніжкі па фізіцы… А я сваю кнігу ад пачатку пісаў для шырокага кола чытачоў.
Напісаць навукова-папулярную кніжку складаней за акадэмічную
— Раней былі і Чарняўскі, і Штыхаў, якія маглі напісаць пра археалогію ў папулярнай форме. Наколькі гэтага не хапае цяпер?
— Я шчыра цешуся, што ў нас паступова запаўняецца вакантны дагэтуль сегмент вайскова-гістарычнай літаратуры. Гэта і серыя «Беларусь у войнах», да якой я таксама спрычыніўся, і выданні Янушкевіча.
Але агулам навукова-папулярнай літаратуры па гісторыі крытычна не хапае. Як у нас часта робяцца навукова-папулярныя кніжкі? Бяруцца акадэмічныя выданні, адтуль выкідаюцца спасылкі ды навуковы апарат, пішацца прадмова і кніжка ўжо нібыта навукова-папулярная. Але навукова-папулярная літаратура адразу пішацца для людзей, а не для прафесіяналаў, гэта адмысловы жанр! І напісаць яе, часам, цяжэй, чым навуковы тэкст.
— Большасць адкрыццяў, якія Вы апісваеце, адносяцца да савецкага часу. Гэта сведчыць пра заняпад археалогіі цяпер?
— Фінансаванне! Археолагі працуюць збольшага падчас «ратавальных раскопак» калі вядзецца нейкае будаўніцтва. Гэта неабходна як частка аховы помнікаў, плюс за гэта плоцяць нейкія грошы – самі замоўнікі.
Ну, а датычна навуковых даследаванняў… Калі параўнаць іх колькасць на мяжы 80-90-ых і цяпер, то атрымаецца, што аб’ём зменшыўся ў разы чатыры. Таму, сапраўды, варта прызнаць, што крыніцазнаўчая база нашай археалогіі назапашаная менавіта ў паваенны час.
Мікола Плавінскі. Фота belsat.eu
Археалогія: не надта грашовая і не надта прэстыжная
— Легенды археалогіі, кшталту Ткачова, Загарульскага, Чарняўскага, сыходзяць, а хто стае ім на змену? Назавіце, можа, кагосьці з «узыходзячыхзорак»?
— Правакацыйнае пытанне, бо калі аднаго назаву – іншыя пакрыўдзяцца. А калі сур’ёзна, то ідзе звычайная змена пакаленняў. Але аб’ектыўнаархеолагаў усё менш. Як і любая гуманітарная дысцыпліна, археалогія – гэта і не надта грашовая справа, і не надта прэстыжная. Рамантыка таксама адыходзіць. Я працую з валанцёрамі і магу адзначыць, што іх таксама ўсё меней.
Я ўзгадваю, калі сам быў студэнтам, калі не было ані фінансавання, ані ўмоваў, але былі людзі.Цяпер жа ёсць прынамсі харчаванне, а часам і для пастою курортныя ўмовы – няма ахвотных.
— Якія галоўныя праблемы сучаснай беларускай археалогіі?
— Зноў жа – фінансаванне, як і ў любой даследніцкай дзейнасці. Археолагі жывуць сезонна: у цёплы сезон капаем, у халодны – пішам і апрацоўваем. Вось калі пішаш чарговую справаздачу ўзімку, кожны раз думаеш: усё, больш ніякіх дазволаў на раскопкі браць не буду, надакучыла. Але ўсё паўтараецца як у «дні сурка», нягледзячы на ўсе праблемы.
Мала студэнтаў-археолагаў, але з іншага боку: якія ў іх перспектывы працаўладкавання? Наколькі я ведаю лёсы прадстаўнікоў нават гарадзенскай кафедры, усе яны ў выніку трапляюць у музей…
Мікола Плавінскі. Фота belsat.eu
Для некаторых раскопкі «па-чорнаму» сталі бізнесам
— У новым «Кодэксе па культуры» ёсць месцы датычныя т.зв. «чорных археолагаў. Напрыклад, адносна адказнасці не толькі за самавольныя раскопкі, але і за захоўванне артэфактаў. А артэфакт, згодна кодэксу, гэта «любая рэч знойдзеная ў зямлі»…
— Тут варта больш звярнуць увагу на будучы ўказ прэзідэнта пра абавязковыя ліцэнзіі на металадэтэктары і штрафы за іх нелегальнае выкарыстоўванне. Гэта неабходны дакумент, які ёсць ва ўсіх суседніх краінах. Я неяк называў лічбу ў 200 тысяч адносна колькасці металашукальнікаў на руках насельніцтва…
— Але як можна падлічыць? Гэта ж шалёная лічба.
— Так, шалёная! Але яна выходзіць з колькасці ўдзельнікаў сайтаў і форумаў «чорных капальнікаў», якіх у нас развялося невядома колькі. У любым выпадку гэта дзясяткі тысяч. Так, нехта купляе каб пабавіцца, танныя мадэлі каштуюць нядорага. Але ёсць катэгорыя, для якой незаконныя раскопкі нават на археалагічных помніках сталі бізнесам. І калі гэтага не спыніць, то ў некаторых рэгіёнах Беларусі помнікаў наўпрост не застанецца. Тыя ж усходне-літоўскія курганы ў Панёманскім рэгіёне: для іх гэта наўпрост катастрофа…
Іншае пытанне: як будзе працаваць указ? Хто будзе сачыць за яго выкананнем? Калі будзе створаная зацікаўленасць сярод міліцыі і яны будуць выконваць план не толькі па алкаголіках, тады – так, можа быць. Але калі гэта будзе ўскладзена на ледзве жывыя органы Аховы помнікаў – плёну не будзе ніякага.
— Але навошта караць адразу ўсіх? Ёсць жа людзі, якія наўпрост ходзяць па палях і не лезуць у курганы.
— Капальнікі кажуць: «Мы ходзім і шукаем, нічога больш». Але так яны трапляюць на скарбы, якія разыходзяцца па руках. Трапляюць на аб’екты, ад якіх не застаецца ніякіх слядоў. У нас зараз вельмі мала працоўных археолагаў, таму на археалагічныя выведкі наўпрост няма часу. А ў капальнікаў ёсць.
Канешне, ёсць невялічкі адсотак, які ў выпадку цікавых знаходак звяртаецца да навукоўцаў, дае інфармацыю. Але гэта выключэнне з правілаў. У масе сваёй «чорная археалогія» – адмоўная з’ява.
Фота belsat.eu
У фінансаванне я веру таксама, як у экспедыцыю на Марс
— Бачыце, Вы самі кажаце, што ў археолагаў няма ані часу, ані мажлівасцяў працаваць у полі. Але дзякуючы ўгнаенням, шмат артэфактаў з металу наўпрост іржавее ды знішчаецца з часам…
— Гэта адна з любімых адгаворак «чорных капальнікаў». Ворны слой – гэта 20-30 см, а тое, што ніжэй, ляжала б сабе ў некранутым стане. Але сучасныя дэтэктары б’юць значна глыбей… Я згодзен, ёсць нюансы, але пытанне ўжо набалелае і ўпарадкаваць абарот і рынак гістарычных артэфактаў ужо даўно прыспеў час.
Спісы помнікаў па кожнай вобласці Беларусі ёсць зараз у вольным доступе. Таму кожны можа ўзяць сабе такую мапу, кінуць дэтэктар у машыну і паехаць зарабляць грошы. Таму ліцэнзіі неабходныя.
— У Беларусі ўсе праблемы часта «вырашаюцца» праз забароны. Можа археолагам замест «карных санкцыяў» паспрабаваць выбіць у дзяржавы грошы на музеі ды экспедыцыі? Нават на закуп тых жа ўнікальных рэчаў у капальнікаў.
— Закупка рэчаў у капальнікаў – гэта падтрыманне рынку. Але самі закупкі так ці інакш адбываюцца, калі ідзецца пра сапраўды ўнікальныя прадметы.
Фундаментальная навука патрабуе сур’ёзных капіталаўкладанняў. А вынікі? Вось прыедуць журналісты на раскопкі, а мы ім пакажам замест золата і дыяментаў каменныя нажы, як гэта зазвычай бывае. Для большасці журналістаў і гледачоў гэта расчараванне… Таму ў дадатковае фінансаванне любой гуманітарнай сферы ў Беларусі я веру прыкладна гэтак жа, як і ў беларускую экспедыцыю на Марс.