Выйшла з друку кніга, прысвечаная бітвам пад Клецкам у 1506 і 1706 гадах
Яе аўтар — гісторык і краязнавец Андрэй Блінец — распавядае пра дзве ваенныя падзеі, якія аб’ядноўвае адно месца здарэння. Аднак яны адбыліся ў розны час і мелі рознае значэнне.
Разгром крымскіх татар пад Клецкам у 1506 г. харугвамі войска ВКЛ пад камандаваннем князя Міхаіла Львовіча Глінскага стаў у пэўным сэнсе знакавай падзеяй пачатку XVI ст. Пра гэту перамогу добра
ведалі сучаснікі, пра яе не забыліся нашчадкі.
Бітва паміж шведскімі аддзеламі і расійска-ўкраінскім корпусам, якая адбылася 19 красавіка 1706 г., застаецца малавядомым эпізодам Паўночнай вайны. Нават спецыялісты мала што могуць пра яго
сказаць.
Часткова такое адрознае стаўленне да гэтых падзей можна зразумець. У 1506 г. з паўднёвымі агрэсарамі біліся нашы продкі, у бітве вырашаўся лёс нашых зямель. Сваіх блізкіх чакалі з паходу ў
Наваградку, Лідзе, Мінску…
У 1706 г. на нашай тэрыторыі зводзілі рахункі паміж сабой больш моцныя і агрэсіўныя суседзі. Перамога, якую здабылі шведы, прынесла славу чужой зброі. Наўрадці ў Мінску, Ваўкавыску ці Слоніме
моцна бедавалі з такой нагоды. Тым не менш, падзеі трохсотгадовай даўніны — таксама частка нашай гісторыі. Бітва паміж шведскімі і расійска-ўкраінскімі злучэннямі вясною 1706 г. стала
кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Вялікай Паўночнай вайны.
У дадатках да кнігі змешчаны шэраг малавядомых дакументаў XVI і XVIII стст., некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.
Кнігу,што выйшла ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча, можна набыць у найлепшых кнігарнях Мінска і Беларусі, а таксама ў інтэрнэт-крамах.
Паводле прэс-рэлізу Андрэя Янушкевіча