Мільянеры ў краіне цудаў
Часам трапляюцца навіны, ад якіх зрывае дах. Адна з іх дае падставы для ператварэння Беларусі ў сацыяльны рай, пра які так доўга марыў Аляксандр Лукашэнка. Ён неаднойчы казаў: «Дайце нам
столькі ж грошай, колькі Грэцыі, і мы зробім тут цукерачку з краіны». Пакуль ён глядзіць на датацыі Грэцыі, грошы мірна ляжаць за ягонай спінай.
У Беларусі пражывае 115 мультымільянераў, сукупная «заначка» якіх складае 13 мільярдаў долараў. Такія дадзеныя даследавання «World Ultra Wealth Report
2012–2013», якое правяла міжнародная кансалтынгавая кампанія «Wealth-X». Па колькасці мультымільянераў Беларусь заняла 27-е месца сярод 45 краін Еўропы. Першыя
месцы занялі Германія (15 770 мультымільянераў), Вялікабрытанія (10 515) і Швейцарыя (5 595).
У параўнанні з папярэднім рэйтынгам 2011–2012 гадоў колькасць мультымільянераў у Беларусі павялічылася на пяць чалавек, а іх сукупны капітал скараціўся на 3,3%.
Вось бы гэтыя грошы ўкінуць у народную гаспадарку! Гэта ж колькі можна пабудаваць лядовых палацаў і накупіць самалётаў! Ды што там самалёты — не патрэбны нам крэдыт на атамную станцыю з
Расіі — нашы мільянеры могуць скінуцца і пабудаваць яе самі, дый грошы яшчэ і застануцца! А калі ўлічыць, што ў Беларусі ўвесь ВУП складае ўсяго толькі 23 мільярда долараў? Гэта ж краіна
можа некалькі месяцаў не працаваць!
Аляксандру Лукашэнку трэба азірнуцца і паглядзець на свой народ. Хто там такі багаты? Хто яшчэ не заплаціў 200% «камуналкі»? Чаму не скампенсавалі адмену бясплатнага праезду для
студэнтаў у летні перыяд?
14 кастрычніка ў Літве адбыўся рэферэндум па пытанні будаўніцтва новай літоўскай АЭС. Падчас рэферэндуму прапанавалася адказаць на пытанне: «Ці падтрымліваеце вы будаўніцтва новай атамнай
станцыі ў Літоўскай Рэспубліцы?» У рэферэндуме ўзялі ўдзел 51,5% насельніцтва, 62,7% з іх не падтрымалі ўзвядзенне новай АЭС.
У сувязі з гэтым беларускія «зялёныя» святкуюць перамогу. З іх меркавання, перамога сапернікаў АЭС у Літве з’яўляецца перамогай грамадзян усіх краін Усходняй Еўропы, бо
ўпершыню за доўгі час у рэгіёне праведзена агульнанацыянальнае апытанне насельніцтва, вынікі якога наглядна ілюструюць, наколькі жыхарам рэгіёну, да якога таксама належыць Беларусь, непрымальная ідэя
развіцця атамнай індустрыі.
Паводле «зялёных», рэферэндум у Літве фактычна пазбаўляе легітымнасці намер карпарацыі «Расатам» пабудаваць беларускую АЭС. «Наўрад ці жыхары суседняга з
Літвой Астраўца настолькі ментальна адрозныя ад літоўцаў, каб стопрацэнтна падтрымліваць будаўніцтва пад бокам небяспечнага атамнага аб’екта», — лічаць
«зялёныя», і ў сувязі з гэтым заклікаюць кіраўнікоў энергетычнага комплексу Беларусі «прызнаць маральную паразу» і «пайсці ў адпачынак», як гэта
ўжо зрабіў іх калега, міністр энергетыкі Літвы Арвідас Секмокас.
Ага, так нашы міністры і сыдуць у адстаўку па выніках рэферэндуму ў суседняй краіне. Па-першае, у іх мільёнаў долараў няма, ім трэба працаваць. Па-другое, Беларусь — не Літва, і народ тут
іншы. Вось прапануйце «зялёным» правесці рэферэндум па АЭС пад кіраўніцтвам і патранажам Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай. Што ў адказ «зялёныя» скажуць? Яны ведаюць,
якія будуць вынікі? Яны ведаюць, і ўсе беларусы ведаюць — 76% «за», тут і рэферэндум непатрэбны. Толькі грошы марнаваць. Не чые-небудзь, а нашых мільянераў.
А вось пра што мільянерам сапраўды ў нашай краіне трэба было паклапаціцца, дык гэта пра ініцыятыву МУС. Тое, чаго так доўга чакалі і дамагаліся праваабаронцы, урэшце адбылося. Будынак Цэнтра ізаляцыі
правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, які размяшчаецца ў сталіцы па адрасе: 1-ы завулак Акрэсціна, 36, закрыты на рамонт.
Рамонт — планавы, праведзены вялікі аб’ём падрыхтоўчай працы, складзена праектна-каштарысная дакументацыя, рамонтныя работы ўжо пачаліся. Яны павінны быць выкананы на працягу
прыкладна двух гадоў. У той жа час ЦІП працягвае функцыянаваць у памяшканні ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) ГУУС Мінгарвыканкама ў суседнім будынку па адрасе: 1-ы завулак Акрэсціна, 36а. Дзейнічае
і ІЧУ.
А пакуль з мільянерамі справа не высветленая, актуальнай застаецца тэма іншых «багаценькіх Бураціна». «Нобеля» Алесю Бяляцкаму не далі — далі Еўрасаюзу.
Але ж днямі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа. Рашэнне прынята гарадскім саветам паводле прапановы мэра французскай сталіцы, які ўхваліў
ініцыятыву савета мэрыі 11-й акругі Парыжа.
Хай тады парыжане і скінуцца на рамонт бабруйскай калоніі №2, дзе знаходзіцца Бяляцкі. Вось гэта будзе рэальная дапамога палітвязню!
А пакуль не знайшлі мільянераў, і Парыж не кідаецца Беларусі дапамагаць, трэба разлічваць на свае сілы. Лукашэнка даручыў ураду «распачаць захады па замацаванні станоўчых тэндэнцый на
валютным рынку». Такое распараджэнне ён зрабіў, прымаючы 15 кастрычніка з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
«Наколькі гэта магчыма, я адсочваю сітуацыю на валютным рынку. Мяне, вядома, задавальняе, што там ужо адбыўся пералом пасля гэтых палітычных вэрхалаў і дзеянняў нашай так званай апазіцыі,
якая запалохвала насельніцтва праз СМІ і інтэрнэт, спараджаючы нейкія дэвальвацыйныя чаканні», — заявіў Лукашэнка. «Ужо, можна сказаць, тыдзень сітуацыя пераломлена, і тры
апошнія дні Нацыянальны банк валюту скупляў. Гэта добры сігнал на ўмацаванне беларускага рубля, гэта трэба рабіць», — дадаў ён.
Не ведаю, дзе і па чым Лукашэнка сочыць за валютным рынкам. Можа, у яго свой рынак і свае трэйдары на ім. Але на Беларускай валютна-фондавай біржы еўра скокнуў у сераду адразу на 200 рублёў
— да 11 230, долар вырас на 80 рублёў — да 8 570 рублёў. І наўрад ці гэты «скачок» абумоўлены скупкай валюты Нацбанкам.