Мінадукацыі пракаментавала страйк у прыватным мінскім універсітэце

У Міністэрстве адукацыі Беларусі пракаментавалі сітуацыю з Мінскім інавацыйным універсітэтам (МІУ), дзе 11 лістапада больш за 600 студэнтаў абвясцілі забастоўку. Афіцыйны каментар змешчаны на сайце ведамства, перадае Радыё Свабода.

c444205a_7fef_4a7d_b59f_1339c29ac519_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

У ім гаворыцца, што «ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі праводзіцца ўсімі ВНУ не радзей за адзін раз на пяць гадоў». Калі сёлета яго планава праводзілі ў МІУ, «былі выяўленыя шматлікія парушэнні заканадаўства аб адукацыі». У прыватнасці:
— тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме не адпавядае патрабаванням адукацыйных стандартаў,
— выяўлены парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў,
— шэраг структурных падраздзяленняў універсітэту не адпавядае вызначаным патрабаванням,
— колькасць выдадзеных пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі перавышае колькасць слухачоў, якія асвоілі адпаведныя адукацыйныя праграмы,
— па шэрагу прадметаў адсутнічаюць навучальныя праграмы і інш.
Як адзначаецца ў заяве, цяпер для МІУ ёсць два шляхі вырашэння ўзніклай сітуацыі:
— першы — ліквідаваць усе заўвагі камісіі, адзначаныя ў заключэнні, і звярнуцца з заявай у Дэпартамент кантролю якасці адукацыі для правядзення паўторнай акрэдытацыі;
— другі — закрыць спецыяльнасці, якія былі не акрэдытаваныя, і паведаміць пра гэта Міністэрству адукацыі. (Студэнтам МІУ будзе дадзена магчымасць працягнуць навучанне ў іншых ВНУ па вучэбных планах і праграмах МІУ, гаворыцца ў заяве).

У сувязі з гэтым «дзеянні кіраўніцтва ВНУ ў падбухторванні студэнтаў да страйкаў, маніпуляванні грамадскай думкай намі разглядаецца як спроба адысці ад вырашэння пытання па сутнасці», гаворыцца ў заяве Мінадукацыі.
Рэктар Мінскага інавацыйнага ўніверсітэту Мікалай Суша ў каментары «Беларускаму партызану» заявіў, што Міністэрства адукацыі не працягнула ВНУ акрэдытацыю па пяці ключавых спецыяльнасцях з прычыны «асабістай непрыязнасці» міністра адукацыі Ігара Карпенкі да ВНУ і да яго самога.
«Я думаю, што ўсё заснавана на асабістай непрыязнасці міністра адукацыі Карпенка да ВНУ і да маёй асобы. Больш нічога тут няма. З 27 сакавіка гэтага года ўсё лета нас трымалі ў стане праверкі, камісію за камісіяй адпраўлялі, страчылі розныя скаргі ў пракуратуру, каб мяне прыцягнулі да адказнасці за парушэнне заканадаўства адукацыі. Праверкі прайшлі, але пракуратура парушэньняў ня выявіла», — заявіў Мікалай Суша.

Паводле яго, «даведка аб акрэдытацыі напісаная на 120 старонках, але канкрэтна не пазначана, за што не акрэдытавалі тую ці іншую спэцыяльнасьць», «пішуць „не акрэдытаваць“, а за што, не пішуць».
Раніцай 11 лістапада студэнты Мінскага інавацыйнага ўніверсітэту абвясцілі, што пачынаюць страйк супраць рашэння Мінадукацыі пазбавіць універсітэт акрэдытацыі на навучанне некаторым спецыяльнасцям. У забастоўцы бяруць удзел больш за 600 студэнтаў, паведамілі Свабодзе ва ўніверсітэце.
Міністэрства адукацыі не працягнула для МІУ акрэдытацыю ў пяці спецыяльнасьцях — «правазнаўства», «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «транспартная лагістыка» і «псіхалогія», на якіх навучаюцца 1600 студэнтаў. Для іх рашэнне Мінадукацыі азначае, што пасля вучобы ім могуць не выдаць дыпломы дзяржаўнага ўзору.
Міністар адукацыі Ігар Карпенка раней запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць навучанне ў іншых ВНУ, але не ўсіх гэта задавальняе. Адна з прычынаў незадавальнення студэнтаў — акадэмічная розніца навучання ў мінскіх ВНУ.

Што такое МІУ

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1991 годзе доктарам эканамічных навук, прафесарам Мікалаем Сушам. У ім рыхтуюць спецыялістаў па 12 спецыяльнасцях у галіне эканомікі, права, псіхалогіі, замежных моваў, інфармацыйных тэхналогій і дызайну. Паводле афіцыйнага сайту ўніверсітэту, сёння ў ім агулам навучаюцца больш за 11 тысяч студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучання, з імі працуюць больш за 220 выкладчыкаў. У 2019 годзе на першы курс універсітэту набралі 570 чалавек (з іх 390 чалавек — на дзённую форму навучання), прахадны бал пры паступленні — у сярэднім быў каля 200 балаў.
Усяго ў Беларусі 51 ВНУ, дзевяць з іх — прыватныя. У 2018–2019 гадах ва ўсіх беларускіх ВНУ навучаліся агулам каля 268 тысяч студэнтаў (паводле афіцыйнай статыстыкі).
svaboda.org