Студэнты прыватнага ВНУ выйшлі на страйк: «Мы заслужылі дыпломы»
У панядзелак раніцай 11 лістапада студэнты Мінскага інавацыйнага універсітэта (МІУ) выйшлі на страйк. Прычына пратэсту — імкненне адстаяць сваю навучальную установу.
Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту, які за 28 гадоў існавання паспяхова праходзіў мноства акрэдытацый, праверак і атэстацый, не працягнулі акрэдытацыю па некаторых спецыяльнасцях. У выніку, па словах рэктара Мікалая Сушы, 1600 хлопцаў і дзяўчат могуць застацца без дыпломаў дзяржаўнага ўзору, паведамляе TUT.BY.
— Міністр сказаў, каб мы не хваляваліся, нас перавядуць у іншыя ВНУ, але хіба для выпускнікоў гэта выйсце? — задаецца пытаннем Любоў Карзюк, студэнтка 4-га курса, якая ў гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства». — Мы патэлефанавалі ў Міжнародны ўніверсітэт МІПСА, там сказалі, што акадэмічная розніца, якую мне, напрыклад, давядзецца здаваць, — гэта каля 30 прадметаў. Зараз лістапад, у чэрвені я павінна атрымаць дыплом, да гэтага прайсці пераддыпломную практыку. Калі мне ўсё гэта паспець?
Забастоўка пачалася ў 9.30. Месца збору — другі паверх галоўнага корпуса
універсітэта. За 15 хвілін да пачатку страйку сабралася чалавек 200. Студэнты
паволі падыходзяць. У некаторых у руках плакаты. «Мы заслужылі дыпломы», «Не
іншым ВНУ» — напісана на аркушах ватману.
Па словах Фёдара Багданава, актывіста і старасты адной з груп, другі паверх галоўнага корпуса змясціў не ўсіх нязгодных. Частка пратэстоўцаў размясцілася на іншых паверхах ды ў іншым корпусе.
Усяго акрэдытацыю Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту не працягнулі па пяці спецыяльнасцях — «Правазнаўства», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Транспартная лагістыка» і «Псіхалогія». На гэтых спецыяльнасцях, паводле дадзеных ВНУ, вучыцца больш за 1600 студэнтаў. У ВНУ, як раней патлумачыў рэктар Мікалай Суша, бестэрміновая ліцэнзія, таму студэнты могуць працягнуць вучыцца. Але, калі сітуацыя не вырашыцца, выпускнікам не змогуць выдаць дыплом дзяржаўнага ўзору.
Нагадаем, як патлумачыў Мікалай Суша, раз на пяць гадоў усе навучальныя ўстановы краіны праходзяць акрэдытацыю. За 28 гадоў свайго існавання Мінскі інавацыйны ўніверсітэт праходзіў мноства акрэдытацыі і атэстацый, і заўсёды ўсё было добра.
Што здарылася гэтым разам, Мікалай Суша не ведае. Паводле яго слоў, у пачатку лістапада ўніверсітэт атрымаў ліст з Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. У дакуменце напісана, што навучальнай установе не працягваюць акрэдытацыю па пяці спецыяльнасцях.
Рэктар упэўнены: усе парушэнні, якія былі выяўлены падчас праверкі, нягрубыя і іх можна выправіць. Кіраўніцтва МІУ будзе абскарджваць рашэнне камісіі. Абараняць свой універсітэт гатовыя і студэнты: на мінулым тыдні яны паведамілі, што збіраюцца страйкаваць.
Сітуацыю пракаментаваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што студэнтам не трэба хвалявацца. У адпаведнасці з заканадаўствам, згодна з рашэннем Міністэрства адукацыі, студэнты змогуць працягнуць адукацыю ў іншых ВНУ па сваіх спецыяльнасцях з наступнай выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору. Кіраўніцтву МІУ міністр парэкамендаваў «паглыбіцца ў сутнасць рэкамендацый камісіі, ліквідаваць выяўленыя недахопы і арганізаваць адукацыйны працэс у адпаведнасці з нормамі заканадаўства».
Паводле tut.by