Мінінфарм і МУС адмовіліся каментаваць сюжэт на «Беларусь 1», дзе прысутнічала нецэнзурная лексіка

«Так, масавасць пратэстаў сапраўды падае, а вось агрэсіўнасць узрастае», — з гэтых слоў пачынаецца сюжэт апошняй пятнічнай «Панарамы» пра пратэсты. Перадача атрымалася б звычайнай для канала «Беларусь 1», калі б не адно але: у эфір, верагодна, выпадкова патрапіў кавалак нейкай перапіскі ў тэлеграм, якая змяшчае нецэнзурную лексіку. Пакуль рэакцыі ад дзяржорганаў не было.

Скрыншот: YouTube-канал «АТН: навіны Беларусі і свету»

Скрыншот: YouTube-канал «АТН: навіны Беларусі і свету»

Сюжэт называецца «Беларусам надакучылі пратэсты: перакрыццё дарог, падпальванне пакрышак, страўліванні людзей». У ім вядучы праграмы Сяргей Лугоўскі распавядае, што пратэсты ператварыліся ў «барацьбу з уласным народам — ​​людзьмі, якія не жадаюць падтрымліваць радыкалаў, што выходзяць на вуліцы, і апускаць краіну ў некантраляваны хаос».
У канцы сюжэту старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Рачкоў каментуе тое, што адбываецца на пратэстах:
— На пэўным этапе даецца ўстаноўка для радыкалізацыі, для таго, каб выклікаць дзеянні ў адказ праваахоўных органаў і каб з'явіліся сакральныя ахвяры, і ўсё гэта вельмі выразна здымаецца для дэманстрацыі і распаўсюду ў сацыяльных сетках.

Пасля слоў Рачкова ў «Панараме» прыводзіцца такі ўрывак перапіскі ў адным з тэлеграм-чатаў. Закадравы голас пры гэтым паведамляе: «Як кажуць каментатары-жартаўнікі ў тэлеграме, хто назірае за беларускім "змагар'ём", у цырку не смяецца».

Скрыншот: YouTube-канал «АТН: навіны Беларусі і свету". У эфір гэтае паведамленне з тэлеграм выйшла без цэнзуры, у тым ліку не замазаны нік карыстальніка

Скрыншот: YouTube-канал «АТН: навіны Беларусі і свету". У эфір гэтае паведамленне з тэлеграм выйшла без цэнзуры, у тым ліку не замазаны нік карыстальніка


Варта адзначыць, што ў прыведзеным паведамленні пагроза гвалту зыходзіць ад людзей, якім «надакучылі пратэсты».
Журналісты звярнуліся па каментары ў Міністэрства інфармацыі і Міністэрства ўнутраных спраў.
Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі адмовіўся каментаваць інцыдэнт, спаслаўшыся на тое, што відэа ён не бачыў асабіста. Акрамя таго, намеснік міністра дадаў, што Белтэлерадыёкампанія Міністэрству інфармацыі не падпарадкавана.
Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава таксама сказала, што яна сюжэт яшчэ не бачыла. Але выказала сумнеў, што ведамства павінна даваць прававую ацэнку таго, што здарылася, без санкцыі Мінінфарма.
— У любым выпадку, Міністэрства інфармацыі павінна адрэагаваць і пракаментаваць, угледжваюць яны тут парушэнне ці не бачаць. Усе гэтыя працэсы рэгулюе Закон «Аб сродках масавай інфармацыі», — заўважыла прэс-сакратар.

Закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Артыкул 9. Мова сродкаў масавай інфармацыі


1. Масавая iнфармацыя можа распаўсюджвацца ў Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь i на iншых мовах.

2. У сродках масавай iнфармацыi не дапускаецца выкарыстанне нецэнзурных слоў і выразаў.


На пытанне, ці могуць прыцягнуць да адказнасці за абразы чалавека, які напісаў паказанае ў эфіры паведамленне, Вольга Чамаданава адзначыла: «Мы не павінны выбіраць [прыцягваючы да адказнасці], пратэстоўцы гэта ці не пратэстоўцы. Норма для ўсіх адзіная».
tut.by