Міністэрства абароны пачало маштабныя вайсковыя вучэнні з удзелам 6000 салдатаў

Пра гэта са спасылкай на ведамства паведамляе «Радыё Свабода».

mil.by

mil.by

Раптоўная праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл Беларусі перайшла да актыўнай фазы — комплексных вучэнняў, якія з'яўляюцца «адной з мераў рэагавання на шматнацыянальныя манеўры NATO каля беларускіх межаў», гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны Беларусі.
Таксама вучэнні дадуць магчымасць ацаніць узровень падрыхтоўкі беларускага войска. Агулам у іх мяркуецца задзейнічаць каля 6000 вайскоўцаў, а таксама каля 200 адзінак рознага ўзбраення.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у відэакаментары на сайце ведамства адзначае, што праверка боегатоўнасці беларускіх войскаў праводзіцца «на фоне няпростага ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча».
«Ідзе мілітарызацыя Еўропы, павялічваецца склад груповак войскаў і колькасць узбраенняў, расце інтэнсіўнасць вучэнняў на тэрыторыі сумежных краінаў», — адзначыў Віктар Хрэнін.
Як падкрэслівае міністр, самым маштабным вучэннем за апошнія 25 гадоў стануць вучэнні «Абаронца Еўропы — 2020» на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі, ад правядзення якіх цалкам не адмовіліся, «нягледзячы на заявы еўрапейскага камандавання ЗША аб скарачэнні колькасці ўдзельнікаў, а таксама адмене чатырох сумежных вучэнняў з прычыны ўспышкі каронавірусу».
Як падкрэсліў міністр, прагназуючы варыянты развіцця становішча, у Беларусі «выбудавалі сістэму падрыхтоўкі Узброеных сіл такім чынам, каб мець магчымасць самастойна і своечасова ўплываць на працэсы, якія адбываюцца». Паводле Хрэніна, у Беларусі
— разам з памежнікамі адпрацаваныя пытанні ўзмацненьня ўчасткаў дзяржаўнай мяжы, — завершана зладжванне воінскіх частак,
— праводзіцца шэраг батальённых тактычных вучэнняў з прымяненнем процітанкавых кіраваных ракет, стральбой артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню на вялікія далёкасці, — праводзяць ацэнку эфектыўнасці створанай сістэмы тэрытарыяльнай абароны.
У межах вучэнняў NATO Defender-2020 ЗША планавалі адпрацаваць хуткае перакідванне сваіх войскаў праз Атлантычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. Усяго ў манеўрах планавалі задзейнічаць 37 тысяч салдат NATO з 18 краінаў, аднак пазней, у звязку з пандэміяй каронавірусу, маштаб вучэнняў быў радыкальна зменшаны.
У кастрычніку 2019 года, пасля інфармацыі аб прыбыцці амерыканскіх танкаў у Літву напярэдадні вучэнняў, Аляксандр Лукашэнка назваў размяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве «прэцэдэнтам» і заявіў, што яму разам з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засцерагчы сябе ў гэты перыяд».
28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах па рэагаванні», пасля якой міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Беларусь плануе шэраг захадаў для адэкватнага рэагавання на размяшчэнне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасці, захады, скіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнай мяжы і павелічэнне колькасці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім напрамку.
У канцы студзеня 2020 года ва Узброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці.
Паводле svaboda.org