«Мур хутка рухне»: сцяна і цяпер — самая вялікая траўма

Наша сцяна праходзіць па сем'ях, па душах, па мазгах. І калі яе не стане, застануцца шнары.

_mur___njavolja___vyjsce___vyhad___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

3 кастрычніка Германія адсвяткавала ўз'яднанне. 3 кастрычніка 1991 года Усходняя Германія афіцыйна далучылася да ФРГ, прыгадвае аўтар тэлеграм-канала «Сюжэтатэрапія». І адзначае, што апошнімі днямі давялося нямала прачытаць пра падзенне Берлінскай сцяны, і шмат якія паралелі прыйшлі на думку з нагоды цяперашняй беларускай сітуацыі, пра што не думалася раней.

 — У нейкай ступені немцам пашанцавала, таму што іх сцяна — гэта сімвал. Матэрыяльны сімвал, які існаваў у фізічным свеце. І яго падзенне — гэта таксама цудоўная сімвалічная падзея. Сцяна павалілася. Дарэчы, нямецкае слова «mauer» падазрона падобнае да нашага «мур»…

Дык вось. Сцяна. Аказваецца, яе пабудавалі за пяць дзён. Пабудавалі па ініцыятыве ГДР, таму што народ пачаў масава бегчы ў заходнюю частку, праход быў адносна вольны, а на Захадзе чамусьці значна больш плацілі.

Згодна са статыстыкай, з кастрычніка 1949 па ліпень 1961 года праз Заходні Берлін у ФРГ збегла каля 2,5 мільёнаў чалавек, а гэта шостая (!) частка тагачаснага насельніцтва ГДР. І сітуацыя пагаршалася: за 1961 год з ГДР збегла 207 тысяч чалавек, прычым толькі за ліпень 1961 года больш за 30 000.

Беглі маладыя, перспектыўныя і кваліфікаваныя. (Нешта мне гэта нагадвае...) А ГДР абвінавачвала ФРГ у «гандлі людзьмі», «перавабліванні» кадраў і спробах сарваць іх эканамічныя планы. (Жахлівых геяў, якімі можна было палохаць, тады яшчэ не прыдумалі).

Аднак што мяне ўзрушыла больш за ўсё, сцяну пабудавалі літаральна за пару дзён. Мне не сустрэлася ніякіх згадак пра пратэсты, а ў той момант у Берліне пражывалі 3 мільёны чалавек.

Ці значыць гэта, што ў той момант сцяна ўжо стаяла ў галовах людзей? Ці берлінцы былі ашаломленыя і не паспелі рэагаваць? Ці пабаяліся выйсці супраць людзей са зброяй? (Цікава, ім таксама казалі, што яны слабакі і баязліўцы?)


Глядзіце таксама

У наступныя гады сцяна станавілася ўсё вышэйшай і шырэйшай. Прычым у ГДР яе пазіцыянавалі як перашкоду, якая абараняе насельніцтва ад ФРГ, што лескатала гусеніцамі (таксама на нешта падобнае...), але чамусьці роў з кракадзіламі быў менавіта на баку ГДР, што стварала ўражанне, што менавіта яна стаіць за тым, каб не беглі адтуль.

І яшчэ цікава — на самай справе акружаны быў якраз Заходні Берлін, гэта ён быў абгароджаны сцяной і меў з астатняй краінай толькі паветраныя зносіны, але калі чытаеш пра той час, чамусьці адчуванне, што за сцяной сядзелі менавіта ўсходнія немцы…

І сцяна станавілася ўсё вышэйшай і страшнейшай. Надбудоўвалася і пашыралася. І «насценныя» памежнікі не ведалі, з кім ідуць у нарад, таму што нават ім не давяралі. І Штазі кантралявала ўсіх і кожнага.

Але сцяна звалілася. І я не знайшла ніякіх згадак пра тое, каб нехта яе абараняў.

Ці значыць гэта, што ў галовах людзей яе ўжо не было?

Нам казалі, што сцяна ўпала, таму што пачаліся пратэсты, але ў той дзень у Берліне выйшла на вуліцы 20 000 чалавек (беларусы, не плачце! мы з вамі разумеем, што гэта наогул ні пра што).

І на самай справе сцяна ўпала, таму што Венгрыя адкрыла межы з Аўстрыяй, і ўсходнія немцы атрымалі магчымасць яе лёгка аб'ехаць — яна проста перастала мець сэнс. Плюс СССР стала неяк не да падтрымкі ГДР (грошай няма, але вы трымайцеся!), і адразу высветлілася, што «держаться нету больше сил».

І пагранічнікі проста адкрылі пагранпераход. І людзі звонку сцяны пабеглі ўнутр. І там, унутры, іх сустракалі і плакалі. І здарылася гэта 9 лістапада 1989 года (дакументы аб аб'яднанні Германій падпісалі 3 кастрычніка 1990-га — гэта значыць праз год).

З тых часоў прайшло 33 гады, але сцяна дагэтуль — самая вялікая траўма Берліна. У любой частцы горада ты дакладна ведаеш, Захад гэта ці ўсход. Мяжа размываецца, але павольна, і след ад сцяны, як шнар, перасякае горад. Ён ужо не нявечыць яго — было зроблена мноства касметычных аперацый. Але гэты шнар немагчыма ігнараваць, хоць большасць людзей яго нават не заўважае. Гэта вельмі натхняе — назіраць, як людзі спакойна ідуць міма, не заўважаюць, не думаюць пра тое, што тут калісьці стаяла магутная, страшная сцяна.

Ці значыць гэта, што сцяна знікла?

Мяркуючы па сучасным мастацтве Берліна — не. Яна ўсё яшчэ ёсць. Пра яе пішуць, спяваюць, малююць і танчаць. 

Глядзіце таксама

Сёння я думаю пра тое, што ў нашай сцяны няма фізічнага цела. Наша сцяна ідзе наўпрост унутры кожнага з нас. Яна праходзіць па сем'ях, па душах, па мазгах. І калі яе не стане, застануцца шнары.

І нічога не забудзецца. Шмат гадоў пра падзенне сцяны будуць пісаць вершы і кнігі, але мур рухне. Абсалютна дакладна мур зруйнуецца. Таму што прыйдзе яго час.


Глядзіце таксама

P.S. Міжволі згадваецца віншаванне Лукашэнкі нямецкаму народу, якое беларускі кіраўнік даслаў 3 кастрычніка 2023-га: «Пераход ад супрацьстаяння да дыялогу запатрабаваў тады ад усіх бакоў прыняцця адважных, стратэгічных рашэнняў. На жаль, цяпер Еўрапейскі саюз праводзіць несамастойную палітыку канфрантацыі ў дачыненні да шэрагу суверэнных дзяржаў. Адзіным інструментам Бруселя з'яўляюцца аднабаковыя меры эканамічнага і палітычнага ціску, якія прама супярэчаць міжнароднаму праву», — гаворыцца ў віншаванні. А ў канцы беларускі кіраўнік пажадаў нямецкаму грамадству міру і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.