МУС: Амністыя не выкліча ўсплёску злачыннасці

Правядзенне амністыі не ўплывае на ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці. Пра гэта падчас прамой лініі ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» паведаміў начальнік дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Сяргей Дарошка.



amnistja.jpg

«Па досведзе мінулых гадоў магу сказаць, што правядзенне амністыі не ўплывае на ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці і злачыннасці ў цэлым. Заканадавец усё выразна прапісаў. Датэрмінова на свабоду не выйдуць злосныя парушальнікі парадку адбыцця пакарання і тыя, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў. А таксама асуджаныя, якім смяротнае пакаранне заменена пажыццёвым зняволеннем або пазбаўленнем волі. Цяперашні закон не распаўсюджваецца і на грамадзян, якія былі амніставаныя або памілаваныя на працягу апошніх 7 гадоў, на тых, хто цалкам не кампенсаваў шкоду, нанесеную злачынствам», — адзначыў Сяргей Дарошка, перадае БелТА.

Як паведамлялася, беларускія дэпутаты 21 мая прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

У дакуменце гаворыцца аб вызваленні ад пакарання такіх катэгорый грамадзян, як непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, у якіх ёсць дзеці да 18 гадоў; а таксама мужчыны старэйшыя за 60 гадоў і жанчыны старэйшыя за 55 гадоў; інваліды I або II груп; хворыя на актыўную форму туберкулёзу (аднесеныя да I, II, V «А» або V «Б» груп дыспансэрнага ўліку); анкалагічныя хворыя (другой, трэцяй або чацвёртай клiнiчных груп); ВІЧ-інфікаваныя (з 3-й і 4-й стадыямі захворвання па клінічнай класіфікацыі СААЗ); ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый; асобы, якія атрымалі раненні (кантузii), калецтвы, захворваннi пры выкананнi абавязкаў у перыяд ваеннай службы ва Узброеных Сілах СССР або Беларусі, КДБ , іншых войсках і воінскіх фарміраваннях.

Пры гэтым гаворка ідзе пра вызваленне ад грамадскіх або папраўчых работ, штрафу, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, абмежавання па ваеннай службе, арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, а таксама ад іншых мер крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання, а таксама ад дадатковых пакаранняў. Акрамя таго, у дакуменце сказана і аб зняцці самой судзімасці.

Акрамя гэтага, амністыя можа распаўсюджвацца на тых, хто яшчэ знаходзіцца пад следствам, або на людзей, прысуды якім вынесены на дзень уступлення ў сілу закона аб амністыі. Але ў любым выпадку яна будзе дзейнічаць толькі па пэўных складах злачынстваў.

Пад амністыю, у прыватнасці, не падпадаюць судзімыя больш за два разы з прызначэннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за наўмысныя злачынствы, раней судзімыя з прызначэннем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за ўчыненне злачынстваў, пералічаных вышэй. Тое ж тычыцца людзей, да якiх на працягу 2007-2014 гадоў прымяняліся амністыя або памілаванне, але пазней яны зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці.

Пазначаныя ў дакуменце і іншыя абставіны, якія замінаюць ўжыць амністыю. Напрыклад, гэта сітуацыі, калі на дзень пастановы прысуду асуджаны цалкам не кампенсаваў нанесеную злачынствам шкоду і не заплаціў даход, атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

У законапраекце аб амністыі гаворыцца таксама аб розных варыянтах змяншэння тэрмінаў пакаранняў.

Закон уступіць у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання. Да гэтага дакумент павінен быць разгледжаны і прыняты абедзвюма палатамі парламента і падпісаны кіраўніком дзяржавы.

Усяго ў Беларусі пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем, а таксама з абмежаваньнем волі, зараз адбываюць каля 30 тыс. чалавек. Па папярэдніх падліках, амністыя цяперашняга года закране больш за 10 тыс. асуджаных у Беларусі. Мяркуецца, што з папраўчых устаноў закрытага тыпу будзе вызвалена каля 2,1 тыс. чалавек, з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу — каля 630. Тэрмін пакарання будзе скарочаны на год прыкладна 7 тыс. асуджаных у папраўчых установах закрытага і 900 асуджаным — адкрытага тыпу.