Віганд і Купчына абмеркавалі беларускую мадэрнізацыю
У Мінску 28 мая адбылася першая (у рамках Прамежкавай фазы) сустрэча ЕС і Беларусі па пытаннях мадэрнізацыі. Задача Прамежкавай фазы — выбраць аптымальную форму будучага ўзаемадзеяння ЕС і ўрада Беларусі па пытаннях мадэрнізацыі ў адпаведнасці з параграфам № 29 Дэкларацыі віленскага саміту «Усходняга партнёрства».
На сустрэчы старшынствавалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і Гунар Віганд, дырэктар Еўрапейскай службы знешняга дзеяння па пытаннях Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ.
У сустрэчы таксама ўдзельнічалі Міхаэль Келер, дырэктар па рэгіёне Суседства ў Генеральным дырэктараце Еўрапейскай Камісіі па развіцці і супрацоўніцтве, і прадстаўнікі Генеральных дырэктаратаў па эканамічных і фінансавых пытаннях і прадпрымальніцтву.
У ходзе сённяшняга абмеркавання былі закрануты пытанні, звязаныя з кіраваннем у эканоміцы, прыватызацыяй, развіццём прадпрымальніцтва. Бакі пагадзіліся правесці наступную сустрэчу ў Брусэлі ў ліпені і абмеркаваць пытанні гандлю і інвестыцый.
Падчас свайго візіту дырэктар Гунар Віганд таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Ул.інф.