Музей Нобелеўскага лаўрэата

6 лістапада 1987 года заснаваны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Магчыма, пра гэтую дату ніхто б і не згадаў, як і пра сам музей, каб у ім у свой час не паспеў бы папрацаваць Нобелеўскі лаўрэат — Алесь Бяляцкі.

maksima1111.jpg

Хаця і сам па сабе гэты музей — вельмі цікавая ўстанова. Па-першае, тым, што 6 лістапада 1987 года ён быў толькі заснаваны загадам міністэрства культуры тады яшчэ нават БССР. А адкрыты для наведвання ён быў толькі ў 1991 годзе, ужо ў часы, калі развальваўся «Саюз непарушны».

А па-другое, Дзяржаўны музей гісторыі літаратуры з’яўляўся галаўной арганізацыяй у Аб’яднанні дзяржаўных літаратурных музеяў, утвораным 25 сакавіка 1986 года на базе Аб’яднанай дырэкцыі літаратурных музеяў Мінска. Гэтая структура была фактычна «парасонам» для шмат якіх іншых музеяў — Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Дзяржаўнага музея Петруся Броўкі.

Не прызначаны дырэктар

Дзяржаўны музей гісторыі літаратуры месціцца ў Траецкім прадмесці Мінска, на вуліцы Максіма Багдановіча, 13. Літаратурны музей Максіма Багдановіча знаходзіцца побач — на той жа вуліцы, але 7а. І менавіта ў Дзяржаўны музей гісторыі літаратуры прыйшоў ад пачатку працаваць Алесь Бяляцкі, згадвае ягоная сяброўка, калега і паплечніца Алена Лапцёнак.

Музей Максіма Багдановіча

Музей Максіма Багдановіча

Па яе словах, у 1989 годзе Бяляцкі скончыў аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР і прыйшоў на працу ў Музей гісторыі беларускай літаратуры ў якасці малодшага навуковага супрацоўніка. Але неўзабаве, у тым жа годзе, Алесь стаў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

«Што істотна — Алесь Бяляцкі быў не “прызначаным” дырэктарам, а “абраным”. На той момант у музеі Багдановіча не было кіраўніка, і на пасаду дырэктара быў абвешчаны конкурс. Так што Алесь стаў дырэктарам на конкурснай аснове, яго сапраўды выбраў калектыў з усіх пададзеных кандыдатур», — тлумачыць Лапцёнак. Па адрасе музея (тады гэта дазвалялася) былі зарэгістраваныя шмат недзяржаўных грамадскіх арганізацый, у адным з пакояў знаходзілася рэдакцыя газеты «Свабода».

Сама яна прыйшла на працу ў музей на пятым курсе філфака. Пазнаёмілася з Алесем за некалькі год да гэтага праз сяброўку-аднагрупніцу Паліну Качаткову, калі неяк разам пайшлі на літаратурную вечарыну ў музей Янкі Купалы. А потым, калі ў 1989 годзе пачалася выбарчая кампанія ў мясцовыя ды Вярхоўны саветы краіны, Алесь на іх балатаваўся ў Мінскі гарадскі савет. «Гэта былі першыя сапраўдны дэмакратычныя выбары, бо праходзілі на альтэрнатыўнай аснове, мы з сяброўкамі-філфакаўкамі ўвайшлі ў ініцыятыўную групу Алеся, агітавалі за яго, і не толькі за яго: тады ў Вярхоўны Савет XXII склікання па яго акрузе балатаваўся Яўген Будзінас. Мы, разбіўшыся на пары, хадзілі па кватэрах, распавядалі пра нашых кандыдатаў, раздавалі ўлёткі. А ў музеі на той момант было нешта кшталту штабу — там мы збіраліся, чальцы ініцыятыўнай групы, Алесь размяркоўваў, каму па якіх вуліцах ісці, якія дамы ахапіць», — распавядае Алена Лапцёнак.

Тады Алесь Бяляцкі не прайшоў у гарсавет. Але стаў дэпутатам пазней і прабыў на дэпутацкай кадэнцыі да 1996 года.

А ў музеі ішла актыўная праца да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага класіка, урачыстага адкрыцця музея ў 1991 годзе, экспазіцыя стваралася не толькі ў цэнтральным будынку на Траецкім, таксама планавалася адкрыццё ў мемарыяльным дамку на Рабкораўскім завулку, так званай «Беларускай хатцы». Пашыраўся і штатны склад супрацоўнікаў, — тады Алена Лапцёнак была прынята на працу ў Літаратурны музей Максім Багдановіча. Пазней навуковымі супрацоўнікамі сталі і іншыя яе аднагрупніцы — хто музея Багдановіча, а хто Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Агульная студэнцкая кампанія сталася музейнай.

Праца як хобі

«Ведаеце, ёсць такі выраз: “Зрабі сваё хобі сваёй працай, і табе ніколі не давядзецца працаваць ніводнага дня”. Вось гэта — пра нас тагачасных. Тады на другім паверсе будынка стваралася экспазіцыя музея ў пяці залах, над якой працавала група мастакоў, людзі творчыя, працоўны дзень у іх быў ненармаваны. У той час як сталыя музейныя супрацоўніцы былі ўжо з сем’ямі, з дзецьмі, і былі зацікаўленыя хутчэй ісці дадому, то мы, маладыя, прыходзілі ў другую змену і заседжваліся на працы да позняга вечара — маглі сысці ў 10 гадзін, нават у 11, бо мусілі як матэрыяльна адказныя здаць “аб’ект” на сігналізацыю пасля сыходу мастакоў», — распавядае Алена.

Пасля афіцыйнага адкрыцця музей стаў не толькі навуковым, але і культурным, творчым асяродкам — не «памяшканнем з экспанатамі», а сапраўдным цэнтрам нацыянальнага культурніцкага жыцця.

Калектыў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. 1991 год.

Калектыў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. 1991 год.

Абстаноўка ў музеі, згадвае Лапцёнак, была вельмі душэўнай і добразычлівай, ледзь не сямейнай, бо калектыў даволі невялікі, ды і сам музей камерны. «Калі-некалі з кімсьці разам хадзілі абедаць, на кухню Алесь прыдбаў мікрахвалёўку з посудам, і жанчыны часта варылі кашу з бульённым кубікам на ўсіх жадаючых, дзяліліся ссабойкамі. Таксама разам адзначалі святы і дні народзінаў: зазвычай — калектыў жа збольшага жаночы — кожная супрацоўніца прыносіла нешта сваё, фірмовае. Я, шчыра кажучы, дагэтуль гатую па тых рэцэптах, якія я дазналася тады ад сваіх старэйшых каляжанак», — распавядае яна.

Праца была цікавай, стваралася экспазіцыя ў філіяле, вёсцы Ракуцёўшчына. Супрацоўнікі музея ездзілі ў камандзіроўкі па Беларусі, у Яраслаўль, Вільню, Маскву і Ялту, шукалі экспанаты, расчытвалі рукапісы, працавалі ў архівах. Дарэчы, расслабляцца не даваў і Алесь Бяляцкі. «Кожныя два гады ў нас праводзіліся навуковая канферэнцыі, і ён заахвочваў у іх удзельнічаць, рыхтаваць публікацыі. Ён нам казаў: “Вы ж навуковыя супрацоўнікі!” Гэтыя артыкулы потым друкаваліся у навуковых зборніках, у часопісах, напрыклад, “Родным слове”», — распавядае Алена.

Малады Алесь Бяляцкі ў Ялце на магіле Максіма Багдановіча

Малады Алесь Бяляцкі ў Ялце на магіле Максіма Багдановіча

Неміфічныя рукапісы

Час беларускага адраджэння быў вельмі багаты на літаратурныя знаходкі і сенсацыі. Сама Лапцёнак кажа, што добра расчытвала рукапісы і пачынала працу над успамінамі бацькі паэта Адама Ягоравіча Багдановіча, якія потым друкаваліся ў часопіса «Нёман», а ў 2012 годзе выйшлі асобнай кнігай. Таксама ёй нават давялося бачыць так званы «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча.

Навокал гэтага дзённіка хадзілі легенды: нібыта ёсць інтымныя нататкі Максіма Багдановіча, іх нехта бачыў, але існуе нейкая «змова», каб гэты дзённік не давалі чытаць, і ўвогуле не выпускалі ў публічную прастору.

«Шчыра кажучы, гэты інтымны дзённік — проста складзеныя ў некалькі разоў аркушы паперы, на якіх Багдановіч запісваў свае ўражанні. Яшчэ падчас СССР дзённік расчытваўся пры дапамозе крыміналістычнай экспертызы, але не ўсе словы змаглі прачытаць: з-за пацёртасцей паперы ды дробнага почырку паэта. І вось некалькі словаў у гэтым інтымным дзённіку мне дадаткова ўдалося расчытаць», — кажа Лапцёнак.

Незалежна ад таго, хто ў якім аддзеле лічыўся, экскурсіі па экспазіцыі вадзілі ўсе навуковыя супрацоўнікі, бо на выходныя дзяжурылі па графіку, а ў масава-экскурсійным аддзеле працавала ўсяго трое чалавек. Таксама ў час школьных канікул у навучальным годзе быў наплыў, таму і з фондаў, і з навуковага дапамагалі.

«Канечне, калі праводзіш экскурсію, то сам натхняешся, у пэўным сэнсе як акцёр ужываешся ў вобраз. Імкнешся расказаць так, каб было цікава, выразна чытаеш вершы. Калі прыводзяць падлеткаў у “добраахвотна-прымусовым” парадку, тыя могуць размаўляць, гарэзнічаць, быць няўважлівымі. Затое калі прыходзяць больш дарослыя, зацікаўленыя людзі, удзячныя слухачы — то і ты “зрываеш апладысменты”, адчуваеш аддачу ад людзей», — распавядае Алена.

Адкрыццё Музея Багдановіча

Адкрыццё Музея Багдановіча

Пасля Бяляцкага

Падзеі вясны 1996 года, запачаткаванне праваабарончай ініцыятывы ў нетрах музея спадарыня Алена збольшага назірала, чым асабіста прымала ўдзел, бо знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку: «Канечне, я заходзіла ў музей, мы размаўлялі, дзяліліся навінамі. “Вясна-96”, такая была першапачатковая назва, была зарэгістравана як гарадская арганізацыя ў 1997 годзе, тады я ўжо вярнулася на працу. Алесь шмат часу прысвячаў грамадскай актыўнасці і разумеў, што кантракт яму могуць не працягнуць у міністэрстве. Як гэта: кіраўнік праваабаронцаў — і дырэктар дзяржаўнага музея? Таму ён вырашыў сысці, каб ужо цалкам засяродзіцца на праваабарончай дзейнасці».

Як згадвае Лапцёнак, тады ніхто не думаў, што «Вясна» — гэта надоўга. «Сам Алесь нікога не “зманьваў” з музея, бо не мог паабяцаць нейкай жыццёвай стабільнасці ў грамадскім сектары, што і як далей складзецца. Ён і сам пазней казаў, што лічыў гадоў пяць, і Беларусь пойдзе па дэмакратычным шляху развіцця, арганізацыя не будзе настолькі запатрабаваная, як на той час», — згадвае яна. Тым не менш у 1998 годзе сяброўкі звольніліся з музея ўслед за Бяляцкім, а Алена тады засталася.

Прагноз Алеся не спраўдзіўся: аказалася, што «Вясна» — ці не на ўсё яго астатняе жыццё, бо правабарончы цэнтр праіснаваў ужо 26 гадоў, і сёння гэтай працы не стала меней, яна яшчэ больш запатрабаваная.

У музеі ж Алена таксама затрымалася ненадоўга, пачувалася некамфортна без сваіх калег, быццам «нешта не тое», ужо без імпэту раніцай ехала ў Траецкае.

«Алесь — выдатны арганізатар, для мяне ён эталон кіраўніка. Заўсёды вытрыманы, разважлівы. Старэйшыя музейшчыцы з павагай ставіліся да яго. Ён мог арганізаваць працу па-сяброўску, згладзіць вострыя вуглы, якія ўзнікаюць у любым калектыве… А з яго сыходам… Дзіўная рэч, якую не ведаеш, як патлумачыць. Падаецца, памяшканне тое ж, і людзі ў музеі амаль тыя ж самыя, і кожны сам па сабе прыязны, але адчуванне іншае: для мяне знік дух той установы, таго музея, дзе я пачынала свой шлях, стаў нейкім шараговым месцам, парушыліся нейкія сувязі, атмасфера мне ўжо не падабалася», — адзначае яна.

Алесь Бяляцкі, 1989 год 

Алесь Бяляцкі, 1989 год 

Гэта было настолькі адчувальна, расказвае Лапцёнак, што калі вырашыла звольніцца яе непасрэдная кіраўнічка, загадчыца аддзела музейных фондаў, і прапанавала Алена пераняць справы і заняць яе месца, Алена — адмовілася. «Гэта сталася для яе нечаканым. Спецыфіка працы музея такая, што тут атрымаць павышэнне ў пасадзе можна толькі тады, калі нехта гэтую пасаду пакідае, а пакідаюць яе часцей за ўсё з выхадам на пенсію. І тут мне прапануюць месца фактычна другога чалавека пасля дырэктара, толькі адказнасці меней — а я адмаўляюся! Вядома, узначаліць музейныя фонды ў 30 гадоў — і можна спакойна працаваць хоць да пенсіі... Толькі я ўжо мела іншыя планы», — працягвае Алена.

Неўзабаве яна сышла з музея — але не ў «Вясну», а ў аспірантуру, на завяршэнне якой у яе нарадзіўся сын. «На жаль, нарыхтоўкі да кандыдацкай дысертацыі так і засталіся няскончанымі, тэма была зацверджана занадта шырокая, праца падвісла. Тры дэкрэтныя гады займалася сямейнымі справамі, дзецьмі. Я, канечне ж, працягвала шчыльна кантактаваць са сваімі сяброўкамі, неяк мяне папрасілі зрабіць пераклад з беларускай на рускую (тады электронны быў толькі Белазар, мо яшчэ нейкія праграмы, толькі перакладалі самі, інакш шмат памылак атрымлівалася), потым карэктуру, так я і ўлілася ў “Вясну”», — кажа Алена.

Прытым на той момант праваабарончы цэнтр ужо быў пазбаўлены Вярхоўным судом дзяржаўнай рэгістрацыі, а напрыканцы года ўведзена крымінальная адказнасць згодна з артыкулам 193.1 за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

«Музей згадваю як цудоўны, узнёслы час. Мы былі маладыя і натхнёныя, нацыянальна свядомыя, у нас быў добры калектыў, адзіная каманда. Гэта была такая асалода — адчуваць, што мы нешта ствараем, тое, што застанецца нашчадкам. Мы ж не проста так ездзілі ў экспедыцыі, збіралі экспанаты, корпаліся ў архівах… І вось гэтае пачуццё, што ты датычны да нечага важнага, сам той час 90-х быў цікавым і абнадзейваючым, будучыня бачылася светлай, — усё гэта вельмі каштоўнае», — кажа яна.

За стварэнне экспазіцыі Літаратурнага музея Багдановіча мастак-афарміцель Эдуард Агуновіч тады атрымаў Дзяржаўную прэмію — як аўтар мастацкай канцэпцыі і генеральнага плана. Толькі цяпер яна перайначана: пад выглядам капітальнага рамонту будынка арыгінальная экспазіцыя была пераробленая, выкарыстаныя сучасныя матэрыялы, заменена «навадзеламі». «Як гэта аргументавалі? Сказалі, што стварылі “больш лёгкую і празрыстую” экспазіцыю», — кажа Алена.

Экспазіцыя, якая была

Экспазіцыя, якая была

Экспазіцыя пасля «рамонту»

Экспазіцыя пасля «рамонту»

У 90-я гады літаратурныя музеі беларускіх класікаў былі самастойнымі ўстановамі, якія ўваходзілі ў Аб’яднанне дзяржаўных літаратурных музееў. Спачатку перастала існаваць такая структура, як аб’яднанне, а ў 2014 годзе адбылася аптымізацыя, згодна з якой асобныя музеі пераўтварыліся ў філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларуская літаратуры.

І таму Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры цяпер найхутчэй згадаюць у сувязі з тым, што там некалі працаваў Алесь Бяляцкі — знаны праваабаронца, а цяпер яшчэ і Нобелеўскі лаўрэат.


Упершыню артыкул апублікаваны ў "Новым Часе" 5 лістапада 2022