Музыка супраць смяротнай кары

Шэраг вядомых беларускіх музыкаў выказаліся супраць смяротнага пакарання. І атрымалі ў выніку ўнікальны для Беларусі праект. Прэзентацыя «Апошняга золку» прайшла ў клубе «Графіці» 17 чэрвеня.



zolak1_logo.jpg

«Апошні золак»

Нагадаем, што «Апошні золак» над якім працавалі Ганна Хітрык, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка, і Лявон Вольскі, напачатку быў сумесным «анлайн-канцэртам». Канцэрт стаў прадаўжальнікам традыцый супольных праектаў, закладзеных ў свой час «Народным альбомам», «Я нарадзіўся тут», «Святым вечарам». Толькі гэтым разам праект быў прысвечаны не забаўкам, а сур’ёзнай праблеме адмены смяротнай кары.

У межах праекта беларускія выканаўцы прадставілі свае песні, у якіх распавялі пра асноўныя спосабы прывядзення ў выкананне выключнай меры пакарання. Палова з 14 песень былі новымі кампазіцыямі, другая палова — вядомыя песні, але ў новых версіях. 5 кастрычніка мінулага года ў Варшаве музыкі выйшлі на сцэну, дзе не было гледачоў. Гледачы сядзелі ў інтэрнэце і ў анлайне глядзелі гэты канцэрт. Яго паказвалі tut.by, naviny.by, nn.by, euroradio.fm, svaboda.org, spring96.org.

Такі канцэрт для інтэрнэт-аўдыторыі Беларусі праходзіў упершыню.

zolak2_logo.jpg

Анлайн-канцэрт атрымаўся настолькі канцэптуальным, што па ім выдалі аж дзве версіі: СD i DVD

Першапачаткова планавалася гэтым і абмежавацца, але каардынатару праекта Сяргею Будкіну падалося гэтага недастаткова. І зараз на дысках выйшла фінальная версія праекта. Відэа перамантажавалі, мастачка Наста Шастак наноў стварыла своеасаблівыя кліпы на месні малаваннем па пяску. Быў дапрацаваны і перазапісаны аўдыёматэрыял, дадалося відэа іншых вядомых людзей і музыкаў, яктія запісвалі відэазвароты супраць смяротнага пакарання. І атрымалася ўнікальнае выданне.

Па-першае, унікальнае тым, што сумяшчае ў сабе CD і DVD, а па-другое (чаго ў Беларусі яшчэ ніхто не рабіў) з’явіўся мультыракурсны DVD. Гэтая тэхналогія дазваляе абіраць крыніцу відэасігналу. То бок, калі хочаш — глядзі канцэрт. Калі не хочаш канцэрту — можаш паглядзець кліпы з песочнага шоў.

Ну, хаця б так…

Зразумела, пад час прэс-канферэнцыі музыкі не маглі абыходзіць бокам тэму смяротнага пакарання. Усе яны ўжо выказаліся супраць ягонага прымянення, але, як адзначылі амаль усе, і працаваць над праектам было цікава.

Віктар Рудэнка паведаміў, што ён не першы раз піша песні на замову. «Але гэтым разам мне прыемна, што замова была менавіта такой. Мы ведаем, якія песні замаўляюць для напісання ў Беларусі. Як музыка, не вельмі часта думаеш пра такую праблему, не асэнсоўваеш яе. А тут цікава было пасядзець і падумаць, і атрымаўся цэлы шэраг, я лічу, файных кампазіцый», — адзначыў музыка.

Наста Шпакоўская адзначыла, што тэма, якая была паднятая ў праекце, «для кожнага адэкватнага і думаючага чалавека неабыякавая». «Мне падаецца, што гэта справа творцаў — сваёй творчасцю змяняць свет. І гэта была тая магчымасць, калі людзі, дзякуючы свайму таленту могуць даць надзею, што гэты свет можа стаць лепш», — лічыць спявачка.

«На жаль, я разумею, што гэты праект не зменіць заканадаўства Беларусі, але я разумею, што я зрабіла хоць штосці, каб смяротнай кары ў Беларусі не было», — цвяроза ацаніла сітуацыю Наста.

vait_i_nast_logo.jpg

Зміцер Вайцюшкевіч быў поўнасцю салідарны з Настай Шпакоўскай

Зміцер Вайцюшкевіч таксама заўважыў, што тэма для працы была актуальнай і складанай. «Але мне падабаецца працаваць над складанымі тэмамі, бо свет жыве фарматам прыемных забавак. Усім хочацца бавіцца, ніхто не хоча размаўляць пра смерць, пра сур’ёзныя рэчы. Мне было цікава. Калі мы хоць паўтара чалавека звернем увагу на гэтую праблему — гэта ўжо не мала для жыцця аднаго артыста», — адзначыў Вайцюшкевіч.

А вось Аляксандр Памідораў прызнаўся, што ён не можа сказаць, што ён цалкам падтрымлівае ідэю адмовы ад смяротнай кары. «Але тут трэба разбірацца. З нашым заканадаўствам мы ўсе ў групе рызыкі. Мы ніяк не застрахаваныя ад таго, што ты не вінаваты, але будзеш абвінавачаны, і атрымаеш пакаранне смерцю, як гэта ўжо не аднойчы было ў гісторыі. Нават і сучаснай, калі людзі проста гінулі ў турмах, а потым высвятлялася, што яны невінаватыя. На гэтым маім стаўленні палягаў мой удзел у гэтым праекце», — адзначыў Памідораў.

pamid_adyn_logo.jpg

Аляксандр Памідораў: "Я не магу сказаць, што цалкам падтрымліваю ідэю адмены смяротнай кары"

Яму спадабалася, па ягоных словах, што гэты праект, па-першае, меў дакладную ідэю, а па другое, ў ім «сапраўды панаваў калектыўны дух». «Ён рэалізаваны ў нармальныя тэрміны. Бо апошні супольны праект, які мы рабілі ў 2004 годзе, так і не выйшаў. Нягледзячы на тое, што кожны пісаў і выконваў сваю песню, пад час канцэрту ў нас было адчуванне, што вярнуўся час лёгкай эйфарыі, калі была прэм’ера «Народнага альбому» ці «Святога вечара». Нейкая панавала супольная свядомасць, гэта было вельмі файна», — адзначыў Памідораў.

bandzich_logo.jpg

Паўлу Бандзічу важна было паказаць, што смяротнае пакаранне ў жыцці нічога не мяняе

Дарэчы, рэжысёрам-пастаноўшчыкам канцэрту быў Павел Бандзіч, вядомы па стужцы «Сэрца за кратамі», якая перамогла ў намінацыі «Лепшы публіцыстычны фільм» на фэсце «Залаты бубен» ў Ханты-Мансійску. «Для мяне важным было звярнуцца да гісторыі гэтай праблемы. Смяротнае пакаранне існавала заўсёды, і нічога не змяніла ў адносінах людзей. Тое, што яно існуе зараз — яно таксама нічога не змяняе. Яно не выпраўляе людзей, і яго існаванне непатрэбнае ні ў якім сэнсе. Трэба ўжо адмовіцца ад смяротнага пакарання. І мы павінны быць застрахаваныя ад ілжывага абвінавачвання і быць спакойнымі за сваё жыццё», — адзначыў Бандзіч.

І яшчэ раз пра ўнікальнасць

Праваабаронца Валяцін Стэфановіч адзначыў, што гэты праект увойдзе ў гісторыю яшчэ і дзякуючы таму, што ўпершыню ў Беларусі музыкі стварылі такі супольны канцэрт і супольны альбом, прысвечаны адмове ад смяротнай кары.

«Дастаткова шмат вядома музычных праектаў такога кшталту за межамі Беларусі, а ў нас такога альбо не было, альбо не было так шмат. І для мяне важныа было пачуць такое творчае і філасофскае асэнсаванне гэтай тэмы. І мне запомніліся словы Ганны Хітрык, якая казала, што ўсе мы абсалютна псіхічна здаровыя, свядомыя людзі, не дэкласаваныя алкаголікі, але мы сядзім і вырашаем, жыць чалавеку ці не жыць. У такім разе грамадзства нічым не адрозніваецца, не мае маральнай перавагі над тым, каго яно забівае. А мы мусім мець гэтую маральную перавагу, таму што мы людзі. І я дзякую зараз музыкам, якія выказалі свае думкі на гэтую вельмі складаную тэму», — сказаў Стэфановіч.

Суддзі пакуль маўчаць

Канешне, цікава, як слухачы і прыхільнікі музыкаў паставіліся да іх удзелу ў падобным праекце. Ці стала больш прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання, альбо іх аўдыторыя вырашыла, што яны «улезлі не туды»?

Аляксандр Памідораў адзначыў, што рэакцыю публікі музыкі, пэўна, адчуюць пасля распаўсюджвання дыскаў, бо, фактычна, песні супраць смяротнага пакарання прагучалі толькі адзін раз — пад час анлайн-канцэрту 5 кастрычніка. «Канцэртнае відэа можна было паглядзець пэўны час у інтэрнэце. Зараз мы маем дакладны канцэртны запіс і дакладны студыйны варыянт. Розгалас, можа быць, пойдзе толькі зараз. Варта зазначыць яшчэ і тое, што тут мы выступалі не гуртамі — гэта ўсё ж праект выканаўуаў, і нават старыя песні тут гучаць па-іншаму», — лічыць Памідораў.

nasta_vait_pamid_logo.jpg

Наста Шпакоўская, Зміцер Вайцюшкевіч і Аляксандр Памідораў разважаюць над рэакцыяй сваіх "фанатаў"

 

Зміцер Вайцюшкевіч з ім не пагадзіўся: «Рэакцыя была, і досыць неслабая. Збольшага негатыўная, калі навіна пра канцэрт усё ж пайшла. Кшталту таго, што «Вольскі, куды ён палез, я яго слухаць больш не буду», і ўсё такое. У мой адрас таксама шмат было сказана… Таму, канешне, тэма складаная. І я вяртаюся да свайго тэзісу, што такія складаныя тэмы ў Беларусі проста не прагаворваюцца. Як і не прагаворваюцца любыя складаныя тэмы».

Аляксандр Памідораў адзначыў, што ён увогуле мала звяртае ўвагі на інтэрнэт-каментары. «Хутчэй за ўсё, гэта было «на замову», бо каментары пачалі з’яўляцца гадзіны за дзьве да пачатку трансляцыі», — заўважыў ён.

paluda_zolak_logo.jpg

Андрэй Палуда не хавае сваёй задаволенасці працаю музыкаў

Але ж праваабаронцы, па ініцыятыве якіх быў рэалізаваны праект «Апошні золак», відавочна, засталіся задаволеныя вынікам. Як адзначыў каардынатар праекта «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання»Андрэй Палуда, толькі ў апошнія часы гэтая тэма становіцца медыйнай і публічнай.

«Нашай кампаніі ўжо пяць год. І, калі мы толькі пачыналі, мы сутыкнуліся з тым, пра што кажа Зміцер Вайцюшкевіч — тэма смяротнага пакарання па вялікім рахунку не абмяркоўвалася. Яна была не цікава ні публіцы, ні медыям, ні дзяржаўным, ні недзяржаўным, нават нягледзячы на вялікую колькасць даволі рэзанансных крымінальных справаў з такім сыходам. На сённяшнім этапе для нас нават не важна, якога кшталту былі каментары пасля анлайн-канцэрту. Для нас больш важна, што, ў тым ліку дзякуючы праекту, ідзе гэтае абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання ў грамадстве. Каб неабходнасць адмены смяротнага пакарання даходзіла да розума людзей і да сэрца», — сказаў ён.

 

Працягу не будзе?

Пакуль праваабаронцы і музыкі не прадугледжваюць працягу гэтага праекта. То бок, «Апошняга золку — два», ці тры, ці чатыры не плануецца. І не таму што «Золак» сапраўды «Апошні», гуляе ў словы Андрэй Палуда. «Магчыма, што будзе іншы сумесны праект, іншая сумесная праца з музыкамі ў гэтым кірунку, але «Апошні золак» — праект унікальны, і ён мусіць быцть толькі адзін», — лічыць Палуда.

Аляксандр Памідораў адзначыў, што праект — гэта мастацкі твор, і ён будзе актуальны нават калі смяротнае пакаранне ў Беларусі будзе адмененае. «Творы, якія тут прадстаўленыя, не маюць вызначанага часу жыцця. Тут ёсць новыя творы, і добра вядомыя творы, а як можна казаць, як доўга будзе жыць праект? Як доўга жыве «Народны альбом»? Не будзе такой сітуацыі калі «усё, гэта ўжо неактуальна» — і ў сметніцу. Тут ёсць вельмі цікавыя рэчы, вельмі файныя прыклады і музычныя, і літаратурныя, і выкананне, і гэты праект вельмі дасканалы. Казаць пра нейкі абмежаваны тэрмін ягонага жыцця немагчыма. Гэта адвечная тэма — жыццё смерць, казханне», — лічыць ён.

stef_budk_logo.jpg

Валянцін Стэфановіч і Сяргей Будкін думаюць над працягам праекту

Дарэчы, Сяргей Будкін адзначыў, што «калі нейкая пляцоўка рызыкне прыняць гэты праект у выглядзе канцэрту — чаму б і не?». А Зміцер Вайцюшкевіч прапанаваў правесці яго ў ягоным хутары ў Вайцюшках. Так што, з гэтай спантаннай ідэі, можа быць, нешта і выкалупнецца.