На БТ экс-палітвязня абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і падрыве аўто
Групай, якая падпаліла дом міліцыянта і падарвала аўтамабіль у Гарадзенскай вобласці, кіраваў актывіст з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч. Пра гэта паведамілі на тэлеканале "Беларусь 1".
Сведчыць супраць Аўтуховіча ў сюжэце Павел Сава — "беспрацоўны мянчук, які неаднаразова сядзеў", так яго прадстаўляюць у сюжэце.
Сава кажа, што машыну Аўтуховіч падарваў з дапамогай трацілавай шашкі, сам ён "стаяў на шухеры".
"Удзельнікаў затрымалі. Падчас ператрусу ў доме, дзе хаваўся арганізатар, знайшлі цэлы арсенал. У тым ліку гранаты і выбухоўку", гаворыцца ў сюжэце.
Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, паспяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыска. Нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасля школы скончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў механікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 года служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці Расеі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пазней скончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Афганістан. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — "За адвагу" і "За баявыя заслугі". Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старэйшым прапаршчыкам, стаў займацца бізнесам.
Храналогія пераследу
7 ліпеня 2006 г. быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Тэрмін зняволення яму вылічаўся пачынаючы з 15 кастрычніка 2005 году, калі яго пасадзілі ў следчы ізалятар у калёніі №1 у Менску.
Суд па канфіскацыі маёмасці адбыўся ў канцы 2007 года. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. У той жа час, былі канфіскаваныя 13 таксовак, кватэра і два склады. Да спагнання была прызначаная сума больш чым 350 мільёнаў рублёў.
Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС, аднак 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі нібыта за захоўванне зброі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур'ёзна падарванае серыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.
Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 295 частка 3 – «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы гэта тым, што нібыта новае злачынства ён здзейсніў, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакарання. Такім чынам, Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.
Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 У Г. Івацэвічы (Брэсцкая вобласць). У снежні 2011 г. на месяц быў змешчаны ў ПКТ-памяшканне камернага тыпу. Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Гродна.
Вызвалены ў сувязі з заканчэннем тэрміну зняволення 8 красавіка 2014 года.
Паводле tut.by, palitviazni.info