«Наяўнасць смяротнага пакарання раскручвае спіраль нянавісці ў грамадстве»

Сёння адзначаецца Еўрапейскі дзень супраць смяротнага пакарання. Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» распавёў пра тое, ці змянілася меркаванне беларусаў і як парушаюцца правы асуджаных на расстрэл і іх сваякоў.

Фота Дзяніса Малышыца

Фота Дзяніса Малышыца

— З 1990 года ў Беларусі прыведзена ў выкананне больш 400 смяротных прысудаў. Гэта дакладная лічба?

— З дакладнымі лічбамі ёсць праблемы. Справа ў тым, што ў краіне існуе завеса сакрэтнасці вакол смяротнага пакарання. У нейкай ступені гэта спадчына Савецкага Саюза: у савецкі час былі інструкцыі для ўнутранага карыстання тыпу «Сакрэтна» ці «Зусім сакрэтна», яны перайшлі і ў сучасную Беларусь. Магчыма, у былыя часы гэта прадпрымалася, каб схаваць колькасць загінулых людзей падчас рэпрэсій. Для чаго гэта робіцца цяпер — сказаць складана.

Калі ў 1997 годзе ў Крымінальным кодэксе РБ з'явілася альтэрнатыва смяротнага пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення і быў уведзены магчымы 25-гадовы тэрмін зняволення замест 15-гадовага, статыстыка па прысудах рэзка змянілася. Калі ў 1990-я гады колькасць прысудаў даходзіла да 47 у год, то цяпер гэта ад 2 да 5 чалавек на год.

— Хто ў нас можа быць асуджаны на смяротнае пакаранне і па якіх артыкулах?

— Гэта можа быць толькі мужчына ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. Часта ўспамінаю выпадак, калі людзі ў каментарах пад артыкуламі пра падлетка з бензапілой, які забіў жанчыну, патрабавалі для яго смяротнае пакаранне. Але яны, мабыць, да канца не разумелі, што такі варыянт немагчымы: ён непаўналетні.

Вышэйшая мера пакарання ў нас прадугледжана па 13 відам злачынстваў. На практыцы працуе адзін артыкул — артыкул 139 частка другая «Забойства». Як правіла, гэта забойства на побытавай глебе: разам выпівалі, сталі высвятляць адносіны, а затым палезлі ў бойку ці схапіліся за нажы... Таксама на практыцы ў нас выкарыстоўваўся яшчэ адзін артыкул. Гаворка ідзе пра тэрарыстычны акт у мінскім метрапалітэне, калі судзілі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Тады прысуд быў прыведзены ў выкананне вельмі хутка — на працягу трох месяцаў са дня здарэння, што выклікала хвалю абуранасці ў грамадстве.

— Як змянілася меркаванне беларусаў пра смяротнае пакаранне з часоў рэферэндуму 1996 года?

— Улады любяць спасылацца на вынікі таго рэферэндуму, але ён прайшоў больш за 20 гадоў таму. Плюс да ўсяго, рэферэндум не насіў абавязковы характар, а толькі рэкамендацыйны.

У свеце няма ніводнай краіны, у якой бы рашэнне пра адмену смяротнага пакарання прымалася на рэферэндуме. Гэта заўсёды палітычная воля кіраўніцтва краіны. Чаму? Таму што пытанне смяротнага пакарання знаходзіцца ў вельмі сур'ёзнай эмацыйнай плоскасці. Людзі не здольныя думаць рацыянальна, а толькі эмацыйна. Калі ім паказаць фільм з ахвярамі судовай памылкі, усе скажуць: «Навошта нам гэты від пакарання, мы не можам вярнуць чалавека». Калі паказаць ролік ахвяр забойцы, людзі скажуць: «Чалавек заслугоўвае такога пакарання». Як правіла, пасля прыняцця рашэння дзяржавай па адмене смяротнага пакарання меркаванне людзей таксама паступова змяняецца.

Апошнія даследаванні грамадскай думкі беларусаў па пытанні смяротнага пакарання паказвае, што 60% грамадзян выступаюць «за» такі від пакарання, а астатнія 40% — супраць. Калі дэталёва разгледзець структуру прыхільнікаў смяротнага пакарання, то атрымаецца цікавая карціна: у палове выпадкаў яны выступаюць за смяротнае пакаранне, але пры пэўных умовах. Напрыклад, калі віна даказана на сто працэнтаў ці калі чалавек не можа быць выпраўлены іншым шляхам. І такіх «калі» досыць шмат. Гэта значыць, гэта група людзей аб'ектыўна можа змяніць сваё меркаванне.
— Успомніце першую справу па смяротным пакаранні, з якой вы працавалі…
— У 1993 годзе я паступіў у Акадэмію МУС, а затым да 2004 года прапрацаваў у органах. Тады я шчыра верыў у нашу міліцыю і яе справядлівасць. Хоць працаваў я ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, пра смяротнае пакаранне таксама шмат чуў. Яшчэ тады далучыўся да моладзевага руху «Зубр», а затым сышоў з органаў і стаў яго каардынатарам — шукаў актывістаў пасля затрымання, абараняў іх, афармляў ім перадачы.
У 2006 годзе я паступіў на курс па правах чалавека ў Варшаве, што стала пераломным момантам у маёй кар'еры. У гэтым жа годзе ў магілёўскім рэгіёне адбылося рэзананснае забойства. Тады забралі шмат людзей, і сваякі двух затрыманых звярнуліся ў Беларускі Хельсінкскі камітэт (на той момант я быў членам арганізацыі) з просьбай ім дапамагчы. У выніку я дапамагаў сваякам і затрыманым у абскарджанні дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Тады гэта быў, хутчэй, эмацыйны парыў, жаданне дапамагчы людзям, зараз жа мы абараняем асуджаных на смяротнае пакаранне і іх сваякоў прафесійна. Дарэчы, справа тады так і засталася нераскрытай.
— Ці сутыкаліся вы на практыцы з выпадкамі, калі смяротны прысуд прызнаваўся судовай памылкай?
— Такіх кейсаў, па якіх суд прызнаў, што чалавек расстраляны незаконна, не было. Але пры гэтым паказальнай стала справа Міхася Гладкага. Спачатку яго прызнавалі вінаватым у забойстве маці і брата, за што магло пагражаць смяротнае пакаранне. Але пазней следства прызнала віну грамадзяніна толькі ў забойстве брата, за што Міхась атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Пазней высвятлілася, што і першае, і другое злачынствы здзейсніў Эдуард Лыкаў, у чым ён прызнаўся ў 2013 годзе і пасля чаго яго прысудзілі да смяротнага пакарання. За 8 гадоў незаконнага асуджэння Міхась Гладкі не атрымаў кампенсацыі за маральную шкоду, а ён марыў толькі паставіць помнік сваёй маці і брату. Ён ужо памёр.
Калі казаць пра судовую памылку, то варта ўспомніць справу Міхасевіча 1990-х гадоў, калі за забойства больш 35 жанчын расстралялі невінаватага чалавека. Сапраўдны злачынец быў прысуджаны да смерці толькі праз два гады.
Прысуджаны да смяротнага пакарання ў 1998 годзе Іван Фамін у лістах да маці сцвярджаў, што не вінаваты ў жорсткім забойстве таксіста, што яго агаварылі. Праз 14 гадоў былы начальнік СІЗА №1 Мінска, кіраўнік расстрэльнай каманды Алег Алкаеў пацвердзіў невінаватасць Фаміна ў злачынстве.
— Як парушаюцца правы асуджаных на смерць і іх сваякоў?
— Беларусь не мае дачынення да Рады Еўропы, і мы не можам звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, таму што ў нас маецца такая мера пакарання. Затое мы рэгулярна звяртаемся ў Камітэт ААН па правах чалавека. Толькі летась было зарэгістравана 4 звароты. А гэта карпатлівая праца са сваякамі асуджаных, і не заўсёды яны гатовыя ісці на кантакт.
Як правіла, у такіх выпадках парушаецца права чалавека на жыццё з пункту гледжання парушэння іншых правоў. Напрыклад, парушаюцца прынцыпы справядлівага судовага разгляду ці прэзумпцыі невінаватасці. Часцяком у нас па тэлебачанні транслююць аператыўную здымку, дзе відаць твар чалавека, яго тут жа называюць злачынцам, хоць віна яго яшчэ не даказана і рашэнне суда адсутнічае. Тым самым, у грамадскасці фарміруецца меркаванне пра тое, што гэты чалавек — злачынец.
Прысуджаныя да смяротнага пакарання прызнаваліся сваякам, што пасля суда да іх адразу ж змяняецца стаўленне супрацоўнікаў турмы. Для іх асуджаныя як быццам больш не існуюць, хоць прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Сама працэдура нявыдачы целаў блізкім і непаведамленне ім даты выканання прысуду з'яўляюцца несправядлівымі і нялюдскімі. Некаторыя з іх настолькі адчайваюцца, што шукаюць на Паўночных могілках свежавыкапаныя магілы. Атрымліваецца, такой сістэмай караюць не аднаго чалавека, а цэлыя сем'і...
Бывалі выпадкі, калі сваякі асуджаных на смяротнае пакаранне змянялі прозвішча. Так, малады чалавек узяў іншае прозвішча, калі расстралялі яго бацьку. Быў выпадак, калі бацьку прысуджанага да смяротнага пакарання Дзмітрыя Жука стала дрэнна, а ў хуткай яму сказалі, што не жадаюць яму дапамагаць з-за сына.
Сястра асуджанага Сяргея Хмялеўскага разам з дачкой ішла па горадзе, а незнаёмы чалавек спыніўся на машыне і стаў крычаць пра яе брата-забойцу. Дачка Генадзя Якавіцкага вельмі перажывала з-за каментароў пад інтэрнэт-артыкулам, якія сыпаліся ў адрас яе і яе дачкі: маўляў, у іх адна кроў са злачынцам, іх таксама трэба расстраляць. Брат Селюна таксама змяніў прозвішча і стаў жыць пустэльнікам.
— Ці часта папракаюць вас у тым, што вы абараняеце забойцаў і іх сваякоў?
— Так, гэта стандартная практыка. Нас перыядычна вінавацяць у тым, што мы робім ахвярамі злачынцаў. Ёсць адзін нюанс: мы абараняем не злачынцаў, а чалавека і яго права на жыццё. Па нашым заканадаўстве прынята лічыць, што адплата за цяжкае злачынства настае пасля расстрэлу вінаватага. Але гэта не так. Сваякі ахвяр злачынстваў таксама застаюцца сам—насам са сваім горам — без якой-небудзь псіхалагічнай падтрымкі і кампенсавання за маральную шкоду. Наяўнасць смяротнага пакарання раскручвае спіраль нянавісці ў грамадстве.