«Насаджаюцца міліцэйскія парадкі». Як жыве Ліцэй БДУ пасля прызначэння новай дырэктаркі
У Ліцэі БДУ адбылася чарговая пасля пратэстаў 2020 года змена кіраўніцтва. Цяпер яго ўзначальвае былая прадстаўніца «кузні чэкісцкіх кадраў». Дый сам Ліцэй усё больш пачынае нагадваць зусім не тое, чым быў раней, распавядае «Белсат».
21 верасня стала вядома, што дырэктарскую пасаду ў Ліцэі БДУ
пакінула Ганна Чубарава, якая ўзначальвала ўстанову са жніўня 2021 года. Яна
навучалася на біялагічным факультэце БДУ, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Да
прызначэння на дырэктарскую пасаду Чубарава выкладала ў Ліцэі біялогію, была
загадчыцаю кафедры прыродазнаўчых навук і чатыры гады працавала намесніцаю
дырэктара па вучэбнай рабоце.
Прычыны раптоўнай адстаўкі дырэктаркі не называліся. Крыніцы адзначалі, што яна «была цалкам зручная». Пайшла Чубарава, мяркуючы з усяго, нечакана — замену ёй знайшлі амаль праз месяц, 16 кастрычніка.
Новаю дырэктаркаю стала выпускніца філалагічнага факультэта БДУ Таццяна Мамчыц. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яна мае вялікі досвед у сферы адукацыі. Але спецыфічны: да прызначэння працавала начальніцаю вучэбна-метадычнай часткі Інстытута нацыянальнай бяспекі. Акурат гэту ўстанову яшчэ ў 2016 годзе назваў «кузняю чэкісцкіх кадраў» тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык. Няма ў яе і навуковай ступені, у адрозненне ад папярэднікаў, кажуць суразмоўцы.
Сама Мамчыц абяцае ліцэістам «захаваць традыцыі ўстановы», але «нароўні з новымі ідэямі і прапановамі». Пра асаблівасць гэтых новых ідэй і прапаноў распавяла адна з крыніц: «Новая дырэктарка не дурная жанчына, аднак салдафонка, якая насаджае міліцэйскія парадкі ў Ліцэі. У выніку атрымоўваецца штосьці кшталту Ліцэя МУС».
Таксама на шмат якія пасады, не звязаныя з навучаннем, узяты былыя сілавікі.
Акрамя таго, «адбылася вялікая чыстка настаўнікаў, і новых набралі без увагі на прафесійныя якасці, а з увагай на лаяльнасць рэжыму».
«Перспектыў няма, настрой прыгнечаны, але не ва ўсіх. Штат замяняецца на лаяльных. Паглядзім, як новы дырэктар у пагонах сябе пакажа, — адзначыў іншы суразмоўца. — Можна забыцца пра Ліцэй, які мы ўсе ведалі».
Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10–11 класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Вучні рэгулярна становяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па розных прадметах. У 2004 годзе Ліцэй уганаравалі прэміяй урада за дасягненні ў якасці.
У 2020 годзе ў Ліцэй БДУ на біялагічны профіль паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Перад тым вучылася ягоная ўнучка. Але пасля таго, як больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары, дакументы прадстаўнікоў кіруючай сям’і з яе забралі. А сам Ліцэй сутыкнуўся з рэпрэсіямі.
У 2021-м установу пазбавілі прывілеяў у прыёме навучэнцаў. Таксама звальнялі нелаяльных выкладчыкаў. Як пісалі медыя ў снежні 2022-га, толькі за паўтара года ўстанову пакінулі самастойна ці былі звольнены, прынамсі, 12 працаўнікоў.
Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў
конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса
Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз працаўніка КДБ. Адзначым, што
выпускніком установы з'яўляецца і Андрэй Іванец, які ў 2022 годзе ўзначаліў
Міністэрства адукацыі Беларусі.