Непрызнанне дыпломаў — заслона, каб людзі не вярталіся ў Беларусь

Беларускія ўлады, калі адмовіліся прызнаваць польскія і ўкраінскія дыпломы, хацелі спыніць адток спецыялістаў, але атрымалася наадварот. Тыя, хто едзе вучыцца ў Польшчу, цяпер адразу ведаюць, што гэта «білет у адзін канец», тлумачыць «Филину» эксперт у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg

Беларусь скасавала пагадненне з Украінай пра ўзаемнае прызнанне дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях.

Пастанова Савета міністраў аб спыненні дзеяння пагаднення паміж урадам РБ і Кабінетам міністраў Украіны аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і вучоных званнях уступіла ў сілу 17 кастрычніка.

Згаданае пагадненне было падпісана 6 лютага 1998 года. З таго часу і дагэтуль у Беларусі прызнаваліся ўкраінскія дакументы аб адукацыі: атэстаты і дыпломы аб заканчэнні спецыяльных, прафесійна-тэхнічных, вышэйшых навучальных устаноў, а таксама вучоныя ступені дацэнтаў і прафесараў.

Дакумент стаў люстэркавым крокам нашай краіны ў адказ на рашэнне аб выхадзе з гэтага пагаднення Украіны яшчэ ў красавіку 2022 года.

Якія перамены чакаюць беларусаў у сувязі са спыненнем дзеяння пагаднення, «Филину» патлумачыў эксперт у сферы адукацыі, старшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін.

— На кім адаб’ецца гэта рашэнне?

— На ўсіх, хто атрымаў ці атрымлівае адукацыю ва Украіне. Гэта і беларусы, і грамадзяне Украіны, і нават грамадзяне акупаваных Расіяй тэрыторый, якія зараз, можа, і не маюць украінскага грамадзянства, але атрымлівалі адукацыю і навуковыя ступені яшчэ ва ўкраінскіх установах.

Калі кіравацца тым, што, згодна з усімі правіламі, закон не мае зваротнага дзеяння, то, напрыклад, на выкладчыка ці настаўніка, кантракт з якім быў падпісаны да прыняцця гэтай пастановы і яшчэ працягваецца, гэта не павінна распаўсюджвацца.

Але ў тых, хто зараз будзе спрабаваць уладкавацца на працу з дыпломам украінскай установы адукацыі ці будзе пераходзіць на іншае месцы, могуць быць праблемы, асабліва ў дзяржаўным сектары. У прыватным, дзе самі гаспадары прымаюць рашэнне, можа, будзе інакш.

Я лічу, што з юрыдычнага пункту гледжання гэта амаль што забарона на працаўладкаванне, адпаведнае ўзроўню адукацыі і кампетэнцыі.

Дарэчы, пытанне тычыцца не толькі тых, хто мае сярэднеспецыяльную ці вышэйшую адукацыю. Пасля 2020 года шмат дзяцей, бацькі якіх былі вымушаны з’ехаць ва Украіну, навучаліся там у школах. Ёсць таксама папулярныя ўкраінскія анлайн-школы.

Таму гэта сігнал для ўсіх бацькоў, якія, можа, яшчэ разважалі наконт таго, вяртацца ім у Беларусь ці не.

Глядзіце таксама

— Раней Беларусь скасавала падобны дакумент з урадам Польшчы.

— Так, у кастрычніку 2022 года Беларусь сама ініцыявала гэты працэс з Польшчай. Але Польшча такога люстэркавага кроку, як зараз Беларусь да дачыненні да Украіны, не зрабіла дагэтуль.

То-бок у Польшчы прымаюць дакументы беларусаў для навучання і ў школах, і ў ВНУ, таксама для ўладкавання на працу. Зразумела, што ёсць розныя аспекты з пацвярджэннем атэстатаў і дыпломаў.

— Зразумела, чаму Украіна прыпыняе ўсе афіцыйныя адносіны з РБ. Але чаму Польшча дагэтуль не адмаўляе беларусам, якія жадаюць працягнуць навучанне ці ўладкавацца на працу з беларускімі дакументамі?

— Па-першае, яны разумеюць, што самаізаляванне для глабальнага свету — у любым выпадку паражэнне.

Няма такой краіны, дзе б самаізаляванне пайшло на карысць. І добра, калі краіна, для якой актуальны дэмаграфічны крызіс, старэнне насельніцтва, дэфіцыт спецыялістаў, гэта разумее.

Да таго ж польская сістэма адукацыі, асабліва вышэйшай, мае непараўнальна з беларускай высокую ступень аўтаноміі. Установы могуць самастойна прымаць рашэнні, нават калі наконт гэтага існуе дзяржаўны закон.

Яны, напрыклад, могуць вырашыць, што такі чалавек ім патрэбен, бо ён малады, таленавіты, кваліфікаваны.

Я наогул не магу з ходу прывесці прыклад краіны, дзе добраахвотна пазбаўляюцца ад соцень тысяч сваіх суграмадзян, у тым ліку дзяцей, якія атрымліваюць дзесьці адукацыю. Інакш як самагубствам гэта не назавеш.

Глядзіце таксама

— Адну краіну мы дакладна ведаем.

— Так. Беларусь не можа паставіць такую жалезную заслону, як гэта было ў савецкія часы, але робіць вось такую юрыдычную заслону, якая ў той жа час з’яўляецца вельмі моцнай матывацыяй, каб людзі не вярталіся ў краіну.

Шмат дзе робяць усё, каб прывабіць спецыялістаў з гэтым досведам і ведамі. А ў Беларусі, на жаль, наадварот, робяць усё, каб яны не вярнуліся ніколі. Ці выйграюць яны ад гэтага — рытарычнае пытанне.

Але яны працягваюць сваю «серыю забарон». Першым крокам стала адмена адтэрміновак ад службы ў войску. Раней можна было наўпрост па факце навучання ў ВНУ Польшчы, Германіі ці іншай краіны даслаць пасведчанне ў адпаведныя службы, і яно станавілася падставай для адтэрміноўкі.

Цяпер яе могуць атрымаць толькі тыя, каго вучыцца ў замежжа накіроўвае сама дзяржава. Гэта 0,02 адсоткі ад агульнай колькасці студэнтаў, бо дорага каштуе.

Між тым, па маіх сціплых падліках, штогод на навучанне ў іншыя краіны з’язджаюць 4 тысячы юнакоў і дзяўчат. І вось спачатку «паклапаціліся» аб невяртанні хлопцаў прызыўнога ўзросту, а пасля — усіх астатніх.


Глядзіце таксама

Менавіта ў бок Польшчы быў зроблены першы крок у гэтым кірунку, таму што туды з’язджае найвялікшая колькасць беларусаў. Яны хацелі спыніць гэты адток.

Але атрымалася крыху інакш. Па-ранейшаму шмат моладзі жадае паехаць вучыцца ў Польшчу, толькі зараз яны адразу ведаюць, што гэта «білет у адзін канец».

Ніхто не будзе планаваць атрымаць адукацыю і вярнуцца, каб яе не прызналі.