Ліцэй БДУ ладзіць конкурс у гонар КДБ. Навучэнцам прапануецца намаляваць комікс пра Дзяржынскага

Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіць культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных». Конкурс ладзіцца сумесна з грамадскай арганізацыяй «Афіцэрскі сход Камітэта дзяржаўнай бяспекі». 

117792817_738066926978677_3926146395475396827_n__1__logo_2.jpg


Паводле Палажэння, конкурс праводзіцца ў шасці намінацыях: «Графічны раман (комікс)», «Віруснае відэа», «Літаратура», «Музыка», «Харэаграфія», «Дзіджытал-рашэнне». Удзельнічаць у ім могуць як вучні ліцэя, так і выкладчыкі.
Сярод задач конкурсу — «папулярызацыя гістарычнай спадчыны выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі, заснавальніка ВНК-КДБ Ф. Э. Дзяржынскага», «прыцягненне ўвагі моладзі да гераічнага подзвігу чэкістаў-Герояў Савецкага Саюза», стварэнне мастацкіх твораў са станоўчым вобразам супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі, у якіх найбольш аб'ектыўна адлюстравана дзейнасць КДБ Рэспублікі Беларусь.

screenshot_from_2022_11_25_14_45_03.png


screenshot_from_2022_11_25_14_44_41.png


У прыватнасці, удзельнікам конкурсу прапануецца намаляваць комікс пра жыццёвы шлях і дзяржаўную дзейнасць Ф. Э. Дзяржынскага.

screenshot_from_2022_11_25_14_43_17.png


Нагадаем, ураджэнец Беларусі Фелікс Дзяржынскі пасля кастрычніцкага перавароту ўзначаліў Ваенную Надзвычайную Камісію (ВНК), якая была папярэднікам НКУС і КДБ. Фактычна гэта быў карны орган камуністычнага рэжыму, а сам Дзяржынскі з'яўляўся распачынальнікам чырвонага тэрору.
Таццяна Процька пісала ў «Новым Часе», што ў Беларусі чырвоны тэрор меў свае асаблівасці. Ён быў скіраваны на ўзяцце закладнікаў, супраць мірнага насельніцтва, якое па тых ці іншых прычынах падалося карным органам бальшавікоў варожым, і супраць дэзерціраў Чырвонай Арміі. Пра тое, як адбываўся чырвоны тэрор у Беларусі, пра атмасферу таго часу сведчыць ліст Феліксу Дзяржынскаму ў Маскву, напісаны ў жніўні 1919 года кіраўнікамі Літоўска-Беларускай Рэспублікі:  «…Для ілюстрацыі бескантрольных паводзін НК ЛітБел лічым патрэбным прывесці шэраг фактаў, пра якія вядома шырокім колам партыйных таварышаў ЛітБел.
Яшчэ раней мы паведамлялі пра расстрэл у Мінску без апавяшчэння арганізацыі двух польскіх камуністаў: т. Квека і т. Занко, адносна вінаватасці якіх нам нічога не маглі сказаць прадстаўнікі НК ЛітБел. З іх справай дагэтуль нам не далі магчымасці азнаёміцца, нягледзячы на нашы неаднаразовыя звароты.
Расстрэл гэтых двух камуністаў — толькі яскравы прыклад таго, як працавала наша НК і як выконваліся там смяротныя прысуды. Адносна апошняга ў нас маюцца некаторыя звесткі. Выпадкова Член ЦК Міцкевіч быў адзін раз на пасяджэнні «Тройкі» (т. Тарашкевіч і два тт. з Асобага Аддзела Захфронту), дзе выносіліся смяротныя прысуды. Пры гэтым зусім не разглядаліся справы прыгавораных, не было іх спраў нават на стале, а па памяці выносіліся прысуды. Былі выпадкі, калі ніхто з прысутных не ведаў, у чым абвінавачваецца такі-та. Тады пыталіся пра гэта ў таго або іншага супрацоўніка і заносілі прозвішча арыштаванага ў спіс падлеглых расстрэлу. Міцкевіч спачатку думаў, што гэта якая-небудзь папярэдняя нарада, але потым высветлілася, што гэта было афіцыйнае пасяджэнне «Тройкі». Ці было больш такіх пасяджэнняў, нам невядома.
Аднак са слоў супрацоўнікаў НК вядома, што часам сябры «Тройкі» і прадстаўнікі Асобага Аддзела проста-такі заходзілі ў камеру, апытвалі арыштаваных, у чым яны абвінавачваюцца, і тут жа адводзілі адных направа, іншых налева. Адна з гэтых партый неадкладна адводзілася на расстрэл. Некаторыя ратаваліся тым, што хаваліся за дзвярыма. Між іншым, гэта мела месца ў Мінскай НК у ноч з 28 на 29 ліпеня. Падлеглыя расстрэлу часам тут жа ў камеры разуваліся і распраналіся. Потым служачыя НК у прысутнасці арыштаваных шумна дзялілі паміж сабой іх маёмасць…
Асуджаныя да расстрэлу часам маглі выкупіцца. Гэта рабілася афіцыйным шляхам. Называлася пэўная сума — у 40 ці колькі там тысяч: у выпадку ўнёску — вызваляўся, у выпадку няўнёску — расстрэльвалі. Так быў расстраляны нейкі Футэр, за якога быў назначаны выкуп у 40 або 60 тысяч, але гэтая сума своечасова не была занесена.
У Мінску ўпарта цыркулявалі чуткі, што на глебе выкупу ўтварылася «спекуляцыя». Рабочыя абураліся, што такім чынам спекулянты могуць вызваляцца, а бедныя падлягаюць расстрэлу.
Відавочна, у панічным стане перад сваімі ўцёкамі старшыня НК ЛітБел разам з прадстаўніком Асобага Аддзела Захфронту Антонавым, як сцвярджалі некаторыя супрацоўнікі НК, у п’яным выглядзе здзейснілі пачварную экзекуцыю над асуджанымі да расстрэлу. Перш чым расстраляць іх, яны здзекаваліся з іх настолькі, што некаторыя супрацоўнікі з гэтай нагоды нават выказалі пратэст перад ЦК ЛітБел. Калі нічога не атрымалася выпытаць, сем чалавек былі расстраляныя; у жывых пакінуты толькі Глухоўскі, маці і бацька якога на яго вачах былі расстраляныя. Трупы расстраляных былі пакінуты на двары НК, у склепе, не закапанымі ў зямлю…
Потым Тарашкевіч з задавальненнем заявіў, што ім расстраляна ў нас 167 чалавек. Гэта павінна служыць доказам таго, што такім чынам выкаранена ў Беларусі контррэвалюцыя. На самай справе бессістэмнымі расстрэламі направа і налева пры тым становішчы, якое мы бачылі, было толькі ўзмоцнена варожае стаўленне насельніцтва да савецкай улады, і не толькі сярод буржуазіі, але і сярод працоўных. Да глыбіні душы былі абураны паводзінамі НК нават многія партыйныя таварышы. Нам каштавала немалых намаганняў, каб супакоіць Мінскі Рабочы Полк, які гатовы быў разнесці НК».
Цікава, ці знойдуць адлюстраванне ў творах удзельнікаў конкурсу гэтыя старонкі нашай гісторыі?
Ці стануць часткай «станоўчага вобразу» кадэбіста шматлікія рэйды і затрыманні беларусаў у наш час? Ці высмактаныя з пальца спісы «тэрарыстаў», што складае КДБ, дзе ўжо знаходзіцца каля тысячы чалавек.
Ліцэй БДУ раней лічыўся адной з самых прагрэсіўных навучальных устаноў Беларусі. Сярод яго выпускнікоў шмат знакамітых беларусаў, у тым ліку палітвязень Андрэй Кузнечык. У 2020 годзе ў адказ на затрыманне двух сваіх навучэнцаў ліцэй асудзіў гвалт сілавікоў (зараз гэтага звароту на сайце ўжо няма).
Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымаюць прыз: дыплом і 2500 рублёў. Узнагароджваць іх будуць 20 снежня падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 105-годдзю органаў дзяржбяспекі.