Насельніцтва не гатова да пратэсту
Лаяльнасць беларускага грамадства стала каштаваць дзяржаве менш. Разам з тым нашы суайчыннікі сталі больш цаніць выгоды, што прадастаўляе дзяржава. Гатоўнасці да сацыяльнага пратэсту не назіраецца.
Аўтары даследавання BISS: Алена Арцёменка, Андрэй Елісееў, Аляксей Пікулік
Такія вынікі даследавання «Сацыяльны кантракт: падвойная стратэгія», падрыхтаванага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс).
У 2013–2014 гг. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў працягнуў даследаванне амаль пяцігадовай даўніны, выдадзенае ў выглядзе калектыўнай манаграфіі «Сацыяльныя кантракты ў сучаснай Беларусі» (2009).
«Ідэя сацыяльнага кантракту палягае ў тым, што рацыянальная падтрымка беларускага палітычнага рэжыму грунтуецца на куплі лаяльнасці, калі моцная аўтарытарная дзяржава размяркоўвае выгоды на карысць розных сацыяльных груп, выступае ў ролі своеасаблівага анестэзіёлага», — растлумачыў азначэнне акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік.
Высновы даследавання апынуліся шмат у чым парадаксальнымі.
Хваля крызісаў не разбурыла давер беларусаў да дзяржавы. Згода насельніцтва з асноўнымі параметрамі «сацыяльнага кантракту» засталася на ранейшым узроўні. Больш за тое, беларусы сталі вышэй ацэньваць тыя паслугі, якія прадастаўляе ім дзяржава, і пры гэтым — патрабаваць ад дзяржавы менш, усё больш абапіраючыся на ўласныя рэсурсы і сілы.
Асноўныя палажэнні «сацыяльнага кантракту» ў тым выглядзе, у якім ён быў апісаны ў даследаванні 2009 — гэта тое, як сацыяльныя агенты ўспрымаюць палітыку дзяржавы і на што згаджаюцца, прымаючы для сябе выгоды і выдаткі ад гэтага. У якасці асноўных палажэнняў «сацыяльнага кантракту» даследаванне 2009 года выявіла наступныя:
— Лепш мець меншы заробак, але гарантаваную працу;
— Лепш працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве, чым на прыватным;
— Лепш прымусовае размеркаванне студэнтаў пасля ВНУ, якое дазваляе ім працаўладкавацца;
— Хай прадпрыемствы не зарабляюць вялікіх прыбыткаў, але іх не скупілі замежнікі;
— Лепш мець медыцынскае забеспячэнне горшай якасці, затое бясплатнае.
Асноўным жа сцвярджэннем ў рамках палажэнняў «сацыяльнага кантракту» можна назваць апраўданне абмежавання некаторых свабодаў дзеля захавання грамадзянскага міру і палітычнай стабільнасці. З сукупнасці адзнак згоды або нязгоды з дадзенымі палажэннямі быў выведзены агульны індэкс згоды з «сацыяльным кантрактам».
Такім чынам, ступень згоды насельніцтва з агучанымі вышэй сцвярджэннямі практычна не змянілася ў параўнанні з 2009 годам. Доля «прыхільнікаў» скарацілася на карысць тых, хто «адмаўляе» сацыяльны кантракт ўсяго на 5 %, асноўная маса насельніцтва па-ранейшаму трапляе ў групу «згодных» з палажэннямі кантракту, г.зн. асноўнымі сацыяльна-палітычнымі і эканамічнымі ідэалагемамі.
Атрымліваецца, нягледзячы на калізіі, што адбываліся ў эканамічным і палітычным жыцці краіны ў 2009–2011 гг., насельніцтва падтрымлівае асноўныя палажэнні сацыяльнага кантракту. Аднак скарачэнне падтрымкі дзяржавы прымусіла беларусаў цаніць больш што ёсць і патрабаваць менш на фоне недавыканання дзяржавай абавязацельстваў. З аднаго боку, розныя сацыяльныя групы працягваюць выкарыстоўваць дзяржаву як пастаўшчыка «анестэзіі», дэманструючы лаяльнасць і не жадаючы мяняць існуючую мадэль, з другога — шукаць спосабы скарачэння ўласных рызык.
Двайная стратэгія і падтрымка беларусамі статус-кво можа быць растлумачаная «залежнасцю ад каляіны». Так, па выніках апошняга нацыянальнага апытання BISS (2014) нягледзячы на тое, што больш за 75% беларусаў выказаліся за правядзенне ў краіне рэформаў, толькі 15% рэспандэнтаў адназначна гатовыя трываць негатыўныя наступствы ад рэфармавання. Інакш кажучы, захаванне статус-кво ў кароткатэрміновай перспектыве здаецца больш выгадным, чым выгады ў доўгатэрміновай, а выдаткі ад пераменаў здаюцца занадта высокімі. Улічваючы тое, што беларуская сістэма дае грамадзянам дастатковую колькасць магчымасцяў па камфортнаму «выхаду», і не прымушае жорстка выбіраць паміж «выхадам» і «лаяльнасцю», тэарэтычны запыт насельніцтва на рэформы не перарастае ў рэальны палітычны ціск на ўладу. У адрозненне ад савецкага «сацыяльнага кантракту», у рамках якога патрабавалася рытуальная дэманстрацыя лаяльнасці, практычна не прадугледжвалася опцыя «выхаду» і жорстка караўся пратэст, беларускія ўлады талерантна ставяцца да сумяшчэння стратэгій грамадзян.
Рэакцыя на хвалю крызісаў прадэманстравала грамадскую гнуткасць у дачыненні да правілаў гульні і значна «знізіла кошт» кошт «сацыяльнага кантракту» для ўлады: падобны ўзровень падтрымкі набываецца за меншыя па аб'ёме сацыяльныя выплаты.
“Мы атрымалі цікавыя высновы па моладзі, — адзначыў акадэмічны дырэктар BISS Аляксей Пікулік. — Яна ў нас крайне цынічная. Бо з аднаго боку моладзь не прыняла ідэалагемы, што прапануе дзяржава, і імкнецца максімальна спадзявацца на сябе, а з іншага — зразумела, што трэба максімальна карыстацца выгодамі, якія дае дзяржава”.
“Моладзь цяпер больш, чым у 2009 годзе, пагаджаецца з палажэннямі сацыяльнага кантракту. І ў моладзі няма патэнцыялу да сацыяльнага пратэсту, бо гэтыя людзі пагаджаюцца з прыцясненнем сваіх правоў і не патрабуюць многа ад дзяржавы. Паводле апытання, моладзь становіцца менш ліберальнай, значыць СМІ, навучальныя ўстановы паспяхова ўплываюць на светапогляд людзей”, — адзначыла адна з аўтараў даследавання Алена Арцёменка.
Напрыклад, можна мець свой бізнэс, не залежаць ад дзяржавы ў заробку, будаваць жыллё за дзяржаўны крэдыт, карыстацца бясплатнай медыцынай і, пры гэтым, лаяць ўладу ў інтэрнэце.