Наталля Херше: «Я не шкадую ні адной секунды, ні адной хвіліны, ні аднаго дня»

Былая палітзняволеная расказала пра ўмовы ў калоніі.

Былая палітзняволеная Наталля Хершэ

Былая палітзняволеная Наталля Хершэ


Былая палітзняволеная Наталля Хершэ, якую 18 лютага вызвалілі з-пад варты і экстрана вывезлі з Беларусі ў Швейцарыю, расказала падрабязнасці свайго вызвалення і ўтрымання ў няволі.
— Адначасова з сігналам да пад'ёму ў мае дзверы вельмі гучна пагрукалі, далі загад ўставаць, чаго звычайна не было, таму што я ніколі не парушала правілы і ўставала практычна адразу пасля сігналу. Далі 5 хвілін на сняданак і 5 хвілін на зборы — гэты факт і падказаў мне, што, хутчэй за ўсё, сёння мяне вызваляць, — расказвае Наталля. Яе прывезлі ў аэрапорт проста ў турэмнай робе.
Навіна пра вызваленне палітзняволенай выклікала шквал эмоцый беларусаў, і калі адны казалі, што прыезд пасла Швейцарыі і ўручэнне копій даверчых грамат — саступка нелегітымнаму кіраўніку, каб выратаваць грамадзянку сваёй краіны, то іншыя адзначалі: «Хай у Беларусь прыедуць яшчэ 1000+ паслоў з цэлымі вагонамі грамат, калі гэта дапаможа вызваліць усіх».
Сама Наталля прызналася, што для яе ўмовы, дзякуючы якім адбылося вызваленне, былі важнымі:
— Калі б амбасадар уручыў арыгінальныя граматы дыктатару і пасля гэтага я была б вызваленая, для мяне гэта, вядома, было б сумнай весткай, і свабода не так радавала б, як цяпер. На шчасце, гэта было па-іншаму. Па прыбыцці ў Швейцарыю мне патлумачылі задумку: што ўручаны былі толькі копіі грамат спадару Макею і Швейцарыя прызнае не дыктатара, а дзяржаву — Беларусь.
Экс-палітзняволеная распавяла, што ў калоніі даволі шмат часу гутарыла з Вольгай Класкоўскай:
— Мы былі з ёй на адной хвалі: разам пратэставалі і не шылі форму, разам сядзелі ў ШІЗА, разам былі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу, куды асуджаных пераводзяць у парадку спагнання за злосныя парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. — Заўв. рэд.). І, калі мяне ўжо забіралі, я перадавала ёй прывітанне і словы падзякі за падтрымку, таму што ў апошні раз яна адмовілася ад пашыву форменнай вопраткі менавіта таму, што я гэтага не зрабіла, і ў знак салідарнасці пайшла са мной разам у ПКТ.
Паводле слоў Наталлі Херше, калонію № 4 у Гомелі яна ўспамінае нават з гумарам, таму што атрымалася «злёгку павесяліцца» з адміністрацыі.
Таксама грамадзянка Швейцарыі распавяла трохі пра ўмовы ўтрымання, пра навіны «з тэлевізара» і пра тое, чым ёй запомнілася 8 сакавіка ў няволі.
— Нас этапавалі 3 сакавіка, было даволі шмат людзей, чалавек 16-18, і ва ўсіх было прадчуванне свята, надзеі на нейкую выдатную падзею... На жаль, нічога не адбылося, адзінае, чым запомніўся гэты дзень — у абедным меню была грачаная каша з мясам, выдатная на смак, і ўсе былі вельмі задаволеныя.
Што тычыцца супрацоўнікаў калоніі — нават у гэтых умовах, кажа Наталля, ёсць тыя, хто застаецца людзьмі (напрыклад, ноччу размаўляе шэптам, улічваючы, што зняволеныя спяць), хоць ёсць і аматары ўскладніць жыццё асуджаным.
— З поштай у ВК-4 была вялікая напруга, у лістах я была абмежаваная. На тыдзень прыходзіла максімум два, і то ў большасці выпадкаў, ад маіх сваякоў, — успамінае Наталля Херше. — Гэта ў тым ліку стала прычынай галадоўкі, якую я трымала 10 дзён, хоць і разумела, што шанцаў няма і не збіралася наносіць шкоду свайму здароўю. Прыйшлося зноў пачаць есці — без дасягнутых вынікаў…
Вядома, у ШІЗА і ПКТ няма тэлевізараў, толькі радыё. Калі чалавек ходзіць працаваць на фабрыку і знаходзіцца ў атрадзе, там ужо ёсць тэлевізары, дзе можна паглядзець беларускія навіны, вядома, асветленыя толькі з боку рэжыму.
Нагадаем, у снежні 2020 года грамадзянку Швейцарыі прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі строгага рэжыму за балаклаву, сарваную з амапаўца падчас пратэстаў у Мінску. Прычым сама жанчына распавяла, што толькі злёгку сцягнула балаклаву, але не паспела сарваць, пра што шкадуе, а нібыта нанесеная сілавіку драпіна была «бяздарна намаляваная чырвонай фарбай». Доказам жа нанесеных пашкоджанняў паслужылі няякасныя здымкі са смартфона.
Журналісты спыталі, што сёння Наталля хацела б сказаць «пацярпеламу» сілавіку і суддзі, які вынес ёй прысуд.
— Я сказала адразу, але не ведаю, ці пачуў ён — ён адразу выбег з залы суда... Я сказала яму і суддзі: «Жадаю, каб гэтая хлусня, якую вы агучылі і правялі ў жыццё, не засталася чорнай плямай на вашым сумленні на ўсё жыццё».
...Я не шкадую ні адной секунды, ні адной хвіліны, ні аднаго дня, праведзенага там. Я ведаю, чаму і для чаго гэта было, я зрабіла шмат высноў, змянілася і вырасла духоўна за гэты час. І я ўспрымаю гэта як выдатны жыццёвы вопыт, які, безумоўна, дасць вынікі ў будучай жыцця.
Рана ці позна, падкрэсліла Наталля Херше, яна абавязкова прыедзе ў Беларусь:
— Праз тры месяцы ці паўгода, але я ўпэўненая, гэта будзе цікавая паездка.
Паводле «Салідарнасці».