Навіны дня. Прызнанне «ЛДНР» і Дзень роднай мовы

Узгадваем галоўныя падзеі ў Беларусі і свеце, што адбыліся 21 лютага, у нашым кароткім дайджэсце.

donetsk_2.jpg


Сёння, 21 лютага, свет адзначае Дзень роднай мовы. Адмыслова да сята палітвязень Павел Севярынец прапанаваў беларусам флэшмоб — расказаць пра тое, як хто прыйшоў да роднай мовы, а сэрвіс «Яндэкс.Музыка» выклаў у доступ беларускія аўдыёкнігі, сярод якіх, напрыклад, «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага.
Камітэт дзяржкантролю заявіў пра перахоп крыптаабменніка, праз які «фінансавалі пратэсты». Навіну тут жа абверг вядомы грамадскі дзеяч Андрэй Стрыжак, які заявіў, што фонды падтрымкі рэпрэсаваных не выкарыстоўваюць крыптаабменнікі.
+7 новых палітвязняў у самым доўгім спісе рэпрэсій сучаснай Беларусі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усе яны асуджаныя па сумна вядомым арт. 342. 
Да 15 сутак зняволення прысуджаная выкладчыца журфака БДУ Ганна Курэйчык. Яе абвінавацілі ў «непадапарадкаванні супрацоўнікам міліцыі». 
У Расіі прайшло пасяджэнне Савета бяспекі, пасля якога Уладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой афіцыйна прызнаў самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР». У гэты ж час праходзіць пасяджэнне Рады бяспекі Украіны, а кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў рыхтуюць санкцыі ў дачыненні да Расіі і да Беларусі — калі напад на Украіну адбудзецца з нашай тэрыторыі.