Навоша: Калі б не пратэсты 2020 года, беларуская армія ваявала б ва Украіне

Якія перспектывы ў Беларусі? Медыяменеджар Дзмітрый Навоша бачыць досыць змрочную карціну: перад Беларуссю зноў востра стаіць пагроза страты незалежнасці.  

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

Медыяменеджар Дзмітрый Навоша— пра тое, што не разумелі беларусы падчас пратэстаў 2020 года, і  наступствы тых падзей.

— У гэтым 2022 годзе беларусы, вядома, зразумелі, чаму Пуцін так відавочна падтрымаў Лукашэнку (падчас пратэстаў у 2020-м), чаму групы байцоў Расгвардыі былі накіраваны да беларускай мяжы на выпадак, калі беларускія сілавікі не справяцца са здушэннем пратэстаў.

Зразумела, што ў Пуціна ўжо быў план вайны з Украінай і што ў гэтай вайне Беларусі адводзілася даволі вялікая роля: гэты плацдарм быў патрэбен Пуціну.

Ён не аддаў бы яго ніякім чынам, — заявіў Навоша ў інтэрв'ю «The Insider».

Медыяменеджар развіў думку:

— З гэтага пункту гледжання пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе былі асуджанымі на паражэнне з самага пачатку. Але гэта ніколькі не прыніжае іх важнасці. Напрыклад, калі б не тыя падзеі, то беларуская армія, вядома ж, непасрэдна ўдзельнічала б у вайне супраць Украіны.

На думку Навошы, цяпер беларускі рэжым вымушаны думаць перш за ўсё пра сваё выжыванне, а не вайсковую агрэсію ў дачыненні да суседзяў.

— Лукашэнка баіцца: ён разумее, што сядзіць на штыках і што трэба мець гэтыя штыкі пад кантролем, побач з сабой, — сказаў медыяменеджар, тлумачачы, чаму кіраўнік Беларусі не хоча адпраўляць войскі ва Украіну.

Навоша лічыць, што перад Беларуссю зноў стаіць пагроза страты незалежнасці, бо ў выпадку паражэння ва Украіне расійскім уладам трэба будзе прад'явіць нейкую перамогу свайму грамадству, а ў цяперашняй сітуацыі наша краіна можа стаць «лёгкай ахвярай».

Пры гэтым, на думку Навошы, дзякуючы ў тым ліку пратэстам 2020 года беларускае грамадства адчула сваю сілу і ідэнтычнасць, таму пазбаўленне краіны незалежнасці можа быць толькі часовай з'явай.

Паводле gazetaby.com