Навошта нам паўмільёна камер?

Што вымушае мяне зноў і зноў натапырвацца, калі я чытаю навіны з Беларусі, дык гэта бюджэтаванне.

cctv.jpg

На маю думку, у прыярытэце размеркавання грошай, якія збіраюцца з нашых з вамі падаткаў, а потым аддаюцца дзяржаве для нашай з вамі бяспекі, здароўя і дабрабыту, ёсць сюррэалістычных памераў хіба. 
Быццам праграму, якая складае пералік сфераў, падлеглых першапачатковаму фінансаванню, пажор вірус. І цяпер яна раскідвае грошы рандомна.
Калі я пабачыў, што яны збіраюцца ўсталяваць на стадыёне “Дынама” сістэму відэаназірання коштам $4,5 мільёны, мая думка была толькі пра адно: халера, новы апарат МРТ каштуе ў дзесяць разоў менш. На грошы, якія нехта збірацца выдаткаваць, каб падглядаць, як мы з вамі глядзім футбол, можна было набыць дзесяць апаратаў МРТ і раскідаць іх па шпіталях у сталіцы. Калі вы думаеце, што апараты МРТ — штука менш карысная, чым сістэма відэаназірання на стадыёне, дык проста пачакайце, калі які-небудзь ваш родны будзе мець патрэбу ў тым МРТ. Вы адразу даведаецеся шмат цікавага пра беларускую медыцыну. Прычым як пра бясплатную, так і пра платную.
Але навіна пра абсталяванне стадыёна “Дынама” была толькі пачаткам. Пра 500 тысяч камер, якія неўзабаве з’явяцца на вуліцах, каб кантраляваць нашы перасоўванні, нашы кантакты, тое, як мы кіруем машынамі і нават як мы “бязмэтна бадзяемся ў адным квадраце”, вы, напэўна ж, ужо чыталі. Палова мільёна камер на краіну, у якой жыве 10 мільёнаў. Па адной камеры назірання на дваццаць чалавек. Колькі апаратаў МРТ можна было б набыць за гэтыя грошы, я нават не пытаюся. Многа, бо тыя камеры змогуць яшчэ і “ідэнтыфікаваць любога”, то бок пад гэтую гульку спатрэбіцца яшчэ і софт. І гэта ў дадатак да тых соцень тысяч “вочак”, якія ўжо панатырканыя ля кожнага пад’езда.
Учора я мяняў грошы ў мінскім абменніку. У ім быў састарэлы прынтар, які стракатаў, бы цвыркун, але над дзяўчынай-касіркай вісела ажно дзве камеры. Дзве, разумееце?! Адна кантралявала яе дзеянні, другая — мае. І яшчэ быў дыктафон, які запіша ўсю нашу камунікацыю “ў мэтах маёй бяспекі”, пра што паслужліва папярэджвала асобная шыльдачка.
Вам не падаецца, што гэта ўсё неяк ужо крыху хваравіта? Вы ніколі не адчувалі сябе героямі рэаліці-шоў, якое ствараюць пра вас усе гэтыя камеры, прычым ствараюць немаведама для каго (і гэта якраз самае трывожнае)? Вы калі-небудзь лічылі колькасць камер, што расстаўленыя на вашай дарозе з працы дадому? У найбліжэйшым да вас пераходзе метро? Уздыміце галаву, калі праходзіце, напрыклад, пад плошчай Перамогі. Уздыміце галаву і проста падлічыце.
У мінулую вясну ў цэнтры Цюрыха забілі чалавека. Я даведаўся пра гэта таму, што паліцыя на дзесяць хвілін спыніла рух трамваяў па цэнтры. Я выйшаў і спытаўся ў паліцэйскага: навошта спыняць рух? Той патлумачыў: чатыры вуліцы ачэпленыя, мы вядзём пошук злачынцы. Я здзівіўся: нашто ж прачэсваць завулкі? Можна ж проста зняць відэастрымінг з камер назірання. Але паліцэйскі мяне агаломшыў: у Цюрыху няма відэаназірання за межамі прыватных памяшканняў. У памяшканнях прыватныя асобы могуць запісваць што заўгодна, на вуліцы — не. Ні яны, ні дзяржава. Бо гэта ўмяшанне ў прыватнае быццё грамадзян. Відэаназірання з “вочкамі” на кожным рагу няма ў Вене. Больш за тое, у Вене ўсталяванне відэарэгістратара на машыну забаронена законам. Каб ні адзін сабака не запісаў выпадкова вашы асабістыя справы ў горадзе.
Дарэчы, забойцу знайшлі ўжо ўвечары. Прыкладна ў той жа час у Беларусі праз Тут.бай, усёй краінай, пачалі шукаць чалавека, які панёс з абменніка грошы, не пералічыўшы іх: аказваецца, у Беларусі, калі табе далі болей, чым трэба, кэшу — гэта можа скончыцца крымінальнай справай (не для касіркі, што памылілася, а для кліента, які мусіць дбаць). І ў гэтым камедыйным сюррэальным пошуку скарыстоўваўся якраз партрэт, зроблены без згоды ахвяры і растыражаваны на ўсю краіну.
Вы, напэўна ж, чулі пра рэгламент 2016/679 (“Аб абароне фізічных асоб у дачыненні апрацоўкі персанальных дадзеных”). Згодна з ім ніводны чалавек з 25 траўня гэтага года не мае права сфатаграфаваць вас на вуліцы і выкласці гэта ў свой акаўнт у Інстаграме ці ФБ без вашай папяровай згоды. Прафесіяналы б’юць у званы, бо загінуць могуць цэлыя кірункі ў гарадской партрэтнай фатаграфіі. Я ж, перакрочваючы мяжу з Еўрасаюзам, адчуваю вельмі цікавае пачуццё.
Я адчуваю сябе апранутым. Зразумела, што ўсе тыя сотні тысяч камер, што ўжо стаяць, і тыя паўмільёна, што яшчэ з’явяцца, служаць зусім не ахове парадку. Калі б гэтае татальнае назіранне магло нешта прадухіліць, злачыннасць у нас была б нулявой, а па праспектах не лёталі б, плюючы на грамадскі спакой і адміністрацыйны кодэкс, матацыклісты-равуны. Благое ўсё ж здараецца і — як у выпадку з “усенародным” пошукам “абшуканага” ў банку кліента: тыя, хто мае доступ да запісаў з камер, зусім не заўсёды здольныя раскрыць выпадак праз сачэнне. Значыць, сачэнне скіраванае на нешта іншае. Я б сказаў, яно — частка палітычнага клімату. 500 тысяч камер і ніводнай — на выбарчым участку, насупраць урны для галасавання, з магчымасцю падлучыцца любому ахвочаму.
Улада — у таго, хто назірае. Сачэнне мае сэнс толькі тады, калі грамадства выразна падзеленае на сузіральнікаў і сузіральных. Калі раптам выбудаваную сістэму з 500 тысяч камер нехта хакне і ўсе карыстальнікі мабільных тэлефонаў атрымаюць магчымасць бесперашкодна падлучацца да яе, гэты глабальны вычвар адразу страціць усялякі сэнс. Любы, хто чытаў “Надзіраць і караць” Мішэля Фуко, у гэтым месцы мусіць дакладна зразумець, чаму мы пад увагай. Хто менавіта на нас вытарэшчваецца. І як завуцца тыя, на каго скіраваныя незлічоныя камеры.
І ў мяне застаецца толькі адно пытанне: скажыце, за што дакладна нас усіх, такіх складаных, ганарлівых, самаўпэўненых, пакаралі пазбаўленнем асабістай прасторы і privacy? І калі мы гэтае пакаранне нарэшце адбудзем? Так, каб камеры ў грамадскіх месцах выключыліся, а на выбарчых участках уключыліся?

budzma.by/news/viktar-marcinovich-navoshta-nam-pawmilyona-kamyer.html