Навукоўцы папярэджваюць аб радыяцыйных рызыках воднага шляху Е40 для мільёнаў людзей

Напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС апублікавана навуковае даследаванне "Спадчына Чарнобыля і транс'еўрапейскі водны шлях Е40», над якім працавала незалежная каманда экспертаў сумесна з прадстаўнікамі беларускіх грамадскіх арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і «Багна».

Прыпяць у ваколіцах Турава. Фота Даніэля Розенгрена, ФЗО

Прыпяць у ваколіцах Турава. Фота Даніэля Розенгрена, ФЗО

Водны шлях Е40 — план будаўніцтва суднаходнай трасы даўжынёй звыш 2000 км, якую хочуць пракласці па Вісле, Прыпяці і Дняпры для таго, каб злучыць Балтыйскае і Чорнае моры для суднаў. План праекта прадугледжвае будаўніцтва абводнага канала ў Польшчы, 6-7 плацін і шлюзаў на Прыпяці, паглыбляльныя работы па ўсім маршруце, каб па гэтых рэках маглі хадзіць шматтанажныя судны класа «рака-мора». Ініцыятарамі будаўніцтва Е40 выступіла кааліцыя арганізацый з трох краін на чале з РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях».
«Е40 ператворыць Віслу, Прыпяць і Днепр у суднаходны канал, які праходзіць па мностве асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, і адбярэ ў многіх рэдкіх відаў апошні прыстанак, — тлумачыць Сяргей Зуёнак, эксперт АПБ. — Але ёсць і яшчэ адна небяспека: водны шлях пройдзе за 2,5 кіламетраў ад чарнобыльскіх ядзерных рэактараў, праз раёны, якія ў выніку выбуху на ЧАЭС сталі аднымі з самых забруджаных на Зямлі. На Прыпяці і Дняпры збіраюцца паглыбіць дно, бо Е40 прадугледжвае пропуск суднаў грузападымальнасцю 1000-1500 тон з габарытамі да 80-85 метраў у даўжыню і 9,5 метраў у шырыню, з асадкай 2,5 метра».

Прыпяць у раёне Турава-фота Даніэля Розенгрэна, ФЗА

Прыпяць у раёне Турава-фота Даніэля Розенгрэна, ФЗА

Каб высветліць, як будаўніцтва Е40 можа паўплываць на радыяцыйную сітуацыю ў рэгіёне, Лабараторыя па кантролі за радыеактыўнасцю Францыі (Association pour le Contrôle de la Radioactivité dans l’Ouest, ACRO) правяла незалежнае экспертнае даследаванне на замову Франкфурцкага заалагічнага таварыства.
 «Вадазборны басейн Дняпра цалкам забруджаны праз аварыю на ЧАЭС, а Прыпяць перасякае зону адчужэння і праходзіць непасрэдна побач з атамнай станцыяй. Праз больш як 30 гадоў узровень рэшткавага радыеактыўнага забруджвання ўсё яшчэ настолькі высокі, што забараняе жыць у пашыранай зоне адчужэння і праводзіць там якія-небудзь працы: цяпер на гэтай тэрыторыі пераважаюць цэзій-137, стронцый-90 і розныя прадукты распаду высокатаксічнага плутонію (амерыцый-241). Наша экалагічная кааліцыя настойвае на тым, што стварэнне і тэхнічнае абслугоўванне Е40, у прыватнасці працы па паглыбленні дна і будаўніцтва інфраструктуры, патрабуюць абавязковага правядзення экалагічных і радыялагічных даследаванняў, абгрунтавання праекта і ўдзелу зацікаўленых бакоў і шырокай грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў да іх рэалізацыі», — каментуе нацыянальны каардынатар кампаніі «Стоп Е40» Вольга Каскевіч.
Працы па паглыбленні дна і інфраструктурныя работы ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, на думку навукоўцаў:    • уздымуць са дна Кіеўскага вадасховішча забруджаныя радыёнуклідамі дновыя адклады, якія Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі рэкамендуе не чапаць;    • падставяць будаўнікоў пад небяспечныя ўзроўні радыяцыі;     • падставяць мільёны людзей ніжэй па цячэнні пад падвышаную рызыку праз забруджаную радыенуклідамі ваду.
Дэвід Бойлі, адзін з аўтараў даследавання, фізік-ядзершчык і старшыня ACRO, кажа наконт планаў стварэння E40: «Прымаючы пад увагу вынікі нашага аналізу радыеактыўнасці, будаўніцтва воднага шляху E40 праз чарнобыльскую зону адчужэння не ўяўляецца магчымым».
Брашура даследавання даступная на сайтах АПБ і Багны.


Як праводзілі даследаванне?

Спачатку для гэтай працы былі сабраны максімальна поўныя агульнадаступныя дадзеныя па забруджванні беларускіх тэрыторый радыеактыўнымі ізатопамі, у першую чаргу цэзіем-137 і стронцыем-90, а таксама звесткі аб далейшых міграцыях гэтых элементаў у вадзе і глебе.
Асноўнымі крыніцамі інфармацыі былі:    • Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь,     • Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь,     • Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік,    • ДУ «Белгідрамет».
ACRO, якая праводзіла апрацоўку сабраных матэрыялаў і іх аналіз, дадаткова замовіла аналагічныя дадзеныя ва Украіне.
У выніку гэтай працы з'явіўся дакумент з дэталёвым разглядам узроўняў радыяцыйнага забруджвання і міграцыі ізатопаў уздоўж патэнцыйнага шляху Е40 на бягучы момант і аналіз усіх магчымых варыянтаў распаўсюджвання радыеактыўных элементаў, якія будуць вызвалены з глебы і глею падчас маштабных будаўнічых работ.
У даследаванні разглядаюцца варыянты ўздзеяння гэтых элементаў на людзей (жыхароў прылеглых тэрыторый і будаўнікоў Е40) і навакольнае асяроддзе, шляхі траплення ізатопаў у арганізм (у першую чаргу з вадой і ежай), дозы апраменьвання, якія могуць атрымаць розныя катэгорыі насельніцтва ў выніку будаўніцтва Е40. Для параўнальнага аналізу доз выкарыстоўваліся памеры максімальна дапушчальных доз паводле дадзеных МАГАТЭ. Дарэчы, прытрымлівацца рэкамендацый па неперавышэнні гэтых нормаў — міжнародны доўг нашай краіны.
Значная ўвага ў дакуменце надаецца неабходнасці шырокага апублікавання дадзеных па ўтрыманні ізатопаў у вадзе, глебе, прадуктах харчавання і г. д. У дадатках да даследавання прыводзяцца падрабязныя карты забруджвання рознымі ізатопамі тэрыторый Беларусі і Украіны.

Прыпяць ва ўкраінскай часткі Палесся. Фота Даніэля Розенгрена, ФЗО

Прыпяць ва ўкраінскай часткі Палесся. Фота Даніэля Розенгрена, ФЗО

Чым яшчэ пагражае будаўніцтва Е40?

Водны шлях E40 не толькі паставіць пад пагрозу здароўе людзей, але і пашкодзіць сэрца Палесся, найбуйнейшай прыроднай тэрыторыі Еўропы, якую называюць еўрапейскай Амазоніяй. Звілістыя палескія рэкі, у тым ліку беларускі ўчастак Прыпяці даўжынёй 500 кіламетраў і яе найбольш натуральная частка ў ніжнім цячэнні па Беларусі, з вялізнымі поймамі і водна-балотнымі ўгоддзямі — складовыя часткі аднаго з самых багатых у Еўропе рэгіёнаў і па біяразнастайнасці, і па культуры. Тут жыве вялікая колькасць дзікіх жывёл, буйных сысуноў, такіх як зубр, мядзведзь, рысь, і рэдкія птушкі, напрыклад, вяртлявая чаротаўка і вялікі арлец, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Кожны год мільёны пералётных птушак спыняюцца ў Палессі, каб адпачыць і набрацца сіл.
Паводле прэс-рэліза