З зоны радыяактыўнага забруджвання ў Беларусі плануюць выключыць 166 населеных пунктаў

У праект абноўленага пераліку населеных пунктаў і іншых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджвання, плануюць унесці 2027 населеных пунктаў і 51 абʼект, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

60cca040_1784_495b_a826_6a0c6a76a2f0_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 22 красавіка прадстаўніца Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Юлія Байкова.
«У параўнанні з дзейным пералікам, які зацверджаны ў 2016 годзе, колькасць населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджвання, паменшыцца на 166, а колькасць абʼектаў — на адну адзінку», — сказала Байкова.
Калі рэдакцыю пераліку, якую рыхтуюць цяпер, зацвердзяць, колькасць населеных пунктаў у зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем зменшыцца на 75 (з 1827 да 1752), у зоне з правам на адсяленне — на 83 (з 353 да 270), у зоне наступнага адсялення — на 8 (з 13 да 5). Акрамя гэтага, 91 населенаму пункту аслабяць катэгорыю ў зоне радыяактыўнага забруджвання.
Такі перагляд праводзіцца раз на 5 гадоў на падставе абследавання ўзроўню радыяактыўнага забруджвання глебы радыянуклідамі цэзію-137, стронцыю-90 і плутонію-238, плутонію-239 і плутонію-240; таксама ўлічваюцца сярэднія гадавыя эфектыўныя дозы апраменьвання, атрыманыя жыхарамі розных населеных пунктаў Беларусі.
svaboda.org