Не атрымаў пастанову – не можаш абскарджваць
83-гадовы актывіст Ян Грыб не змог абскардзіць рашэнні суда, бо той не даслаў яму пастановы.
Яшчэ 15 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска прайшло два судовых паседжання, на якіх Ян Грыб быў прыцягнуты да адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі 20 і 21 снежня. Агулам яго аштрафавалі на 60 базавых велічынь (1620 рублёў).
Пасля суда Ян Грыб так і не дачакаўся пастановаў — і ў выніку прапусціў усе тэрміны абскарджвання. Як так атрымалася?
Адразу пасля судовага паседжання Ян Грыб зайшоў у канцылярыю з пытаннем аб атрыманні пастановы. Сакратаркі, якія там сядзелі, пачалі тлумачыць іншае: што дакументы пойдуць у Саўбес, дзе будзе прымацца рашэнне аб тым, як штраф будзе ўтрымлівацца з пенсіі Яна Грыба, а пастанову дашлюць пазней па пошце.
Пенсіянер паведаміў, што увесь час чакаў паштарку, у выніку не вытрымаў і зноў паехаў у судовую канцылярыю.
“Дакульгаў я да канцылярыі, там сядзяць чыноўніцы тры штукі: адна гаворыць адное, другая – іншае, а трэцяя маўчыць”, — распавёў Ян Грыб.
Ніякай зразумелай інфармацыі наконт пастановаў Ян Грыб не дачакаўся, таму 28 студзеня напісаў заказным лістом суду пра тое, што не атрымаў іх і папрасіў “лічыць дзень рашэння з моманту атрымання дакумента на рукі”.
Нарэшце, 31 студзеня суд Кастрычніцкага раёна даслаў Грыбу пастановы, а разам з імі і ліст, згодна з якім пастановы ад 15 студзеня 2020 г. уступілі ў законную сілу яшчэ 28 студзеня 2020 г. А гэта значыць, што ўсе тэрміны абскарджвання прайшлі.
Сітуацыю пракаментаваў юрыст грамадскай прыёмнай “Вясны” Аляксей Лойка:
“Тое, што Ян Грыб не змог атрымаць своечасова пастановы аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці і адпаведна абскардзіць іх ў дзесяцідзённы тэрмін, з'яўляецца парушэннем яго права на абскарджанне судовых рашэнняў, якое замацавана ў працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях”.
Юрыст растлумачыў, што згодна з ПВКаАП пастанова па справе аб адміністрацыйнам правапарушэнні агалошваецца судом па завяршэнні разгляду справы. Але, калі чалавек не згодны з прысудам, яму патрэбна мець копію пастановы на руках, бо там утрымліваюцца ўсе юрыдычныя фармулёўкі па яго справе. І азнаёміўшыся з імі, чалавек можа даць ацэнку і пабудаваць сваё абскарджванне. Тое, што Яну Грыбу не даслалі пастанову, пазбавіла яго права на абскарджванне. А тое, што ні падчас судовага пасяджэння, ні ў канцылярыі яму не растлумачылі, якім чынам ён можа атрымаць пастанову, можна лічыць перашкодай у яго праве на абарону.
Падобная сітуацыя адбылася і з Пятрам Садоўскім. Яшчэ падчас свайго суда за ўдзел у акцыі за незалежнасць былы дэпутат растлумачыў, што вельмі добра ведае адміністрацыйны кодэкс. Таму пасля пасяджэння ён адразу напісаў хадайніцтва з просьбай прадаставіць пастанову па яго справе. Калі выходзіў дзесяцідзённы тэрмін абскарджвання, ён, не дачакаўшыся пастановы, патэлефанаваў у канцылярыю. Але яму адказалі: “Прыязжайце і пішыце новую заяву на атрыманне пастановы”. Натуральна, тэрміны абскарджвання таксама ўжо прайшлі.
“Сыходзячы з гэтых двух сітуацый, мы можам назіраць пэўную сістэмнасць ў парушэнні магчымасці людзей абараняць сябе”, — адзначыў Аляксей Лойка.
Зараз з дапамогай “Вясны” Ян Грыб напісаў скаргу на імя старшыні суда Кастрычніцкага раёна С. Макарэвіча на дзеянні супрацоўнікаў суда, па віне якіх не атрымаў пастанову своечасова. Таксама ў ёй актывіст папрасіў адмяніць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г.Мінска аб уступленні пастановаў ад 15 студзеня 2020 г. у сілу 28 студзеня 2020 г.